Падраздзяленні Міністэрства надзвычайных сітуацыяў Беларусі другі дзень ліквідуюць лясны пажар паблізу вёскі Тоўцішкі Воранаўскага раёну на Гарадзеншчыне. Дэталі пажару распавялі ў МНС і мясцовых медыях.
Паводле МНС, 30 красавіка агнём было ахоплена каля 60 гектараў. На месцы загарання былі пасланыя шэсць адзінак тэхнікі міністэрства і 23 ратавальнікі, а таксама пяць адзінак тэхнікі Лідскага лясгасу. Для тушэння пажару прыцягнулі авіяцыю МНС.
,,«Ліквідацыя пажару абцяжараная адсутнасцю пад'язных шляхоў, парывамі ветру і блізкім заляганнем торфу», – паведамілі ў ведамстве.
1 траўня ў МНС заявілі, што лясны пажар у Воранаўскім раёне ліквідаваны. Аднак пры аблёце лесу былі выяўленыя асобныя дробныя асяродкі гарэння. Як заяўляецца, пагрозы паселішчам няма. На месцы працягваюць працаваць ратавальнікі і авіяцыя МНС.
Для тушэння быў прыцягнуты другі гелікоптар МНС Мі-26.
«Воранаўская газета» піша, што, «найбольш імаверна, некантраляванае паленне травы на адным з найбліжэйшых хутароў сталася прычынай вогненнага надзвычайнага здарэння».

«Пятнаццаць гадоў жыву ў вёсцы, але першы раз бачу такі вялікі пажар. Як убачыла дым, спалохалася, набрала 101, пажарнікі адказалі, што працуюць на месцы», – расказала выданню жыхарка вёскі Каргаўды Вераніка Вайткун.
Дзмітрый Лакіза, начальнік Гарадзенскага абласнога ўпраўлення МНС, заявіў, што дзякуючы моцным парывам ветру разгараюцца старыя агнішчы.
Якуб Хруст belsat.eu