Пахаванне Папы Францішка адбудзецца ў Ватыкане раніцай у суботу, 26 красавіка. На пахаванне запрасілі Святлану Ціханоўскую.
Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская атрымала запросіны сфармаваць дэлегацыю дэмакратычных сілаў Беларусі на пахаванне Папы Францішка, паведамілі ў ейным Офісе.
Ціханоўская даручыла ўзначаліць дэлегацыю дыпламатычнаму дарадцу Дзянісу Кучынскаму – рыма-каталіку, які за апошнія гады адказваў у Офісе за сувязі з Ватыканам. З паведамлення Офісу няясна, ці плануе наведаць цырымонію ўласна Ціханоўская.
Ціханоўская казала ў інтэрв’ю, што верыць у Бога, але адзначала, што «Бог у сэрцы, а не ў царкве» і «каб гутарыць з гэтаю сілай, якую сабой увасабляе Бог, не трэба ісці ў царкву». Яна віншуе беларусаў і ў праваслаўныя, і ў каталіцкія даты, але сама публічна не прылічвае сябе да канкрэтнай канфесіі.
Аляксандр Лукашэнка (паводле ягоных жа словаў, «праваслаўны атэіст») выправіў на пахаванне Папы Францішка старшыню Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергеенку, а таксама амбасадара ў Ватыкане і часовага паверанага ў справах у Італіі. Маліцца за душу Папы Францішка заклікаў мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Ці даедзе Сергеенка, няясна: ён з 2020 года застаецца пад персанальнымі санкцыямі Еўразвязу. Трапіць у Ватыкан – анклаў, аточаны тэрыторыяй Італіі, – у абыход Еўразвязу будзе складана, бо не ён мае ўласнага аэрапорту або выхаду да мора. Але з санкцыяў робяць выключэнні: напрыклад, на пахаванне Яна Паўла ІІ у 2005 годзе, нягледзячы на санкцыі, трапіў зімбабвійскі дыктатар Робэрт Мугабэ.
Папа Францішак (Хорхэ Мар’ё Бэргольё) памёр 21 красавіка 2025-га. Яму было 88 гадоў, і за 12 гадоў папства ён пакутаваў на розныя хваробы. Прычынамі смерці назвалі інсульт і незваротны сэрцава-судзінны калапс. Яго запомнілі як рамантыка, рэвалюцыянера і рэфарматара, хай ягоны шлях і быў даволі неадназначны ў шмат якіх пытаннях.
Паводле тэолага Наталлі Васілевіч, Папа Францішак яшчэ пры жыцці ўскосна вызначыў, якім будзе ягоны пераемнік.
Алесь Наваборскі belsat.eu