Еўрапейскі Звяз заклікае ўлады Беларусі вызваліць Вікторыю Кульшу і іншых палітвязняў у Беларусі. Заяву апублікавала ў «X» прэс-сакратарка ў пытаннях замежных справаў і палітыкі бяспекі Еўразвязу Аніта Гіпэр.
«ЕЗ заклікае беларускія ўлады вызваліць палітычную зняволеную Вікторыю Кульшу, тэрмін зняволення якой неаднаразова адвольна падаўжаўся з 2020 года. У калоніі ейнае здароўе значна пагоршылася. Усе палітычныя зняволеныя мусяць быць вызваленыя», – паведаміла яна.
Вікторыю Кульшу затрымалі 4 лістапада 2020 года за адміністраванне тэлеграм-чату «Водители 97% Минск». Яе абвінавацілі паводле ч. 1 і 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). У лютым 2021 года Вікторыю засудзілі на два з паловай гады калоніі і скіравалі адбываць тэрмін у жаночую калонію № 4 у Гомлі.
Пазней Кульшу тройчы судзілі паводле ч. 1 арт. 411 КК, агулам прысудзіўшы тры гады пазбаўлення волі. Увесь час зняволення на жанчыну ціснуць. Паводле звестак праваабаронцаў, у Зарэчанскай калоніі № 24 адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю локцем ззаду, а таксама цягаў яе па камеры. Праз галадаванне ў яе двойчы адбыўся сэрцавы прыступ.
На пачатку лютага 2025 года былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк распавяла апошнія навіны пра Кульшу. Паводле яе, жанчыну чарговы раз перавялі ў ПКТ пасля некалькіх тыдняў у ШІЗА:
,,«У Вікторыі Кульшы, напэўна, ужо перасталі працаваць ныркі. Яна трымала галадаванні літаральна месяцамі, адмаўлялася ад вады і ежы. Яна рэзала сабе вены. І з гэтым яе кідалі ў ШІЗА – яна ў ШІЗА рэзала сабе вены. Яна ў ПКТ трымала галадаванні. Адмаўлялася ад дапамогі лекараў».
30 красавіка Шарэнда-Панасюк выступіла з экстранным зваротам да беларусаў і міжнароднай супольнасці. Яна паведаміла, што Кульша распачала шостае галадаванне – гэтым разам бестэрміновае.
Якуб Хруст belsat.eu