Аналітыка

Пайшоў з жыцця Папа Францішак. Неадназначны рэвалюцыянер і рамантык на Папскім пасадзе

Папа Францішак пасля сустрэчы з нацыянальнымі ўладамі і грамадзянскаю супольнасцю ў першы дзень чатырохдзённага візіту ў Люксембург і Бельгію. 26 верасня 2024 года. Фота: Omar Havana / AP Photo / East News
Папа Францішак пасля сустрэчы з нацыянальнымі ўладамі і грамадзянскаю супольнасцю ў першы дзень чатырохдзённага візіту ў Люксембург і Бельгію. 26 верасня 2024 года. Фота: Omar Havana / AP Photo / East News
podpis źródła zdjęcia

Касцёл і Ватыкан засталіся без свайго кіраўніка. Папа Францішак, які з 2013 года займаў пасаду намесніка апостала Пятра, адышоў у іншы свет, паведамілі ў Ватыкане, піша Reuters. Мы ж згадваем, які быў ягоны пантыфікат – даволі неадназначны ў шмат якіх пытаннях.

Першы шмат у чым

Абраны 13 сакавіка 2013 года на Святы пасад Хорхэ Мар’ё Бэргольё шмат у чым быў першы. Першы Папа-аргентынец, першы Папа з Паўднёвай Амерыкі і агулам першы Папа з Новага Свету. А таксама першы пантыфік не з Еўропы пасля 741 года. Апроч таго, гэта быў першы Папа-езуіт і першы, хто абраў сваё троннае імя ў гонар святога Францішка, знакамітага каталіцкага аскета ХІІІ стагоддзя.

Станаўленне будучага Папы Рымскага, народжанага ў 1936 годзе, у якасці святара адбывалася ў адрозных умовах ад таго, чым жыла Еўропа, што праходзіла праз жахі Другой сусветнай вайны і жалезную заслону халоднай. Аддзеленая акіянам, Аргентына жыла сваім жыццём, якое часта суправаджалася пераваротамі і рэвалюцыямі. На погляды ксяндза Бэргольё, відаць, моцна паўплываў правы пераварот 1976 года, вынікам якога сталіся жорсткія рэпрэсіі і ўцягванне ў вайну з Вялікаю Брытаніяй. Ахвярамі вайсковай дыктатуры сталіся да 30 тысяч аргентынцаў. Былі выкрадзеныя і два езуіты, беспасярэдне падначаленыя будучаму Папу (у чым некаторыя вінавацілі і яго самога). Магчыма, тое, што хунту падтрымлівалі ЗША ў сваім супрацьстаянні з пашырэннем левых урадаў, магло спрычыніцца да таго, што будучы Папа Рымскі стаў больш прыязна глядзець на тых, хто супрацьстаіць Вашынгтону. Сам ксёндз Бэргольё ў 2000-м заявіў пра неабходнасць Касцёлу ў Аргентыне пакаяцца за супрацу з вайскоўцамі.

Аргентынскі кардынал Хорхэ Мар’ё Бэргольё, абраны Папам Рымскім, рыхтуецца добраславіць натоўп на гаўбцы базілікі Святога Пятра пасля абрання 266-м Папам Рымска-каталіцкага касцёлу. Ватыкан, Ватыкан. 13 сакавіка 2013 года. Фота: Filippo Monteforte / AFP / East News
Аргентынскі кардынал Хорхэ Мар’ё Бэргольё, абраны Папам Рымскім, рыхтуецца добраславіць натоўп на гаўбцы базілікі Святога Пятра пасля абрання 266-м Папам Рымска-каталіцкага касцёлу. Ватыкан, Ватыкан. 13 сакавіка 2013 года. Фота: Filippo Monteforte / AFP / East News

Пазней, ужо будучы Папам, ён актыўна крытыкаваў правыя рухі і палітыкаў, у тым ліку прэзідэнта ЗША Доналда Трампа яшчэ падчас ягонай першай адміністрацыі. Супрацьстаяў ягонай міграцыйнай палітыцы і ў 2025 годзе. Разам з тым спрыяў наладжванню стасункаў з левымі рэжымамі на Кубе, у Кітаі і, падобна, у Беларусі.

Не складваліся ў яго стасункі і з уладамі роднай краіны. Прэзідэнцкая пара Нэстара і Крыстыны Кіршнэраў, што кіравалі Аргентынай у 2003–2015 і 2019–2023 гадах у якасці віцэ-прэзідэнта, глядзелі на Бэргольё як на палітычнага канкурэнта за ягоныя заклікі да палітычнага дыялогу і крытыку нецярпімасці. А новы прэзідэнт Хавіер Мілей, што прыйшоў да ўлады ў 2023-м, называў Францішка «камуністычным хлусам». Праўда, у выніку бакі ўсё ж адышлі ад крытыкі адзін аднаго.

Папа Францішак (справа) вітае прэзідэнта Аргентыны Хавіера Мілея (злева) ў Ватыкане. 11 лютага 2024 года. Фота: Handout / Vatican Media / AFP / East News
Папа Францішак (справа) вітае прэзідэнта Аргентыны Хавіера Мілея (злева) ў Ватыкане. 11 лютага 2024 года. Фота: Handout / Vatican Media / AFP / East News

Папа-рэфарматар

Пры Францішку былі праведзеныя і ў 2022 годзе замацаваныя фундаментальныя рэформы Рымскай курыі, цэнтральнага органу кіравання Святога пасаду, мэтай якіх былі заяўленыя дэцэнтралізацыя ўлады, павышэнне празрыстасці і пашырэнне ролі свецкіх дзеля галоўнай мэты – евангелізацыі. У 2019-м быў запушчаны сінадальны шлях з мэтаю прыцягнуць як мага больш вернікаў для абмеркавання праблемаў і шляхоў развіцця Касцёлу.

Для змагання з карупцыяй у 2014 годзе быў створаны адмысловы сакратарыят у пытаннях эканомікі, што ўзмацніў кантроль за інвестыцыямі і банкам Ватыкану. Гэта спрычынілася ў тым ліку да закрыцця 5000 рахункаў. Было заяўленае і актыўнае змаганне з выпадкамі педафіліі ў Касцёле. У прыватнасці, стварылі камісію для абароны няпоўнагадовых, якую пазней інтэгравалі ў курыю. Былі ўчыненыя і іншыя змены: ад адкрыцця архіваў Ватыкану для свецкіх судоў да ўвядзення абавязковага патрабавання паведамляць касцельным уладам пра падазрэнні ў злоўжываннях і любых спробах схаваць іх.

Пантыфік змагаўся за ахову навакольнага асяроддзя, заклікаючы свет дзеяць хутка, каб справіцца са змяненнем клімату, ускладаючы найбольшую адказнасць на багатыя краіны. Крытыкаваў неўтаймаваны капіталізм, спажывецтва і празмернае развіццё, выступаў супраць няроўнасці і ў абарону імігрантаў, у тым ліку нелегальных.

Папу Францішка вітае моладзь падчас аўдыенцыі для сярэдніх школаў у зале Паўла VI у Ватыкане. 2 чэрвеня 2017 года. Фота: L' Osservatore Romano / Pool Photo via AP / East News
Папу Францішка вітае моладзь падчас аўдыенцыі для сярэдніх школаў у зале Паўла VI у Ватыкане. 2 чэрвеня 2017 года. Фота: L' Osservatore Romano / Pool Photo via AP / East News

Францішак сцвярджаў, што Касцёл мусіць больш прыхільна ставіцца да чальцоў ЛГБТ-супольнасці. А ў канцы 2023 года агулам зацвердзіў дэкларацыю, якая дазваляе добраслаўляць пары аднаго полу, праўда, без правядзення абраду або імітацыі шлюбу.

Пры Францішку істотна вырасла і роля жанчын у Касцёле ў цэлым і ў Ватыкане ў прыватнасці. Яны былі прызначаныя кіраваць рознымі ўстановамі, у тым ліку ватыканскімі музеямі, Папскай акадэміяй сацыяльных навук, занялі высокія пасады ў губернатарату дзяржавы Ватыкану, розных ведамствах і ў Сінодзе біскупаў. У 2025 годзе жанчына ўпершыню ўзначаліла ватыканскае міністэрства – дыкастэрыю, адказную за манаскае жыццё. Толькі з 2013-га да 2023-га доля жанчын у структурах Рымскай курыі ўзрасла з 19,3% да 26,1%.

Але ў цэлым каталіцкае багаслоўе пры Папу Францішку не зазнала істотных зменаў. Папа надалей выступаў супраць спаронаў і эўтаназіі, не дазваляў жаночага святарства і аднаполых шлюбаў. Хоць даволі часта ягоныя заявы гучалі вельмі неадназначна, што прыводзіла да неразумення і блытаніны.

Нефармальнае двоеўладдзе

Францішак стаўся Папам Рымскім у выключным выпадку – з прычыны сыходу ў адстаўку свайго папярэдніка Бэнэдыкта XVI. Такога не было з 1415 года. Усё гэта спарадзіла пэўны канфлікт і супрацьпастаўленне вернікамі ды клірам двух папаў – аднаго на пенсіі, а другога дзейнага.

Папа Францішак паціскае руку Папу-эмэрыту Бэнэдыкту XVI у кляштары Маці Касцёлу (Mater Ecclesiae) у Ватыкане. 23 снежня 2013 года. Фота: Osservatore Romano / AFP Photo / East News
Папа Францішак паціскае руку Папу-эмэрыту Бэнэдыкту XVI у кляштары Маці Касцёлу (Mater Ecclesiae) у Ватыкане. 23 снежня 2013 года. Фота: Osservatore Romano / AFP Photo / East News

Гэтаму спрыяў і Папа Францішак, гарачы лацінаамерыканскі стыль паводзінаў якога адрозніваў яго ад «нардычнага» папярэдніка-немца. Калі Бэнэдыкт XVI вонкава і публічна прытрымліваўся стылю паводзінаў ранейшых пантыфікаў, то Францішак і тут выступаў у ролі рэвалюцыянера. Ён адмовіўся ад шэрагу традыцыйных папскіх атрыбутаў, «збядняў» свае ўмовы жыцця і падарожжаў.

Адрозніваліся папы і ў сваім стаўленні да сацыяльных пытанняў і палітыкі. Вядомы багаслоў і былы кіраўнік інквізіцыі Папа Бэнэдыкт XVI вызначаўся большым кансерватызмам, спрабаваў наладзіць стасункі з традыцыяналістамі, якія не прызнавалі або аспрэчвалі рашэнні Другога Ватыканскага сабору. Францішак жа, наадварот, праводзіў больш ліберальную і нават «левую» палітыку, што больш адпавядала сучасным трэндам. Не абышлося і без згортвання стасункаў з традыцыяналісцкімі плынямі.

Усё гэта спрычынілася да таго, што больш кансерватыўныя каталікі – не толькі вернікі, але і кардыналы – часта арыентаваліся на Папу на пенсіі, які працягваў жыць у папскай рэзідэнцыі ў Італіі. Не перашкаджала гэтаму і тое, што ўласна Бэнэдыкт XVI амаль нічога не каментаваў. Было пашыранае меркаванне, што само адрачэнне было непраўдзівае, а Францішак – не сапраўдны пантыфік, а антыпапа (Ідэалагічны канфлікт паспрабавалі абгуляць у фільме «Два папы» з Энтані Гопкінзам і Джонатанам Прайсам у галоўных ролях, але ўдаласць экранізацыі выклікае пытанні).

Працягвалася гэта аж да смерці Бэнэдыкта XVI 31 снежня 2022-га, або амаль 10 з 12 гадоў пантыфікату Францішка.

Папа Францішак абдымае хворага падчас штотыднёвай агульнай аўдыенцыі ў зале Паўла VI у Ватыкане, Ватыкан. 13 снежня 2017 года. Фота: Massimiliano Migliorato / CPP / Polaris / East News
Папа Францішак абдымае хворага падчас штотыднёвай агульнай аўдыенцыі ў зале Паўла VI у Ватыкане, Ватыкан. 13 снежня 2017 года. Фота: Massimiliano Migliorato / CPP / Polaris / East News

Папа эпохі войнаў і пандэміі

Пантыфікат Францішак выпаў на даволі няпросты час найноўшай гісторыі Еўропы і свету. Ужо праз год пасля ягонай інтранізацыі Расея анексавала Крым, пачалася вайна на Данбасе. У 2020-м усчалася пандэмія каронавіруса, а яшчэ праз два гады – агрэсія Расеі супраць Украіны. Папу Францішку, які шчыра захапляўся расейскаю культураю, было цяжка зразумець, як народ, які даў свету творы Фёдара Дастаеўскага, разбурае цяпер суседнюю Украіну. Выступаючы супраць вайны, пантыфік наведваў расейскую амбасаду для арганізацыі перамоваў, спрабаваў навяртаць расейцаў да найлепшага ў іхнай культуры, звяртаў увагу і на ахвяры сярод расейскага боку. Але сваім падкрэсленым нейтралітэтам не здолеў працягнуць на свой бок расейцаў і ў той жа час настроіў супраць сябе ўкраінцаў, якія пабачылі здраду ва ўласцівай для яго неадназначнасці і двухсэнсоўнасці.

Тым не менш Папа Францішак працягваў спробу падтрымаць Украіну і ўкраінцаў: шмат параненых украінскіх дзяцей з ягонаю дапамогаю былі вывезеныя для лекавання ў клінікі Італіі, а ва Украіну неаднаразова пасылаліся гуманітарныя місіі на чале з кардыналам Конрадам Краеўскім. Дый улады Украіны неаднаразова дзякавалі Ватыкану за дапамогу з вяртаннем вывезеных у Расею ўкраінскіх дзяцей і звярталіся па дапамогу з абменам ваеннапалонных. Таксама Папам была зарганізаваная міратворчая місія кардынала Матэа Дзупі, які дзеля гэтага наведваў Кіеў, Маскву, Вашынгтон і Пекін, але марна.

Выпала на кіраванне Францішка і беларуская рэвалюцыя, як і «нармалізацыя» Касцёлу ў Беларусі ўладамі краіны. З не да канца зразумелых прычынаў Папа не сустрэўся з арцыбіскупам Менска-Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам, пакуль той быў у Рыме, калі яго не пускалі ў Беларусь. Сам жа беларускі крызіс ён пракаментаваў аднойчы – 16 жніўня 2020 года, заклікаўшы «да дыялогу, спынення гвалту, павагі справядлівасці і права». Нічога з гэтага так і не адбылося, вернікі і святары дасюль сутыкаюцца з рэпрэсіямі і гвалтам, а касцёлы стаяць замкнёныя.

Таксама ў 2018 годзе Папа Францішак дасягнуў спрэчнай дамовы ў пытанні дзейнасці Касцёлу царквы ў Кітаі. З аднаго боку, ён прыняў біскупаў праўладнай Кітайскай каталіцкай патрыятычнай асацыяцыі, адлучаных ад Касцёлу яшчэ ў 1958 годзе, а з другога – пайшоў на саступкі ў пытанні дзейнасці падпольнай царквы. Як пісаў тады біскуп з Гон-Конгу Джозэф Зэн, праз некаторы час арыштаваны ўладамі КНР, «Папа не разумее Кітаю».

Папа Францішак выступае з пасланнем «Гораду і свету» з галоўнага гаўбца сабору Святога Пятра ў Ватыкане. 16 красавіка 2017 года. Фота: L'Osservatore Romano / Pool Photo via AP / East News
Папа Францішак выступае з пасланнем «Гораду і свету» з галоўнага гаўбца сабору Святога Пятра ў Ватыкане. 16 красавіка 2017 года. Фота: L'Osservatore Romano / Pool Photo via AP / East News

Актыўны, але не вельмі ўдалы экуменізм

Пантыфікат Францішка запомніўся спробамі наладзіць стасункі з іншымі хрысціянскімі канфесіямі і нехрысціянскімі рэлігіямі. У 2016 годзе ён «папрасіў прабачэння за тое, як каталікі абыходзіліся з іншымі вернікамі на працягу гадоў, а таксама запрасіў каталікоў памілаваць тых, хто іх пераследаваў». Папа акцэнтаваў увагу на супольным сведчанні розных хрысціянскіх канфесіяў, у тым ліку на падставе сведчання крыві – шанавання пакутнікаў, якія сталіся ахвярамі за сваю веру.

За 12 гадоў ён неаднаразова сутыкаўся з праваслаўнымі патрыярхамі, лідарамі ўсходніх і заходніх хрысціянскіх цэркваў. Наладжваў кантакты з будыстамі, юдэямі, мусульманамі, сікхамі, а таксама спрабаваў знайсці паразуменне і з тымі, хто не верыць. Заклікаў хрысціянаў дамовіцца на адзіную дату святкавання Вялікадня, выказаўшы сёлета гатовасць прыняць любы варыянт – то бок і праваслаўны каляндар.

Тым не менш нельга сказаць, што Папа здолеў дасягнуць істотных прарываў у гэтых стасунках. Гэтак, у 2016 годзе ў аэрапорце Гаваны ён першы сярод рымскіх пантыфікаў сустрэўся з кіраўніком Расейскай праваслаўнай царквы. Але ўжо ў 2022-м, пасля доўгіх апраўданняў тым агрэсіі супраць Украіны, вымушаны быў назваць патрыярха Кірыла «міністрантам» (тым, хто прыслужвае пры алтары) Уладзіміра Пуціна.

Не спрыялі экуменізму і новаўвядзенні Ватыкану. Гэтак, у 2024 годзе Копцкая царква заявіла, што прыпыняе дыялог з каталікамі праз дазвол святарам добраслаўляць аднаполыя пары.

Дый наладжваючы стасункі з іншымі канфесіямі, Францішак часта настройваў супраць сябе больш кансерватыўных і традыцыяналісцкіх каталікоў, у тым ліку істотна абмяжоўваючы лацінамоўныя службы. А выстава ў Ватыкане ў 2019 годзе драўляных фігураў з Амазоніі агулам спрычынілася да абвінавачванняў у прынясенні ідалаў у цэнтр каталіцтва.

Цяпер Касцёл і Ватыкан чакаюць выбары новага Папы. Як гэта будзе праходзіць і хто мае шанцы на перамогу, можна прачытаць у нашым матэрыяле.

Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10