У Папы Рымскага Францішка, пакладзенага 14 лютага ў шпіталь Джэмэллі ў Рыме для лячэння бранхіту, дыягнаставалі двухбаковую пнеўманію, паведамляе «Vatican News». Лекары ацэньваюць стан пантыфіка як цяжкі.
Папу Францішку зрабілі паўторную камп’ютарную тамаграфію лёгкіх, на якой і знайшлі пачатак двухбаковай пнеўманіі. Распачатая дадатковая фармакалагічная тэрапія.
,,«Вынікі медычных абследаванняў, праведзеных за апошнія некалькі дзён і сёння, паказалі полімікробную інфекцыю дыхальных шляхоў, што прывяло да далейшай змены тэрапіі. Усе аналізы, праведзеныя на сённяшні дзень, сведчаць аб складанай клінічнай карціне, якая патрабуе адпаведнай шпіталізацыі», – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Ватыкану.
Нягледзячы на хваробу, пантыфік застаецца ў добрым стане духу. Аднак аўдыенцыю Папы Рымскага ў сераду на гэтым тыдні давялося адмяніць.
Папу Францішку (Хорхэ Бэргольё) 88 гадоў. Ён кіруе Рымска-Каталіцкім Касцёлам з 2013 года.
Марыя Міхалевіч belsat.eu