Аналітыка

«Элітны тавар». На што Лукашэнка хацеў бы абмяняць Зянковіча?

Палітзняволены Юрась Зянковіч. Калаж: Аліса Ганчар / Белсат
Палітзняволены Юрась Зянковіч. Калаж: Аліса Ганчар / Белсат
podpis źródła zdjęcia

Дзяржтэлебачанне паказала сюжэты з палітзняволенымі супрацоўнікамі радыё «Свабода»: Ігарам Лосікам, Андрэем Кузнечыкам, Ігарам Карнеем, а таксама з Юрасём Зянковічам. Усе гэтыя асобы так ці іначай звязаныя з ЗША. Ці значыць гэта, што беларускія ўлады выставілі свой «тавар» на продаж для амерыканцаў і ці ужо могуць быць нейкія дамоўленасці на гэты конт? Абмеркавалі гэта з экспертамі. 

Палітзняволены журналіст Андрэй Кузнечык у прапагандысцкім «інтэрв'ю». Скрыншот: ont_by / YouTube

«Галоўны глядач – ЗША». Навошта прапаганда паказала зняволеных журналістаў «Свабоды»?

Аналітыка

Ці ёсць дамоўленасці на абмен

Гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман выказаў меркаванне, што паказ гэтых зняволеных па дзяржаўным тэлебачанні можа быць сігналам таго, што хутка іх могуць вызваліць. Суразмоўца адзначыў, што даўно казаў пра магчымае развіццё сцэнару, пры якім да інаўгурацыі Доналда Трампа (пройдзе 20 студзеня) адбудуцца нейкія зрухі, і грамадзянін ЗША Юрась Зянковіч можа быць вызвалены. Гэта, на думку суразмоўцы, можа быць такі «падарунак» новаму амерыканскаму прэзідэнту з боку беларускіх уладаў.

«Магчыма, мы тут назіраем такую фіналізацыю таго, што яны [беларускія ўлады. – Заўв. рэд. «Белсата»] рабілі на працягу гэтага тыдня, калі гэта ўсё знялі і паказвалі. Гэта такая апошняя магчымасць выкарыстаць Зянковіча, магчыма і астатніх [журналістаў радыё «Свабода». – Заўв. рэд. «Белсата»], у прапагандысцкім сэнсе», – адзначыў Аляксандр Фрыдман. 

Звяртае ўвагу на сябе той факт, што ў адрозненне ад журналістаў радыё «Свабода», паказаных на фоне кратаў, інтэрв’ю Юрася Зянковіча здымалася ў прадстаўнічым месцы (верагодна, гэта быў гатэль «Еўропа»). Аляксандр Фрыдман пагадзіўся з думкай, што беларускія ўлады могуць рабіць своеасаблівую стаўку на персону гэтага зняволенага.

Ён таксама заўважыў, што трэба ацэньваць цяперашні палітычны кантэкст: у розных краінах пачынаецца падрыхтоўка да прыходу Доналда Трампа з жаданнем зрабіць такі крок, які б новы амерыканскі прэзідэнт абавязкова заўважыў. Таму і для Лукашэнкі, на думку Аляксандра Фрыдмана, быў бы сэнс зрабіць такі крок насустрач Злучаным Штатам – каб паказаць сваю павагу да прэзідэнта Трампа і гатовасць наладжваць стасункі.

У сваю чаргу новая адміністрацыя магла б гэта добра «прадаць» сваім грамадзянам: маўляў, глядзіце, у Джо Байдэна нічога не атрымалася, а мы паразмаўлялі, крыху націснулі – і вызвалілі амерыканскага грамадзяніна. Вяртанне і вызваленне амерыканскіх грамадзянаў заўсёды ўспрымаецца ў ЗША як нешта асаблівае, як паказчык моцы, адзначае Аляксандр Фрыдман. 

Элітны тавар

Раздзяляе думку, што Юрась Зянковіч можа выступаць у якасці своеасаблівага «элітнага тавару» для амерыканскай адміністрацыі, і палітычны аналітык Вадзім Мажэйка

,,

«Менавіта так, элітны тавар. Палітвязняў разглядаюць у Менску як рэсурс. Тыя, хто мае замежнае грамадзянства, прыцягваюць значна большую ўвагу сваіх краінаў. Адпаведна таму і ў Менску да іх будзе больш увагі. Зараз усё гэта выглядае ў міжнародным кантэксце, бо ў адзін і той жа дзень пачынаецца імітацыя выбараў Лукашэнкі і інаўгурацыя Трампа, і да гэтага часу можна падрыхтаваць тых з беларускіх палітвязняў, у якіх зацікаўленыя ЗША. А далей прымаць рашэнне: выкарыстаць як жэст добрай волі, каб пачаць адносіны з амерыканскай адміністрацыяй з нечага добрага. Ці, наадварот, падрыхтаваць іх і актывізаваць гэтую тэму для дэманстрацыі гатовасці да гандлю па нейкіх пытаннях. Тут магчымыя варыянты», – заўважыў Вадзім Мажэйка.


На пытанне пра тое, ці становімся мы сведкамі глабальнага «дагаварняку» паміж беларускімі афіцыйнымі ўладамі і Злучанымі Штатамі, наш суразмоўца адзначыў, што паміж спецслужбамі заўсёды вядзецца дыялог, ёсць і дыпламатычныя трэкі. Таму не выключана, што ён ідзе і ў дадзеным выпадку, бо абсалютна лагічна, што ёсць тыя, пра каго ЗША маюць клапаціцца і робяць гэта.

«Разам з тым Менск імкнецца да максімальнага развязвання канфлікту з Захадам, перагортвання старонкі. Задача максімум для Менску – пасля гэтага месяца атрымаць увогуле легітымізацыю Аляксандра Лукашэнкі. Але паколькі гэта відавочна не атрымаецца, бо на заходнім дыпламатычным трэку дэмакратычныя сілы значна мацнейшыя за Менск, адпаведна Менск імкнецца да таго, што атрымаецца: максімальна наладзіць стасункі, максімальна атрымаць увагу. Магчыма, у дні да выбараў або акурат пасля іх удасца атрымаць тэлефанаванне ад дзяржсакратара ЗША – для ЗША гэта будзе для вызваленне палітвязняў, а для Менска дэманстрацыя, што з намі размаўляюць», – адзначае Вадзім Мажэйка.

«Свабодаўцы» асобна, Зянковіч асобна?

У той жа час, на думку Аляксандра Фрыдмана, гісторыя з журналістамі радыё «Свабода» крыху адрозніваецца ад кейса Зянковіча. 

Ігар Карней падчас інтэрв'ю ў зняволенні. Скрыншот: Телеканал ОНТ / YouTube
Ігар Карней падчас інтэрв'ю ў зняволенні. Скрыншот: Телеканал ОНТ / YouTube

«Так, гэта людзі, якія працавалі на амерыканскую радыёстанцыю, але яны не грамадзяне Злучаных Штатаў. Магчыма, гэта розныя гісторыі, якія аб’ядноўвае сувязь з ЗША. Бо ўсё ж такі вага Зянковіча для амерыканцаў іншая, чым вага свабодаўцаў», – адзначыў суразмоўца.

Магчыма, гэтым і тлумачыцца, што сюжэты з імі здымаліся ў лагеры (некаторыя адзначаюць, што гэта магло быць СІЗА КДБ), і яны паказаныя такімі, як ёсць. Нібыта як прыклад: вось што будзе з людзьмі, якія будуць ісці супраць Лукашэнкі.

Крыху іншую матывацыю ў дзеяннях беларускага рэжыму адносна прадэманстраваных палітзняволеных бачыць прадстаўнік беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да волі», былы палітвязень Алег Кулеша. На ягоную думку, паказ нядаўніх сюжэтаў трэба разглядаць у адным шэрагу з дэманстрацыяй Віктара Бабарыкі, якога паказалі ў тэлеграм-канале Рамана Пратасевіча

,,

«Відэа з Бабарыкам было зроблена непасрэдна для беларускага грамадства ў замежжы, дзеля таго, каб пачаць разагрэў шалёных ідэяў сесці за стол перамоваў без моцных кейсаў, без моцных прапаноў для рэжыму, таму што на сённяшні дзень у дэмакратычных сіл такіх прапаноў няма», – кажа Алег Кулеша


Суразмоўца адзначае, што найбліжэйшым часам мы яшчэ ўбачым сюжэты пра цэлы шэраг выбітных людзей, якія лічацца сёння палітвязнямі. Праўда ў ім не будзе Сяргея Ціханоўскага, бо ён, на думку Алега Кулешы, застаецца самым галоўным ворагам рэжыму Лукашэнкі і непасрэдна самога Лукашэнкі.

Рыхтаваліся загадзя

Алег Кулеша звярнуў увагу на тое, што паказаныя сюжэты – гэта пастановачныя відэа КДБ (ці нават ФСБ: паводле знаёмых Кулешы, супрацоўнікі КДБ самі казалі, што фактычна з’яўляюцца падраздзяленнем расейскіх спецслужбаў і маюць у сваіх кабінетах расейскія сцягі).

Пра тое, што здымкі палітзняволеных рабіліся ў ненатуральных, не лагерных умовах, сведчыць шэраг фактараў. Па-першае, частка вязняў паказана ў новай, чыстай вопратцы, на якой адсутнічаюць жоўтыя біркі: калі б здымкі рабіліся на тэрыторыі нейкай «зоны», то яны былі б абавязковымі, бо распарадак дня не змяняецца, як не змяняецца і форма (памятаем, што Віктар Бабарыка быў менавіта з жоўтай біркай на вопратцы). Па-другое, вельмі падобна, што паказаныя журналісты ўжо цягам двух-трох тыдняў не знаходзяцца на тэрыторыі калоніі – пра гэта ўскосна можа сведчыць іхная прычоска: такой даўжыні валасоў, як у іх, адзначае суразмоўца, у зняволеных быць не можа, за гэтым вельмі пільна сочаць. 

Ігар Лосік падчас інтэрв'ю ў зняволенні. Скрыншот: Телеканал ОНТ / YouTube
Ігар Лосік падчас інтэрв'ю ў зняволенні. Скрыншот: Телеканал ОНТ / YouTube

Нарэшце, яшчэ адзін фактар, на які звярнуў увагу Алег Кулеша, гэта тое, што прынцыпова беларускамоўныя Ігар Лосік і Андрэй Кузнечык у інтэрв’ю размаўлялі па-расейску (гэтая тэма таксама абмяркоўвалася ў сацыяльных сетках), што можа таксама ўскосна сведчыць пра тое, што тэкст, які ім напісалі для агучвання, быў падрыхтаваны менавіта на расейскай мове.

Разам з тым Кулеша кажа, што быць беларускамоўным у калоніі вельмі цяжка: для такой катэгорыі вязняў ўмовы вельмі моцна адрозніваюцца, што нашаму суразмоўцу ўдалося напоўніцу адчуць на сабе. Праяўляцца гэта можа ў першую чаргу ў большай колькасці выпрабаванняў і нават катаванняў, якія зазнаюць такія асобы.

Андрэй Кузнечык падчас інтэрв'ю ў зняволенні. Скрыншот: Телеканал ОНТ / YouTube
Андрэй Кузнечык падчас інтэрв'ю ў зняволенні. Скрыншот: Телеканал ОНТ / YouTube
Ігар Карней. Фота: скпрыншот відэа

Стомлены і схуднелы – прапагандысты паказалі палітзняволенага журналіста Ігара Карнея

навіны

Ці чакаць вызвалення

На думку Аляксандра Фрыдмана, калі вызваленне Зянковіча і адбудзецца, то не цяпер.

«Ім [беларускім уладам. – Заўв. рэд. «Белсат»] мае сэнс гэта рабіць не для Байдэна, а менавіта для Трампа. Таму калі з Зянковічам нешта адбудзецца, пра гэта будуць паведамляць на наступным тыдні, і я не думаю, што лукашэнкаўцы будуць рабіць з гэтага такую гучную гісторыю – хаця б таму, што адразу будзе ўзнікаць пытанне: вы з гэтага Зянковіча рабілі такога тэрарыста, які хацеў забіць Лукашэнку, Лукашэнку-малодшага, рыхтаваў дзяржаўную змову, а вы яго памілавалі і выпускаеце? Я думаю, што і ў лукашэнкаўцаў будуць узнікаць пытанні», – кажа Аляксандр Фрыдман.

Таму нават калі справа з вызваленнем Зянковіча можа быць прынцыпова вырашана, то зараз яшчэ на стадыі вырашэння знаходзіцца пытанне аб тым, калі пра гэта абвесціць. Бо калі гэта зрабіць на наступным тыдні, то гэтым можна «сапсаваць» выбары, якія будуць праводзіцца 26 студзеня, таму што ўвесь наступны тыдзень у СМІ будзе прысвечаны выхаду Зянковіча. А калі зрабіць гэта пасля выбараў – то ўжо пройдзе нейкі час пасля інаўгурацыі Трампа, і магчыма, будзе ўжо «не той эфект».

Чаго могуць чакаць беларускія ўлады ўзамен на вызваленне Зянковіча і журналістаў ад амерыканскай адміністрацыі? На думку Аляксандра Фрыдмана, наўрад ці Лукашэнку варта чакаць прызнання ягонай легітымнасці ад ЗША. Але ў той жа час ёсць шэраг іншых рэчаў, якіх ён мог бы спадзявацца: напрыклад, неўвядзення новых сакнцыяў, паслаблення старых абмежаванняў, магчымага ўдзелу Лукашэнкі ў мірных перамовах па Украіне.

«Дый увогуле, калі прэзідэнт Трамп выкажацца досыць нейтральна пра Лукашэнку, то гэта ўжо будзе тое, чаго чакае беларускі бок», – адзначае Аляксандр Фрыдман.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10