Сёлета ўлады Беларусі плануюць урачыста адзначыць 80-годдзе сканчэння Другой сусветнай вайны, што ёсць важнай часткаю іх ідэалогіі. А вось пра магчымасць традыцыйнай амністыі з гэтай нагоды пакуль нічога не чуваць, хоць да самой даты застаецца менш як месяц. Ці значыць гэта, што ніякай амністыі ў гэтым годзе не будзе?
Кожная юбілейная дата, звязаная з заканчэннем Другой сусветнай вайны, у час кіравання Аляксандра Лукашэнкі адзначалася ў тым ліку амністыяй. Гэтак было кожныя пяць гадоў: і ў 1995 годзе, у 2000-м, у 2005-м, у 2010-м, у 2015-м, у 2020-м. Але пра тое, ці рыхтуецца амністыя сёлета, у 80-ю гадавіну, дагэтуль нічога невядома, хоць да 9 траўня засталося менш як месяц.
,,«Амністыя ёсць праяваю гуманізму з боку дзяржавы да грамадзянаў, якія здзейснілі злачынствы, і аб'яўляецца, як правіла, у сувязі з асабліва памятнымі падзеямі ў гісторыі краіны», – тлумачыла прэс-служба Лукашэнкі пяць гадоў таму.
Але пакуль пра «гуманізм» уладаў нічога не чуваць. Для параўнання: пра амністыю «ў сувязі з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» пачалі казаць яшчэ ў кастрычніку 2023 года. 23 траўня 2024 года, амаль за паўтара месяцы, Савет Міністраў перадаў законапраект у Палату прадстаўнікоў. 30 траўня, больш як за месяц, дэпутаты дакумент ухвалілі. 20 чэрвеня законапраект падтрымалі ў Савеце Рэспублікі, а 3 ліпеня – у афіцыйную гадавіну – яго падпісаў Лукашэнка. Цяпер жа на гэтую тэму не вядзецца нават размоваў. Адзіная амністыя, пра якую кажуць чыноўнікі і дэпутаты, – зямельная. Але яна ніяк не закранае асуджаных асобаў.

Улады спрабуюць як мага даражэй прадаць свой «гуманізм»
У суседняй Расеі ўлады шчыра прызналіся – ніякай амністыі сёлета не будзе. Хто са зняволеных хоча на свабоду, можа пайсці забіваць украінцаў, а рэшта хай сядзіць далей.
«Сёння ў тых, хто застаецца ў месцах пазбаўлення волі і любіць сваю Радзіму ёсць добры шанец гэта даказаць – падпісаўшы кантракт з Міністэрствам абароны. І большага сёння, калі краіна вядзе СВА, не трэба. Усё астатняе – ад злога», – заявіў 7 красавіка старшыня камітэту абароны Дзяржаўнай думы Андрэй Картаполаў.
І хоць улады дзвюх краінаў будуюць афіцыйна саюзную дзяржаву, прычыны, з якіх у Беларусі не паведамляюць пра рыхтаванне амністыі, усё ж іншыя, выказаў здагадку ў каментары «Белсату» палітычны аналітык Вадзім Мажэйка.
«Гэта нерэлевантна для Беларусі, бо ў нас аніякія вязні ні на якую вайну не ідуць. І адпаведна тут, у Беларусі, усё мае вызначаць унутраная палітычна дынаміка», – сказаў ён.
На думку аналітыка, амністыя ў Беларусі сёлета ўсё ж можа быць. І нават, магчыма, закране палітвязняў. Зацягванне ж яе магчымага прыняцця ён звязвае перадусім са спробамі ўладаў выгандляваць для сябе нешта ад краінаў Захаду: «хоць афіцыйна амністыя называецца актам гуманізму, але, насамрэч, у дадзеным выпадку гэта палітычны момант».
,,«І таму ці будзе яна праведзеная ў дачыненні палітвязняў ці не, шмат у чым залежыць ад таго, на чым удасца згандлявацца з заходнімі краінамі, ці ўдасца пра што дамовіцца», – мяркуе Мажэйка.
Таму, на ягоную думку, улады нічога і не кажуць пра амністыю, у тым ліку каб не ўдакладняць пакуль, якія крымінальныя артыкулы яна можа закрануць. Беларуская ж сістэма дазваляе прыняць закон ці ўказ аб амністыі «ў апошні момант», дадаў аналітык.
Суразмоўца падкрэсліў, што хацеў бы, каб на волю выйшла як найбольш асуджаных, бо «беларуская турма дакладна нікога не робіць лепш». Аднак прадказаць, ці выйдуць на волю палітвязні, ён усё ж не можа, бо «працэс перамоваў праходзіць у супер схаваным фармаце», і з усіх бакоў пра яго ведаюць «фактычна адзінкі людзей».
«Таму, каб нічога не сарвалася, гэта можа трымацца ў сакрэце да апошняга», – сказаў Мажэйка.
Аналітык таксама нагадаў, што ўлады дзеляць палітвязняў на розныя катэгорыі: ёсць «тыя, каго вызваліць не шкада», а ёсць лідары пратэсту, як, напрыклад, Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка або Мікалай Статкевіч. Вызваленне апошніх для ўладаў «куды больш рызыкоўнае».

«Мы бачым, што рэжым Лукашэнкі можа як досыць масава вызваляць людзей, так і наадварот досыць доўга іх трымаць. Тут няма абавязковай залежнасці. Таму вельмі шмат што залежыць ад таго, наколькі ўдасца ўпісаць вызваленне беларускіх палітвязняў у кантэкст нейкіх вялікіх угодаў. Гэта вельмі істотнае пытанне», – падкрэсліў суразмоўца.
Перамовы буксуюць
Пра тое, што паміж ЗША і Беларуссю саспявае вялікая ўгода аб вызваленні палітвязняў у абмен на скасаванне санкцыяў у дачыненні ўгнаенняў і банкаў, 15 лютага напісала выданне «The New York Times». Паводле яго, прадстаўнік Дзярждэпу, які днямі пабываў у нашай краіне, сустрэўся з Лукашэнкам і атрымаў ад яго запэўніванні ў гатоўвасці паслабіць рэпрэсіі.
,,«Але, як гэта часцяком бывае з новай амерыканскай адміністрацыяй, яны хутка бяруцца за гучныя справы, а потым разумеюць, што д’ябал у дэталях», – сказаў Мажэйка.
Ён падкрэсліў, што скасаванне толькі амерыканскіх санкцыяў на беларускі калій мала што зменіць для Менску, калі не ўдасца экспартаваць яго праз парты балтыйскіх краінаў. Тут ужо шмат залежыць ад пазіцыі такіх краінаў, як Літва і Латвія. А апошнія скасаванню такіх санкцыяў супраціўляюцца. Гэтак, у сакавіку прэмʼер-міністр Літвы Гінтаўтас Палуцкас заявіў, што хоча растлумачыць Злучаным Штатам, што магчымае змякчэнне санкцыяў у дачыненні Беларусі было б вялікай памылкаю, бо толькі створыць дадатковыя праблемы NATO.
Таму, дадаў Мажэйка, пакуль перамоўны працэс зацягваецца і агулам не зразумела, ці нешта ў выніку выйдзе. Як агулам зацягваецца і больш шырокі працэс перамоваў наконт вайны ва Украіне і пацяплення стасункаў ЗША з Масквою.
«І вось гэтае вялікае зацягванне, мяркую, і прывяло таксама да таго, што зацягваецца і калійная ўгода. І як датычна амерыканскіх санкцыях няма для Лукашэнкі ніякіх пазітыўных зрухаў, то і няма амністыі», – сказаў аналітык.
Ці дапаможа Кіеў беларусам
Беларускія дэмакратычныя сілы неаднаразова таксама прасілі пра дапамогу з вызваленнем і ўкраінскія ўлады. Гэтак, прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінету ў красавіку папрасілі ўкраінскі бок залучыць у абменныя спісы беларускіх палітычных вязняў, асуджаных за падтрыманне Украіны. У лютым фракцыя «Беларусы» ў Каардынацыйнай радзе прапанавала абмяняць былога каліноўца Васіля Верамейчыка, якога дэпартавалі ў Менск з В’етнаму, на ўзятага ў палон беларуса Дзмітрыя Ананчыка, які ваяваў у складзе расейскіх войскаў.

У жніўні 2023 года палітык Зянон Пазняк прапанаваў Кіеву і Менску абмяняць узятых у палон ва Украіне беларусаў Максіма Зязюльчыка і Андрэя Герыловіча, якія ваявалі ў складзе расейскіх войскаў, на палітвязняў Вольгу Залатар і Дзяніса Івашына. Таксама Святлана Ціханоўская казала, што беларускія дэмакратычныя сілы сістэматычна ўзнімаюць пытанне ўлучэння беларускіх добраахвотнікаў, якіх паланілі расейцы, Яна Дзюрбейку і Сяргея Дзёгцева ў спісы на абмен праз Міністэрства замежных справаў Украіны і Вярхоўную раду. Але на гэты момант на волю выйшлі толькі асуджаныя ў Беларусі грамадзяне Украіны.
Як адзначыў Мажэйка, пакуль нават не бачна «канкрэтных дзеяў з боку Кіева, якія б дэманстравалі, што лёс замежнікаў, якія за Украіну ваююць, ім надзвычай важны». Наадварот, ёсць шмат выпадкаў, калі ветэраны або дзейныя ваяры не атрымліваюць дапамогі, «калі яны фактычна пакінутыя самі сабе».
Аналітык прызнаў, што ва Украіны ёсць шмат уласных грамадзянаў, якія застаюцца ў расейскім палоне, і што іх вызваленне можа быць прыярытэтам для Кіева. Тым не менш, на ягоную думку, калі б украінскія ўлады адвакатавалі падтрыманне замежнікаў, якія пацярпелі за Украіну ў Беларусі ці Расеі, то яны б маглі атрымаць пазітыўныя вынікі – «магло б расці падтрыманне Украіны і большая колькасць людзей магла б нешта рабіць для Украіны, ведаючы, што іх потым падтрымаюць».
Макар Мыш belsat.eu