Аналітыка

Навошта Лукашэнка вызваліў невядомую грамадзянку ЗША і якія сігналы ён гэтым падае

Анастасія Нуфэр з сабакам. Фота: Anastasia Putnam / Facebook
Анастасія Нуфэр з сабакам. Фота: Anastasia Putnam / Facebook
podpis źródła zdjęcia

Днямі новы дзяржаўны сакратар ЗША Маркаў Руб'ёў заявіў, што ў Беларусі вызвалілі грамадзянку ЗША. Пры гэтым за «памілаванне» Руб'ёў падзякаваў новаму прэзідэнту ЗША Доналду Трампу. Разбіраемся, што гэта было і навошта вызваленне амерыканскай грамадзянкі спатрэбілася Лукашэнку.

Палітзняволены Юрась Зянковіч. Калаж: Аліса Ганчар / Белсат

«Элітны тавар». На што Лукашэнка хацеў бы абмяняць Зянковіча?

Аналітыка

26 студзеня дзяржаўны сакратар ЗША Маркаў Руб'ёў апавёў у сацыяльных сетках пра чарговую дыпламатычную перамогу Доналда Трампа: маўляў, «дзякуючы прэзідэнту Злучаных Штатаў» кіраўніцтва Беларусі ў аднабаковым парадку вызваліла грамадзянку ЗША Анастасію Нуфэр (Anastasia Nuhfer), якую затрымалі яшчэ ў час кіравання Джо Байдэна.

Шмат каго здзівіла, што раней імя зняволенай Анастасіі Нуфэр нідзе не згадавалася. Ні падрабязнасці ейнага затрымання, ні нават артыкул, паводле якога яе зняволілі, праваабаронцам не вядомыя. І ці сапраўды ейнае вызваленне сталася вынікам кантакту паміж адміністрацыямі Трампа і Лукашэнкі, застаецца толькі здагадвацца.

Нагадаем таксама, што ў канцы снежня Дзяржаўны дэпартамент ЗША пацвердзіў для Беларусі чацвёрты ўзровень небяспекі для падарожжаў і рэкамендаваў не наведваць краіны сваім грамадзянам, а тым, хто ў Беларусі, раіў «неадкладна выехаць».

Пра вызваленую грамадзянку ЗША не ведалі нават праваабаронцы


«Калі верыць таму, што яшчэ ў снежні Анастасія Нуфэр рабіла допісы ў сваіх сацсетках, можна зрабіць высновы, што яе затрымалі напярэдадні навагодніх святаў ці нават пасля! І, зразумела, прад'явіць ёй за гэты час нічога не паспелі, – пракаментаваў «Белсату» юрыст і праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка. – Хто гэтая жанчына і па якім артыкуле была затрыманая – вось у чым разгадка сюжэту, але пакуль адказаў на гэтыя пытанні ў нас няма. Толькі тое, што імя ў яе нашае, славянскае, і, меркавана, у жанчыны могуць быць беларускія карані...»

Яшчэ адна зачэпка: у сваім допісе ў сацсетках Руб'ёў дадаў, што гаворка пра «невінаватую грамадзянку ЗША» і ейнае вызваленне сталася магчымым дзякуючы лідарству Трампа і ягонай палітыцы «мір праз сілу». Таксама паведамляецца, што пытаннем вызвалення амерыканскай грамадзянкі займаўся намеснік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў справах Усходняй Еўропы, палітыкі і ў рэгіянальных пытаннях Крыстафэр Сміт.

Як усё ж высветліў «BELPOL», Анастасія Нуфэр – нарадзінка Беларусі. Яна нарадзілася ў Менску ў 1977 годзе. Дзявочае прозвішча – Ражкова.

Анастасія двойчы была замужам. У 2005 годзе атрымала амерыканскае грамадзянства. У яе два сыны-блізняты – Алекзандэр і Шон.

Мяркуючы з фота ў «Google Maps», разам з сынамі жанчына жыве ў добрым асабняку. Аналітыкі «DIT» знайшлі на старонцы жанчыны ў Facebook запіс 15 сакавіка 2022 года, у якім яна паведамляе пра атрыманне сертыфікату адміністратара воблачных сэрвісаў «Microsoft Azure».

Таксама вядома, што беларуска цікавіцца сабакамі. На ейнай старонцы ў Instagram указана, што яна прафесійна даглядае хатнюю жывёлу.

Мяркуючы з старонкі ў Facebook, Анастасія перыядычна прыязджала ў Беларусь і сустракалася з роднымі. У пачатку 2024 года ў групе беларусаў у ЗША ў гэтай сацыяльнай сетцы жанчына апавяла, што паведаміла аддзелу грамадзянства і міграцыі Кастрычніцкага РУУС Менску пра наяўнасць у яе амерыканскага грамадзянства.

Амерыканскае інфармацыйнае агенцтва «Associated Press» са спасылкаю на Дзяржаўны дэпартамент ЗША паведаміла, што Нуфэр затрымалі ў Беларусі ў пачатку снежня 2024 года. Афіцыйнай прычыны не агучылі, але ананімны былы высокапастаўлены беларускі дыпламат паведаміў «АР», што гэта звязана з пратэстамі 2020 года.

Былы журналіст радыё «Свабода» Ігар Карней падчас інтэрв'ю ў зняволенні. Скрыншот: Телеканал ОНТ / YouTube
Былы журналіст радыё «Свабода» Ігар Карней падчас інтэрв'ю ў зняволенні. Скрыншот: Телеканал ОНТ / YouTube

Чаму ўсё так загадкава? Што гэта за зняволеная жанчына, пра якую не ведаюць вясноўцы? Чаму Лукашэнка вызваліў менавіта яе, яшчэ і перад выбарамі, што ён гэтым хацеў сказаць? Бо, вядома ж, вязні для Лукашэнкі – разменная манета, і проста так ён нікога не вызваляе. Пра гэта размаўляем з гісторыкам і палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

«У Лукашэнкі ўжо ёсць пэўны досвед «працы» са зняволенымі замежнікамі. Калі ў справе няма сур’ёзнай «палітыкі», ён нават дэманструе гатовасць размаўляць,
– разважае суразмоўца. – Згадаць хаця б гісторыю з ізраільскаю адвакаткаю Маяй Райтэн-Столь. У 2021 годзе яе затрымалі ў менскім аэрапорце з 2,5 грама медычнай марыхуаны. Тады жанчына падала працаўнікам неабходныя дакументы, але тыя іх праігнаравалі. Адвакатку затрымалі і змясцілі ў СІЗА № 1. Тады ізраільскі прэзідэнт Іцхак Гэрцаг асабіста размаўляў з Лукашэнкам наконт ейнага вызвалення. Для Лукашэнкі гэта было своеасаблівым прызнаннем, бо асабіста з ім жа пагаварылі. У хуткім часе жанчыну вызвалілі, ёй дазволілі вярнуцца на радзіму».


«Адчуванне, што Лукашэнка сам не ведае, як паводзіць сябе з новай адміністрацыяй ЗША»


Разважаючы пра гісторыю з цяперашнім вызваленнем грамадзянкі Злучаных Штатаў, Фрыдман згадвае канферэнцыю 26 студзеня, якую Лукашэнка даў з нагоды прэзідэнцкіх выбараў. У пэўны момант ён завёў гаворку пра амерыканцаў, маўляў, вось яны за сваіх грамадзянаў змагаюцца, робяць усё магчымае. Нібыта прывёў амерыканцаў у якасці прыкладу.

«Калі ён гэта сказаў, склалася ўражанне, што гаворка можа ісці пра справу амерыканскага юрыста
Юрася Зянковіча, але, як мы бачым, размова ішла не пра яго, а пра тую вызваленую грамадзянку Злучаных Штатаў. Напэўна, рашэнне па ёй Лукашэнка прыняў напярэдадні, таму і згадаў. Мажліва, у яго і былі нейкія кантакты з амерыканцамі», кажа эксперт.

Таксама быў прыклад, калі ў кастрычніку 2020 года пасля размовы з былым дзяржаўным сакратаром ЗША Майклам Пампэа Лукашэнка вызваліў несправядліва затрыманага паліттэхнолага Віталя Шклярава.

Нагадаем: Шклярава затрымалі ў Гомлі 29 ліпеня 2020 года – напярэдадні мінулых прэзідэнцкіх выбараў. Адтуль даставілі ў Менск, дзе выставілі абвінавачанні ў арганізацыі закалотаў у межах справы супраць Сяргея Ціханоўскага. У штабе Ціханоўскага заяўлялі, што паліттэхнолаг на яго не працаваў.

У дзень затрымання Шклярава на ўкраінскім партале «Гордон» з’явіўся ягоны артыкул пра прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. У ім паліттэхнолаг заяўляў, што «за месяц усе кандыдаты былі паслядоўна разгромленыя і выкінутыя з гонкі», а вулічныя пратэсты, «выкліканыя такім беззаконнем», улады хутка разагналі.

На думку Аляксандра Фрыдмана, цяперашняе вызваленне грамадзянкі ЗША для Лукашэнкі магло стацца пэўнай інвестыцыяй у камунікацыю з Трампам.

«У Лукашэнкі, дарэчы, вельмі супярэчлівае стаўленне да Трампа,
– зазначае эксперт. – З аднаго боку, ён яму падабаецца. У іх падобны стыль паводзінаў, яны блізкія ўзростам… У Трампа таксама вельмі непрадказальны палітычны стыль. Лукашэнку ён імпануе. З другога боку, калі такі стыль накіраваны супраць самога ж Лукашэнкі, то гэта досыць цяжка і непрыемна. Таму мы і бачым ваганні з боку Лукашэнкі. То ён кажа, што Трамп вельмі дрэнна сябе паводзіць, то пачынае яго хваліць… Згадайце гісторыю з Іланам Маскам. То Лукашэнка ганарыцца тым, што Маск нібыта падарыў яму «Tesla», вось як нядаўна накінуўся на Маска. Ёсць адчуванне, што ён сам не ведае, як працаваць з новай адміністрацыяй ЗША».

Юрась Зянковіч. Крыніца: news.by
Юрась Зянковіч. Крыніца: news.by

«Проста так амерыканцаў Лукашэнка не вызваляе»


Эксперт упэўнены: вязні, тым больш палітычныя, для Лукашэнкі – актыў. Ён хоча за іх штосьці атрымаць. Бо калі не цяпер, то калі. Тым больш у закладніках цяпер і грамадзянін ЗША Юрась Зянковіч, і зняволеныя журналісты радыё «Свабода» Ігар Лосік, Ігар Карней і Андрэй Кузнечык. Магчыма, гісторыя з вызваленнем грамадзянкі ЗША – гэта першы крок. Паглядзець на рэакцыю, прыцаніцца.

Што датычыць Зянковіча: калі нядаўна яго паказалі прапагандысты, амаль усе зрабілі выснову, што яго вызваляюць. Але на волю ён не выйшаў. Тое ж датычыць і свабодаўцаў.

Нагадаем, што ўвечары 17 студзеня на дзяржаўным беларускім тэлеканале ОНТ паказалі чацвёртую частку прапагандысцкага фільму пад назваю «Свабода слова» пра журналістаў радыё «Свабода», якія нібыта «спрабавалі падпаліць Беларусь».

Пазней у 20-хвілінным роліку паказалі і беларускага актывіста ды амерыканскага адваката Юрася Зянковіча. Яго затрымалі ў красавіку 2021-га, а ў верасні 2022-га засудзілі на 11 гадоў зняволення.

У адрозненне ад журналістаў Андрэя Кузнечыка, Ігара Лосіка і Ігара Карнея, якія былі апранутыя як вязні, Юрась Зянковіч быў у пінжаку і адпрасаванай кашулі, сядзеў у цёплым пакоі ў мяккім фатэлі, а на століку перад ім стаяў кубачак кавы. На відэа Зянковіч выглядае схуднелым, але ўжо не такім, як у верасні, калі яго таксама паказалі прапагандысты. Тады ён быў у турэмнай робе, а сюжэт, хутчэй за ўсё, здымалі ў следчым ізалятары КДБ. Цяпер жа за акном пакою, у якім паказалі Зянковіча, былі відаць аўтамабілі, а мэбля была падобная да той, якая стаіць у гатэлі «Еўропа». Пра статус Зянковіча ў сваім сюжэце нічога не паведамілі, назвалі амерыканскім адвакатам, палітолагам і экспертам.

На думку Аляксандра Фрыдмана, беларускі дзяржаўны бок карыстаецца досведам СССР:

«Ім важна, як будуць выглядаць людзі, якіх вызвалілі. Трэба, каб вызваленыя не выглядалі, як ахвяры. Я магу сабе ўявіць, што ў выпадку з Зянковічам можа быць нешта такое. Мажліва, яго нават вызвалілі. І цяпер прыводзяць у больш-менш прымальны стан. Каб ужо потым можна было адпусціць у ЗША і гэта не выглядала вельмі дрэнна для амерыканцаў».


Падобная гісторыя ў Злучаных Штатах ужо была – са студэнтам Отаў Ўормбірам. 25 снежня 2015 года ён прыехаў у КНДР у складзе турыстычнай групы. Але ў канцы паездкі яго арыштавалі за «спробу скрасці з гатэлю агітацыйны плакат». Праз некалькі месяцаў суд Пхеньяну прызнаў Ўормбіра вінаватым у здзяйсненні дзяржаўнага злачынства і прысудзіў да 15 гадоў турэмнага зняволення. Праз 15 месяцаў зняволення ў Паўночнай Карэі Ўормбіра вярнулі ў ЗША ў стане комы. Як заявілі паўночнакарэйскія ўлады, яны вызвалілі зняволенага «з гуманітарных меркаванняў», а ў кому ён увайшоў пасля прыёму таблеткі снатворнага. Праз некаторы час хлопец мужчына памёр.

Невядома, што менавіта здарылася з Отаў у паміж вынясеннем прысуду і заявай амерыканскіх уладаў 14 чэрвеня пра ягонае вызваленне, але гэта вельмі балючая гісторыя для амерыканскіх уладаў. Дарэчы, тады пры ўладзе таксама быў Трамп, і тады ён асудзіў «жорсткасць паўночнакарэйскага рэжыму» ў звязку са смерцю Ўормбіра.

«Лёс Отаў толькі ўмацоўвае прыхільнасць маёй адміністрацыі перадухіляць такія трагедыі з нявіннымі людзьмі, якія пакутуюць ад рэжымаў, што не паважаюць вяршэнства закону і чалавечай годнасці»
, – заявіў тады Трамп.

Гэта была траўма для амерыканцаў: тое, што яны не здолелі яго вызваліць і што яго давялі да смерці за 15 месяцаў.

«Таму, мяркую, Зянковіча таксама хочуць прывесці ў больш-менш добры стан. А, мажліва, нейкі гандаль у абмен на яго і журналістаў радыё «Свабода» ўжо вядзецца. Проста так Лукашэнка іх не вызваліць»
, – падсумаваў эксперт.

Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10