Аналітыка

Хто можа стаць новым Папам Рымскім і як будзе праходзіць галасаванне?

Людзі моляцца ля статуі Яна Паўла ІІ ля больніцы Джэмэллі, дзе шпіталізаваны на лячэнне ад двухбаковай пнеўманіі Папа Францішак. Рым, Італія. 22 лютага 2025 года. Фота: Alberto Pizzoli / AFP / East News
Людзі моляцца ля статуі Яна Паўла ІІ ля больніцы Джэмэллі, дзе шпіталізаваны на лячэнне ад двухбаковай пнеўманіі Папа Францішак. Рым, Італія. 22 лютага 2025 года. Фота: Alberto Pizzoli / AFP / East News
podpis źródła zdjęcia

Стан Папы Рымскага Францішка застаецца крытычным. Неафіцыйна паведамляецца, што ён можа не перажыць моцнага пагаршэння здароўя або адмовіцца ад выканання абавязкаў. У любым з гэтых выпадкаў Ватыкан і Каталіцкую царкву чакаюць выбары новага кіраўніка – падрабязнасці гэтага ў матэрыяле «Белсату».

З 14 лютага Папа Францішак, якому ў снежні споўнілася 88 гадоў, знаходзіцца ў шпіталі Джэмэллі ў Рыме. Туды яго паклалі для лекавання бранхіту і падчас гэтага дыягнаставалі двухбаковую пнеўманію. Раніцай 24 лютага ватыканскія медыі паведамілі пра тое, што папярэдняя ноч прайшла спакойна. Пры гэтым увечары 23 лютага адзначалася, што ягоны стан застаецца крытычным, хоць з раніцы суботы і не было рэспіраторных крызаў.

,,

«Тромбацытапенія [паталагічны стан арганізма, якое характарызуецца памяншэннем колькасці трамбацытаў у крыві ды суправаджаецца падвышанай крывацечнасцю. – рэд. belsat.eu] застаецца стабільнай; аднак некаторыя аналізы крыві паказваюць раннюю лёгкую нырачную недастатковасць, што цяпер знаходзіцца пад кантролем», – гаварылася ў нядзельнай заяве для прэсы.


Стан здароўя пантыфіка ўжо спарадзіў думкі прынамсі пра яго магчымае адрачэнне. Гэта ў прыватнасці дапусціў кардынал Джанфранка Равазі, ганаровы былы прэзідэнт Папскай рады культуры і кіраўнік Папскай камісіі святой археалогіі, перадае «Corriere della Sera». Паводле яго, Папа можа пайсці на гэта, калі ўсвядоміць, што «яго здольнасць да прамога кантакту з людзьмі і магчымасць камунікаваць будзе пад пагрозай».

У выпадку, калі Святы Пасад стане ўсе ж вакантным, хто і як будзе абіраць ягонага наступніка?

Як будуць праходзіць выбары

Ад пачатку выбары Папы Рымскага праходзілі з удзелам святароў і вернікаў, але ў 1059 годзе, каб пазбегнуць уплыву на выбары свецкіх уладаў, было вырашана абмежаваць выбарцаў Калегіяй кардыналаў. Яшчэ праз два стагоддзі было вырашана, што кардыналы-выбарцы павінны быць зачыненыя «cum clave» (ад лацінскага «на ключ»), пакуль яны ў строгай сакрэтнасці не абяруць новага Папу.

Вернікі сочаць за імшой у саборы Святога Пятра з нагоды выбараў новага Папы, якая трансліруецца на гіганцкім экране на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, Ватыкан. 12 сакавіка 2013 года. Фота: Emilio Morenatti / AP Photo / East News
Вернікі сочаць за імшой у саборы Святога Пятра з нагоды выбараў новага Папы, якая трансліруецца на гіганцкім экране на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, Ватыкан. 12 сакавіка 2013 года. Фота: Emilio Morenatti / AP Photo / East News

Цяпер канклавы праводзяцца ў Сікстынскай капэле ў Ватыкане. Перад пачаткам галасавання яна старанна правяраецца на прадмет запісваючых прыладаў. А самім кардыналам падчас канклаву забаронены любы кантакт з навакольным светам, у тым ліку радыё, тэлебачанне, газеты, часопісы і тэлефоны. Адзінае выключэнне – выпадкі, калі спатрэбіцца неадкладная медычная дапамога. Увесь абслугоўваючы персанал таксама прыносіць клятву маўчання. За абнародаванне інфармацыі пра хаду канклаву парушальніку пагражае адлучэнне.

У першы дзень канклаву праходзіць першае галасаванне, якое дазволіць высветліць, якім падтрыманнем карыстаецца кожны з прэтэндэнтаў. Імёны кандыдатаў пішуць на аркушы паперы так, каб ніхто не мог здагадацца, чыё імя ўпісваецца. Асноўнае галасаванне стартуе раніцай наступнага дня. Галасаваць будуць чатыры разы на дзень – два раніцай і два ўвечары, пакуль кардыналы не абяруць новага пантыфіка.

Пасля кожнага другога галасавання бюлетэні з імёнамі кандыдатаў спальваюць, дадаючы адмысловыя хімічныя рэчывы, каб людзі звонку былі ў курсе працэсу: чорны дым значыць, што Папа яшчэ не абраны, белы – у каталікоў з’явіўся новы кіраўнік.

Рымска-каталіцкія кардыналы сабраліся ў Сікстынскую капэлу на канклаў па абранні новага папы. Ватыкан, Ватыкан. 12 сакавіка 2013 года. Фота: Abaca Press / East News
Рымска-каталіцкія кардыналы сабраліся ў Сікстынскую капэлу на канклаў па абранні новага папы. Ватыкан, Ватыкан. 12 сакавіка 2013 года. Фота: Abaca Press / East News

Сама працэдура правядзення выбараў Папы была добра паказаная ў брытана-амерыканскім фільме «Канклаў», што пабачыў свет у другой палове 2024 года.

Мінулыя выбары пантыфіка адбыліся ў сакавіку 2013 года, пасля адрачэння ад пасаду папярэдняга Папы Рымскага Бэнэдыкта XVI. Тады кардыналы-выбарцы сабраліся 12 сакавіка, а ўвечары наступнага дня ўжо абвясцілі вынікі. Але раней выбары маглі зацягвацца на месяцы. Каб гэтага не было, у 1996 годзе былі ўведзеныя змены, што дазволілі пасля 30 раўндаў галасавання абраць пантыфіка простай большасцю галасоў замест дзвюх трацінаў на пачатковым этапе.

Новы пантыфік абірае сабе царкоўнае імя, апранае папскую мантыю і вітае вернікаў з балкона сабора Святога Пятра.

Хто будзе выбіраць новага Папу?

Хоць Папа Рымскі абіраецца сходам кардыналаў, не ўсе яны маюць права ўдзельнічаць у выбарах – толькі тыя, каму станам на момант вакантнасці Святога Пасаду яшчэ не споўнілася 80 гадоў.

Цяпер у свеце налічваецца 252 кардыналы, з якіх толькі 138 маюць права голасу на канклаве. Але неўзабаве іх можа стаць яшчэ менш – 1 сакавіка 80 гадоў споўніцца іспанскаму кардыналу Фэрнанду Вэргэсу Альсаге.

Кардыналы ўдзельнічаюць у імшы з нагоды абрання новага Папы ў саборы Святога Пятра ў Ватыкане, Ватыкан. 12 сакавіка 2013 года. Фота: Andrew Medichini / AP Photo / East News
Кардыналы ўдзельнічаюць у імшы з нагоды абрання новага Папы ў саборы Святога Пятра ў Ватыкане, Ватыкан. 12 сакавіка 2013 года. Фота: Andrew Medichini / AP Photo / East News

З цяперашніх кардыналаў-выбарцаў абсалютную большасць складаюць тыя, каго прызначыў дзейны пантыфік – 110 асобаў. Яшчэ 23 прызначыў Бэнэдыкт XVI, а пяцёх – Ян Павел ІІ.

Са 138 кардыналаў 132 прадстаўляюць лацінскі абрад, а шэсць – усходнія каталіцкія цэрквы, што знаходзяцца ў уніі з Рымам. 36 кардыналаў належаць да розных манаскіх ордэнаў (найбольш – да салезіянаў, францішканаў і езуітаў).

Кардыналы-выбарцы прадстаўляюць увесь свет, найбольш іх з Еўропы – 54 чалавекі, або 39 %. 24 кардыналы будзе з Азіі, 20 – з Паўночнай Амерыкі, па 18 – з Паўднёвай Амерыкі і Афрыкі. Найменш кардыналаў будзе рэпрэзентаваць Акіянію – толькі чацвёра.

Сярод краінаў, найбольш кардыналаў на Канклаве будзе з Італіі (17), Злучаных Штатаў (10) і Бразіліі (7). У Беларусі свайго кардынала няма з 2011 года. З суседніх краінаў найбольш кардыналаў будзе з Польшчы (чацвёра), таксама адным выбарцам на канклаве можа быць прадстаўленая Літва. Яшчэ адзін кардынал будзе прадстаўляць Украінскую грэка-каталіцкую царкву, але ад Аўстраліі.

Хто можа стаць новым Папам

Тэарэтычна новым пантыфікам можа быць абраны любы мужчына-каталік. Але на практыцы апошнія стагоддзі імі станавіліся кардыналы. Апошняе абранне Папам чалавека, які не ўваходзіў у Калегію кардыналаў, адбылося ў 1378 годзе, а які не прысутнічаў на канклаве – у 1522-м.

Пасаду Папы Рымскага найчасцей займалі нарадзінцы Італіі – 217 асобаў з цяперашніх 266. Таксама італьянскія Папы няспынна ўзначальвалі Каталіцкую царкву з 1523 года, пакуль у 1978 года пантыфікам не быў абраны паляк Ян Павел ІІ. Пасля яго Касцёлам кіраваў немец Бэнэдыкт XVI і аргентынец (праўда, італьянскага паходжання) Францішак. Сёння італьянцы таксама пераважаюць сярод кардыналаў-выбарцаў, але ўсё ж не радыкальна.

Дзейны Дзяржаўны сакратар Ватыкана кардынал П'етра Паралін (справа) прыбывае перад імшой асвячэння царквы на месцы хрышчэння Ісуса. Аль-Магтас, Іарданія. 10 студзеня 2025 года. Фота: Salah Malkawi / Getty Images
Дзейны Дзяржаўны сакратар Ватыкана кардынал П'етра Паралін (справа) прыбывае перад імшой асвячэння царквы на месцы хрышчэння Ісуса. Аль-Магтас, Іарданія. 10 студзеня 2025 года. Фота: Salah Malkawi / Getty Images

Брытанскае выданне «Independent» сярод найбольш імаверных прэтэндэнтаў на папскі пасад называе пяцёх кардыналаў. Па-першае, гэта дзейны Дзяржаўны сакратар Ватыкану кардынал П'етра Паралін, які ёсць найбольш высокім пасадоўцам сярод магчымых удзельнікаў канклаву. Яму 70 гадоў, ён італьянец і лічыцца ўмераным іерархам, які не прытрымліваецца ні «левых», ні «правых» палітычных поглядаў.

Канкурэнцыю яму можа скласці Петэр Эрдэ, 72-гадовы кардынал з Вугоршчыны, які раней узначальваў Раду біскупскіх канферэнцыяў Еўропы. Ён лічыцца вельмі пабожным і больш кансерватыўным. У прыватнасці, ён выступае супраць прыняцця Святой Камуніі разведзенымі або паўторна жанатымі каталікамі, таксама ён крытыкаваў масавае прыняцце мігрантаў, параўноўваючы гэта з гандлем людзьмі.

Таксама да правага лагера належыць амерыканскі кардынал Рэйманд Леа Бэрк, якога крытыкі лічаць заўзятым традыцыяналістам. 76-гадовы іерарх публічна выступаў супраць больш ліберальных заяваў і дзеянняў Францішка, асабліва адносна магчымасці еўхарыстыі для разведзеных, называў «непрымальнымі» новыя фармулёўкі Каталіцкай царквы ў дачыненні штучнай кантрацэпцыі, грамадзянскіх шлюбаў і гомасексуалістаў. Паводле яго, палітыкі-каталікі, якія падтрымліваюць легалізацыю абортаў, як былы прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, не павінны прычашчацца.

З левага боку «Independent» згадвае кардынала Матэа Дзупі, якога называе фаварытам Папы Францішка. Ён узначальвае біскупскую канферэнцыю Італіі, быў адмысловым пасланцом пантыфіка ў пытаннях вайны Расеі супраць Украіны. Вядомы больш пазітыўным стаўленнем да ЛГБТ-супольнасці.

Таксама выданне не выключае, што Папам можа стаць 67-гадовы філіпінскі кардынал Луіс Антоньё Тагле, які цяпер ёсць прарэктарам аддзелу першай евангелізацыі Дыкастэрыі евангелізацыі. Ён вядомы больш левымі поглядамі як у палітыцы, гэтак і ў сацыяльнай сферы, у тым ліку адносна геяў, незамужніх маці і разведзеных або тых каталікоў, якія ўступілі ў другі шлюб.

Філіпінскі кардынал Луіс Антоньё Тагле (пасярэдзіне) удзельнічае ў імшы адкрыцця XVI Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, Ватыкан. 4 кастрычніка 2023 года. Фота: Alessandra Benedetti / Corbis via Getty Images
Філіпінскі кардынал Луіс Антоньё Тагле (пасярэдзіне) удзельнічае ў імшы адкрыцця XVI Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, Ватыкан. 4 кастрычніка 2023 года. Фота: Alessandra Benedetti / Corbis via Getty Images

Іншае брытанскае выданне, «Tribune», таксама пагаджаецца з высокімі шанцамі кардыналаў Параліна, Эрда, Бэрка і Дзупі. Але замест левага філіпінскага кардынала згадвае больш кансерватыўных іерархаў. Сярод іх афрыканскія кардыналы – 65-гадовы Фрыдалін Амбонга Бэсунгу з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, які ўзначальвае біскупаў Афрыкі, і 79-гадовы Рабэр Сара з Гвінеі, былы прэфект Кангрэгацыі богаслужэнняў і дысцыпліны сакраментаў. Яны вядомыя як крытыкі пантыфікату Папы Францішка, а апошні да таго ж ёсць улюбёнцам каталіцкіх традыцыяналістаў. Бэсунгу сярод іншага забараніў у Афрыцы даваць бласлаўленні аднаполым парам, што было дазволена Ватыканам у 2023 годзе.

Да кансерватыўных прэтэндэнтаў адносяцца таксама галандскі кардынал Вім Эйк (яму 71 год) і два італьянскія іерархі: былы старшыня Рады біскупскіх канферэнцыяў Еўропы Анджэла Баньяска (80 гадоў) і былы арцыбіскуп Мілану Анджэла Скола (81 год), які і раней лічыўся сур’ёзным прэтэндэнтам. З левага боку ім можа супрацьстаяць яшчэ адзін італьянец – дэкан Калегіі кардыналаў Джавані Батыста Рэ, які гуляе важную ролю ў рыхтаванні канклаву. Але перашкодзіць заняць пасаду яму можа ягоны век – 89 гадоў.

У амерыканскага «New York Post» таксама свой спіс прэтэндэнтаў. Апроч ужо згаданых Параліна, Бэсунгу, Эйка, Эрдэ, Бэрка, Дзупі і Тагле, выданне называе генеральнага сакратара Сіноду біскупаў, 67-гадовага мальтыйскага кардынала Мар’ё Грэка, які вядомы сваёй цэнтрысцкай пазіцыяй і заклікамі з аднаго боку захоўваць бесперапыннасць навучання, а з другога – дазваляць крэатыўнасць у размовах з людзьмі.

У сацыяльных сетках сярод каталікоў актыўна распаўсюджваецца інфаграфіка адносна таго, што на будучым канклаве будуць пераважаць больш кансерватыўныя кардыналы, тады як ліберальныя будуць у меншасці. Аднак рэдактар каталіцкага «Crisis Magazine» Эрык Саманс лічыць гэтую інфаграфіку непраўдзівай, хоць і прызнае, што новы канклаў не будзе ў большасці ліберальным.

У цэлым, на ягоную думку, гэтыя палітычныя катэгорыі не стануць галоўнымі падчас канклаву, бо кардыналы будуць сыходзіць з больш практычных і прагматычных пытанняў, якія «выходзяць за рамкі ліберальных/кансерватыўных, але яны надзвычай важныя». Паводле яго, «ідэя, што кардыналы абяруць клона Францішка альбо што яны абяруць «кансерватыўнага» Папу, бо яны нібыта кансерватыўныя, проста не ўлічвае гэтыя думкі».

Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10