Улады Беларусі з сярэдзіны 2024 года пачалі актыўна выпускаць палітычных зняволеных – як беларускіх, гэтак і замежных грамадзянаў, працягваючы тым не менш утрымліваць у вязніцах яшчэ больш як тысячу палітвязняў. «Белсат» вырашыў паглядзець, як гэта адбывалася ў мінулыя гады.
Перагорнутая старонка
Вызваляць незаконна затрыманых Аляксандр Лукашэнка пачаў ужо на другі дзень пратэстаў 2020 года. Праўда, датычыла гэта толькі расейцаў. У той час, як беларусаў працягвалі збіваць і затрымліваць, увечары 10 жніўня 2020 года пад ціскам МЗС Расеі і пры ўдзеле расейскага амбасадара з ізалятараў былі вызваленыя расейскія журналісты Антон Старкаў, Дзмітрый Ласенка, Уладзіслаў Зіздак і Сямён Пегаў. На наступны дзень на волю выйшлі журналісты Максім Солапаў, Ілья Піталеў і Дзмітрый Калюжны, а таксама актывісты «Адкрытай Расеі» Арцём Важанкоў і Ігар Рогаў. І гэта пры тым, што дзяржаўныя медыі Беларусі заяўлялі, што апошнія двое знаходзяцца ў статусе падазраваных у крымінальнай справе аб удзеле ў масавых беспарадках, называлі іх правакатарамі і вінавацілі ў замежным умяшанні. Адзначым, што Рогава затрымалі ў 2024 годзе ўжо ў Польшчы, абвінаваціўшы ў падрыхтоўцы выбуху.
У верасні 2020 года кіраўніца тэлеканалу «Russia Today» Маргарыта Сіманьян падчас інтэрв’ю наўпрост спытала Лукашэнку пра затрыманых расейскіх журналістаў, згадаўшы, што іх у зняволенні збівалі і не кармілі.
,,«Можа, перагорнем гэтую старонку?» – прапанаваў палітык. «З задавальненнем!» – адказала Сіманьян.
Сваю старонку з Лукашэнкам, відаць, перагарнулі і вагнэраўцы. 33 баевікі расейскай ПВК – 32 расейцы і адзін беларус – былі затрыманыя напярэдадні выбараў 2020 года ў санаторыі пад Менскам. У Следчым камітэце тады казалі, што яны могуць быць звязаныя з Сяргеем Ціханоўскім і Мікалаем Статкевічам. За вагнэраўцаў актыўна заступаўся Уладзімір Пуцін і амбасадар РФ, а Лукашэнка нават абяцаў даць «зялёнае святло» на іх выдачу ва Украіну. Але 14 жніўня сталася вядома, што збітых беларускімі сілавікамі вагнэраўцаў перадалі у Расею. Прасіць у іх прабачэння ездзіў асабіста Віктар Лукашэнка.

7 чэрвеня 2023 года Лукашэнка-старэйшы памілаваў і перадаў Расеі Соф’ю Сапегу – сяброўку блогера Рамана Пратасевіча, затрыманую з ім падчас прымусовай пасадкі рэйсу «Ryanair» 26 траўня 2021 года. 6 мая 2022 года суд прыгаварыў Сапегу паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу да шасці гадоў пазбаўлення волі. Пра памілаванне самога Пратасевіча, які вельмі хутка стаў супрацоўнічаць з прапагандай уладаў і з 25 чэрвеня 2021 года знаходзіўся пад хатнім арыштам, сталася вядома яшчэ 22 траўня 2023 года. За тры тыдні да памілавання Пратасевіча прыгаварылі да васьмі гадоў калоніі.
Амерыканскія грамадзяне і не толькі
Актыўна вызваляла амерыканскіх грамадзянаў і адміністрацыя Доналда Трампа ў ЗША. У кастрычніку 2020 года з СІЗА пад ціскам дзяржаўнага сакратара Майка Пампэа быў вызвалены паліттэхнолаг Віталь Шкляраў, які мае амерыканскае грамадзянства. Яго затрымалі 29 ліпеня 2020 года ў Гомлі і абвінавацілі арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. 10 кастрычніка ён удзельнічаў у сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА КДБ, 19-га выйшаў пад падпіску аб нявыездзе, а яшчэ праз тыдзень быў ужо ва Украіне.
Вызваленні амерыканскіх грамадзянаў аднавілася з вяртаннем Трампа ў Белы Дом. 26 студзеня 2025 года сталася вядома пра вызваленне Анастасіі Нуфэр, затрыманай у Беларусі за месяц да таго. Афіцыйнай прычыны затрымання не называлі, але ананімны былы высокапастаўлены беларускі дыпламат паведаміў «АР», што гэта звязана з пратэстамі 2020 года.

12 лютага 2025 года выйшаў на волю яшчэ адзін амерыканскі грамадзянін – Мікалай Шугаеў. Яго затрымалі 12 верасня 2024 года за падпіскі на незалежныя медыі, а затым перавялі ў СІЗА КДБ у Менску і распачалі супраць яго крымінальную справу за публічную абразу Лукашэнкі ў Instagram. Разам з Шугаевым былі вызваленыя журналіст радыё «Свабода» Андрэй Кузнечык і актывістка Алена Маўшук. Іх затрымалі адпаведна 21 лістапада 2021 года і 10 жніўня 2020-га, прысудзіўшы кожнаму па шэсць гадоў калоніі. Улады ЗША кажуць, што Менск «нічога не атрымаў за гэты абмен».
Кузнечык стаў не першым журналістам радыё «Свабода», які выйшаў на волю. Гэтак, 21 верасня 2022 года паводле памілавання быў вызвалены Алег Груздзіловіч, якога затрымалі за дзевяць месяцаў да таго і асудзілі на 1,5 года калоніі.
Пры гэтым грамадзяне ЗША працягваюць надалей знаходзіцца ў беларускіх вязніцах – прынамсі затрыманы ў 2021 годзе адвакат Юрась Зянковіч.
Вызваленне польскіх актывістаў
У сакавіку 2021 года ў Берасці, Лідзе, Ваўкавыску і Горадні прайшлі затрыманні актывістаў неафіцыйнага Саюзу палякаў Беларусі. Іх абвінавацілі ў рэабілітацыі нацызму за ўшанаванне памяці польскіх вайскоўцаў, якія ваявалі супраць нацыстаў. Аднак ужо 25 траўня трое з іх – Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўская і Ганна Панішэва – былі выдадзеныя Польшчы. Прэс-служба Лукашэнкі заяўляла, што адбылося гэта ў выніку просьбы прэзідэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева, польскі бок – што дзякуючы намаганням польскіх дыпламатычных службаў.

Праз год пасля затрымання была вызваленая і лідарка Саюзу палякаў Анджэліка Борыс. У сакавіку 2022 года, яе адвезлі ў вёску, загадаўшы заставацца пад хатнім арыштам у доме маці. Яшчэ праз год ейную справу спынілі «ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства».
Пры гэтым у вязніцы дагэтуль застаецца яшчэ адзін лідар СПБ Анджэй Пачобут. Польскія ўлады называюць яго вызваленне адной з умоваў нармалізацыі памежнага руху, але Менск на гэта не ідзе.
Абмен з Украінай
28 чэрвеня 2024 года прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвесціў, што з беларускіх калоніяў і СІЗА былі вызвалены пяць украінскіх грамадзянаў: Наталля Захаранка, Павел Купрыенка, Людміла Ганчарэнка, Кацярына Бруханава і Мікалай Швец.
Захаранка была асуджаная на 9 гадоў за нібыта «шпіянаж», Купрыенка – на 7 гадоў за «за агентурную дзейнасць», паводле гэтага ж абвінавачання зняволілі Ганчарэнку (прысуд невядомы), Бруханава адбывала 2,5 года калоніі за перасланае журналістам відэа з расейскай вайсковай тэхнікай каля Менску. Швеца абвінавачвалі ў датычнасці да падрыву расейскага самалёта-лакатара А-50 у Мачулішчах. Як расказаў сам Лукашэнка, іх выдалі Украіне на просьбу Пуціна ў абмен на праваслаўнага мітрапаліта Іанафана (Ялецкіх), асуджанага ва Украіне за падтрыманне расейскай агрэсіі.
,,«Гэта была просьба прэзідэнта Расеі: калі ёсць магчымасць, дапамагчы вызваліць вядомага свяшчэннаслужыцеля Іанафана. Украінцы да нас з гэтай просьбай звярнуліся. Я Пуціну кажу: «Што будзем рабіць? Ваша рашэнне?» Таму мы гэтага чалавека аддалі ва Украіну, яны нам аддалі святара», – казаў ён.
У кастрычніку 2024 года ўжо вызваленага Швеца завочна асудзілі на 25 гадоў калоніі.
Грамадзяне Ізраілю, Швейцарыі і Нямеччыны
Напачатку лістапада 2021 года была затрыманая ізраільская адвакатка Майя Райтэн-Столь, якая прыляцела ў Менск на сустрэчу з кліентам. У аэрапорце ў яе знайшлі 2,5 грама марыхуаны. І хоць у адвакаткі быў медычны дазвол на канабіс, яе змясцілі ў СІЗА-1. 27 снежня Лукашэнку патэлефанаваў прэзідэнт Ізраілю Іцхак Герцаг, а ўжо 30 снежня прайшоў суд, які прысудзіў ізраільцянцы 2,5 тысячы долараў штрафу. Пасля гэтага яе вызвалілі. Беларусам жа паводле ч. 1 арт. 328 КК за гэта пагражаюць абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў ці пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў.
18 лютага 2022 года «дыпламатычныя намаганні Швейцарыі акупіліся» таксама – на волю выйшла беларуска з грамадзянствам гэтай краіны Наталля Гершэ. Яе затрымалі 19 верасня 2020 года і за супраціў міліцыянты асудзілі на 2,5 года калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. У верасні 2021 года ёй замянілі рэжым на турэмны. 30 студзеня 2022 года Гершэ абвясціла галадоўку. А ўжо 18 лютага 2022 года прэзідэнт Швейцарыі Іньяцыё Касіс паведаміў пра ейнае вызваленне. Гершэ мусіла выйсці на волю толькі праз год.
24 чэрвеня 2024 года Менскі абласны суд прысудзіў расстрэл 30-гадоваму грамадзяніну Нямеччыны Рыку Крыгеру, затрыманаму ў Беларусі ўвосень 2023 года нібыта за ўчынены ім выбух на станцыі Азярышча. 30 ліпеня сталася вядома, што Крыгер напісаў памілаванне на імя Лукашэнкі, і той пасля адмысловай нарады з «людзьмі, непасрэдна датычныя да разгляду гэтай справы» вырашыў памілаваць немца. Ужо на наступны дзень «тэрарыста» перадалі Нямеччыне. У замен тая аддала Расеі рэальнага забойцу – Вадзіма Красікава, які застрэліў у 2019 годзе ў Берліне чачэнскага палявога камандзіра. Больш нікога з беларускіх вязніцаў тады не вызвалілі. Крыгер жа стаўся адным з пяці сярод прыкладна 400 асуджаных у Беларусі да расстрэлу, каго памілаваў Лукашэнка.

Памілаванні і выкуп беларусаў
Таксама з 2020 года Лукашэнка неаднаразова вызваляў і тых палітвязняў, якія не мелі іншага, апроч беларускага грамадзянства. У адзін дзень з ужо згаданым Шкляравым выйшла з СІЗА юрыстка, сябра Прэзідыума Каардынацыйнай рады Лілія Уласава, а за тыдзень да іх – юрыст Юрый Васкрасенскі, які неўзабаве перайшоў на бок уладаў. Уласава спачатку знаходзілася пад хатнім арыштам, які ўжо 23 кастрычніка 2020 года быў скасаваны. 16 кастрычніка пад хатні арышт быў пераведзены і юрыст перадвыбарчага штабу Віктара Бабарыкі Ілля Салей. 16 красавіка 2021 года апошняму змянілі меру стрымання на заклад, а праз чатыры месяцы ён з’ехаў у Польшчу.
13 асобаў – 12 мужчынаў і адна жанчына – выйшлі на волю ў сакавіку 2021 года. З іх чацвёра адбывалі пакаранне ў калоніі, а рэшта – на «хіміі».
19 жніўня 2021 года пасля амаль васьмі месяцаў за кратамі выйшлі на волю сябры «Прэс-клюбу» Юлія Слуцкая, Пётр Слуцкі, Сяргей Альшэўскі і Ала Шарко. Іх вызвалілі паводле памілавання да суда, дзеля чаго яны прызналі віну і падпісалі прашэнні на імя Лукашэнкі, а іх родныя сплацілі 200 тысяч рублёў.
У 2022 годзе пад заклад і пад падпіску аб нявыездзе выйшлі на волю таксама фігуранты справы TUT.by, якіх затрымалі ў траўні 2021 года. Скарыстаўшыся магчымасцю, былая рэдактарка аддзела эканомікі і палітыкі парталу Вольга Лойка, карэспандэнтка Алена Талкачова, юрысконсультка Кацярына Ткачэнка з’ехалі з Беларусі, іх пасля судзілі завочна. З рэшты фігурантаў абвінавачванні не знялі, але пра суды над імі невядома. У адным выпадку суддзя прысудзіла зняволенай тэрмін, які яна ўжо адбыла. Яшчэ аднаго фігуранта генэральнага дырэктара «Hoster.by» Сяргея Павалішава вызвалілі яшчэ 1 верасня 2021-га.

Пасля гэтага вызваляліся пераважна замежныя грамадзяне, актывісты дыяспараў або асобы з двайным грамадзянствам. Да вызвалення беларускіх палітвязняў Лукашэнка вярнуўся толькі ў другой палове 2024 года. Што цікава, ён сам жа 3 ліпеня падпісаў закон аб памілаванні, з якога былі адмыслова выключаныя зняволеныя з палітычных матываў.
Але ўжо 16 жніўня выйшаў указ аб памілаванні 30 палітвязняў, 4 верасня – яшчэ 30. Указ пра памілаванне чарговых 37 палітычных зняволеных быў падпісаны 16 верасня, а 7 лістапада – яшчэ 31. 20 лістапада было даручана вызваліць яшчэ 32 палітвязні. У снежні памілаванні адбываліся 9 і 28 снежня – тады вызвалілі 29 і 20 асобаў адпаведна. 18 студзеня 2025 года ён памілаваў яшчэ 23 асуджаных, паводле палітычных справаў. Яшчэ восем палітвязняў, а таксама сем асуджаных за наркатычныя артыкулы выйшлі на падставе ўказу ад 24 студзеня. Таксама 15 зняволеных былі памілаваныя 13 сакавіка 2024 года, але тады не ўдакладнялася, у якіх справах яны былі асуджаныя. Сярод палітвязняў вядома пра вызваленне журналіста Андрэя Толчына, студэнта Арцёма Баярскага і іншых, але ў большасці выпадкаў імёны вызваленых не называліся.
Агулам паводле згаданых указаў аб памілаванні былі вызваленыя 262 асобы, з якіх не ўсіх асудзілі ў крымінальных справах. Прэс-служба ж Лукашэнкі заяўляла, што за апошні год «на падставе прынцыпаў гуманнасці» палітык памілаваў 293 чалавекі. Калі была памілаваная рэшта, не вядома. Нават з улікам Крыгера, грамадзянаў Украіны, ЗША і вызваленых разам з імі гэтая лічба не набіраецца. Сайт праваабарончага цэнтру «Вясна» змяшчае імёны толькі 190 памілаваных. Магчыма, сярод памілаваных «на падставе прынцыпаў гуманнасці» быў і былы намеснік дзяржсакратара Рады бяспекі і былы кіраўнік службы бяспекі Лукашэнкі Андрэй Уцюрын, які ў 2020 годзе быў асуджаны да 12 гадоў зняволення за карупцыю. Пра яго памілаванне сталася вядома ў верасні 2024 года.
Паводле праваабаронцаў працэс вызвалення выглядае так, што ў калоніі з палітзняволенымі праводзяць «сумоўі», падчас якіх высвятляюць, наколькі гатовы чалавек раскаяцца, падпісаць паперы, удзельнічаць у прапагандысцкіх фільмах. І ўжо на падставе гэтага робяцца высновы, вызваляць яго ці не. Часта гэта асобы, у якіх хутка мусіў скончыцца тэрмін зняволення. Пры гэтым вядомыя выпадкі, калі зняволены на ўсё пагаджаўся, але яго ў выніку не вызвалялі. Таксама вядома, што на людзей рабіўся дадатковы ціск за тое, што яны не пагаджаліся падпісваць прашэнне аб памілаванні, якое ім прапаноўвалася па некалькі разоў – тады палітвязняў садзілі ў ШІЗА. Праваабаронцы з «Dissidentby» паведамляюць, што на палітвязняў, якія выйшлі праз памілаванне, таксама працягваюць ціснуць, іх актыўна вярбуюць спецслужбы.
Відаць, гэта таксама робіцца «на падставе прынцыпаў гуманнасці», а не праз жаданне Менску наладзіць стасункі з Захадам і ўзяць удзел у перамовах адносна вайны ва Украіне, як заяўляюць некаторыя.
У любым разе, станам на 22 лютага 2025 года ў Беларусі, паводле звестак «Вясны», прызнаныя палітычнымі вязнямі 1216 чалавек. «Dissidentby» у сваю чаргу налічвае 1340 палітвязняў.
Макар Мыш belsat.eu