навіны

Якой логікай кіруюцца ўлады, вызваляючы палітвязняў?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram
podpis źródła zdjęcia

16 жніўня Аляксандр Лукашэнка памілаваў 30 палітвязняў, падпісаўшы адпаведны ўказ. Пад дзеянне гэтага ўказу трапілі 14 жанчын і 16 мужчын. Прозвішчы часткі з іх ужо вядомыя, некаторыя – пакуль у сакрэце, бо праваабаронцы захоўваюць інфармацыйную цішыню і не апублічваюць прозвішчы астатніх вызваленых, клапоцячыся пра іхную бяспеку. У той жа час ёсць пытанні, чаму ў спіс на вызваленне трапляюць менавіта гэтыя асобы. Пра гэта «Белсат» і паразмаўляў з некалькімі праваабаронцамі. 


Згодна з інфармацыяй пра вызваленых палітвязняў, некаторыя з іх маюць сур’ёзныя захворванні. У той жа час сярод вызваленых ёсць і такія, каму заставалася зусім трошкі да заканчэння поўнага тэрміну і хто не трапляў у так званы «гуманітарны спіс» на вызваленне. 


Станам на 21 жніўня ўжо вядомыя прозвішчы 16 вызваленых асоб. Сярод іх Васіль Бераснеў, Ала Зуева, Вольга Стаброўская, Вольга Новікава, Ірына Санкоўская і хворая на анкалогію журналістка Ксенія Луцкіна.


Дык паводле якой логікі ўладамі фармуюцца спісы на вызваленне і як грамадзянская супольнасць можа паўплываць на іх стварэнне? 


Аналізуючы логіку ўладаў на вызваленне палітвязняў, праваабаронца «Вясны» Павел Сапелка вылучыў некалькі груп зняволеных, якім удаецца выйсці на волю па памілаванні. 


Да першай групы адносяцца людзі, якія ўваходзяць у так званы «гуманітарны спіс», які прасоўваецца праваабарончымі арганізацыямі і палітычнымі сіламі. У ім – людзі, якія адчуваюць найбольшыя пакуты ад самаго факту пазбаўлення волі з-за таго, што ў іх ёсць вельмі цяжкія хваробы, людзі з інваліднасцю, пажылыя людзі.  


Другая група – гэта тыя, хто нейкім чынам выканаў умовы вызвалення, навязаныя ўладамі: напрыклад, зняўся ў прапагандысцкіх фільмах.


Трэцяя група – тыя, хто быў асуджаны ў вельмі маладым узросце. 


І чацвёртая – група, у якую ўваходзяць палітзняволеныя, якія маюць іншае грамадзянства – так былі вызваленыя некалькі грамадзян Украіны, а таксама грамадзянін Нямеччыны.


Лукашэнкаўскі рандом


У той жа час праваабаронца «Dissidentby» Вячаслаў Касінераў адзначае, што ў праваабаронцаў зараз няма нейкага агульнага ўяўлення пра тое, як гэтыя спісы фармуюцца. Сам гуманітарны спіс уключае ў сябе больш за 200 прозвішчаў, пра якіх пастаянна гавораць праваабаронцы, якія згадваюцца ў СМІ.  


,,

«Мы бачым, што людзі цяжка хворыя з дастаткова вялікімі тэрмінамі літаральна адзінкава выходзяць – і ў мінулы раз, калі Лукашэнка выпускаў людзей, і зараз. Пры гэтым у спісе тых, хто выйшаў, ёсць людзі, якім засталося даседзець літаральна тыдзень. Адпаведна гэта нейкі відавочны рандом, зразумелы толькі выканаўцам указкі Лукашэнкі», – адзначыў Вячаслаў Касінераў.


Пры гэтым праваабаронца кажа, што сам працэс вызвалення выглядае так, што ў калоніі з палітзняволенымі праводзяць «сумоўі», падчас якіх высвятляюць, наколькі гатовы чалавек раскаяцца, падпісаць паперы, удзельнічаць у прапагандысцкіх фільмах. І ўжо на падставе гэтай інфармацыі робяцца высновы, вызваляць чалавека ці не. Хоць вядомыя выпадкі, калі зняволены на ўсё пагаджаўся, але яго ў выніку не вызвалялі. 


З іншага боку, адзначае Вячаслаў Касінераў, вядомыя і такія выпадкі, калі на людзей рабіўся дадатковы ціск за тое, што яны не пагаджаліся падпісваць прашэнне аб памілаванні, якое ім прапаноўвалася па некалькі разоў – тады палітвязняў садзілі ў ШІЗА.


У цэлым жа, на думку Вячаслава Касінерава, уся задумка вакол вызвалення палітвязняў – гэта спроба яшчэ раз дыскрэдытаваць дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасць Беларусі, нанесці па іх інфармацыйны ўдар.  


«Кадры людзей, якія раскайваюцца і прызнаюць сваю віну, канечне, дэмаралізуюць, гэта відавочна. Людзей проста так цынічна выкарыстоўваюць у рамках інфармацыйнага рэсурсу для атакі сваіх праціўнікаў. А таксама гэта можа быць разлічана на ўнутраны рынак. Усё ж такі набліжаецца дваццаць пяты год, і хутчэй за ўсё, Лукашэнка такім чынам проста пачынае нейкі рух у бок таго, што, маўляў, я «гуманны, добры бацька» і г.д.» – адзначае Вячаслаў Касінераў. 


Падтрымаць трэк


Што да магчымасцяў паўплываць на фармаванне тэндэнцыі на вызваленне, то інструментаў для гэтага ў грамадзянскай супольнасці вельмі мала, кажа стваральніца ініцыятывы «Палітвязынка» Яўгенія Доўгая.


Так, яна адзначыла, што сапраўды мае адчуваенне разгубленасці ў сувязі з апошнімі вызваленнямі, і назвала логіку ўладаў «дзіўнай», але ў той жа час падкрэсліла, што Лукашэнка, верагодна, праз вызваленне палітвязняў дае своеасаблівае «запрашэнне да перамоваў». Таму ў грамадзянскай супольнасці ёсць магчымасць прастымуляваць да такіх перамоваў заходніх партнёраў. 


,,

«Ну відавочна, што нейкі лёд крануўся. І мы можам зараз як грамадзянская супольнасць прасіць заходніх і амерыканскіх партнёраў падтрымаць гуманітарны трэк перамоваў. Спыненне рэпрэсіяў – гэта самае важнае, што можа быць, але ў нас няма часу і мы не можам сабе дазволіць чакаць, пакуль усе рэпрэсіі спыняцца і толькі пасля вызваляць людзей. Гэтыя два працэсы павінны праходзіць паралельна. Спыненне рэпрэсіяў можа быць умовай заходніх партнёраў, але гэта не перашкаджае таму, каб і далей вызваляць людзей», – кажа стваральніца «Палітвязынкі».


Вызваленне палітвязняў з турмы. Крыніца: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram
Вызваленне палітвязняў з турмы. Крыніца: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

На думку Яўгеніі Доўгай, зараз вельмі важна прастымуляваць працэс вызвалення далей і знаходзіць людзей, якія гатовыя праявіць палітычную волю, каб вызваленне людзей працягнулася. 


«Гэтыя людзі [палітвязні] сядзяць чатыры гады, і відавочна, што рэпрэсіі да выбараў дакладна будуць працягвацца, але мы ўжо павінны выкарыстаць акно магчымасцяў, каб выцягнуць хоць каго-небудзь. Бо людзей, якія трапіліся за каментары нейкія, за данаты, вельмі шмат, і гэта ўсё выпадковыя людзі, якіх цалкам, я думаю, праз нейкія перамовы, нейкія саступкі можна выцягнуць», – кажа Яўгенія. 


Мэта адна – падыходы могуць быць розныя


Павел Сапелка адзначае, што пытанне вызвалення палітвязняў павінна быць ключавым, а падыходы да шляхоў іх вызвалення могуць быць рознымі.


,,

«Чаго дакладна не хацелася б, каб палітзняволеныя і іхныя лёсы сталі прадметам гандлю па нейкіх стратэгічных пытаннях – прызнанні легітымнасці рэжыму ці яшчэ нейкія стратэгічныя крокі, якія спатрэбіцца зрабіць узамен на вызваленне палітзняволеных. Гэта, канечне, непрымальны падыход, бо рэжым хутка набярэ новых закладнікаў і выставіць яшчэ нейкія патрабаванні, але любыя іншыя ўзаемныя саступкі, якія не носяць стратэгічнага характару, на мой погляд, дапушчальныя. Асабліва, калі гаворка вядзецца пра жыцці людзей», – кажа юрыст.


На думку Паўла Сапелкі, уплываць на стварэнне спісаў можна такім чынам, каб перадаваць максімальна шырока інфармацыю пра людзей, якія паводле палітычных матываў пазбаўленыя свабоды. Гэта дазваляе трымаць праблему ў фокусе, у актуальным стане і дапамагае ствараць гэтыя самыя спісы. 


«Безумоўна, для таго, каб гэтыя працэсы ішлі, праблема зняволеных мусіць быць на першых радках, у першых шэрагах. Пра вызваленне палітзняволеных павінны казаць заўсёды, асабліва камунікуючы з прадстаўнікамі рэжыму і абмяркоўваючы з імі пытанні палітычнага і эканамічнага характару», – адзначыў Павел Сапелка. 


Пра неабходнасць трымаць у фокусе тэму палітвязняў як спосаб уплываць на стварэнне спісаў на вызваленне кажа і Вячаслаў Касінераў. 


«Трэба каб у публічным полі пастаяна гучалі гучныя заявы пра тое, што ёсць людзі, якія там [у турмах] паміраюць, іх трэба тэрмінова вызваляць. То бок гэта такая галоўная частка усёй працы. Трэба каб рэжым і Лукашэнка разумелі, што калі ён хоча пусціць пыл у вочы беларусам унутры краіны ці нават сусветнай супольнасці, то для яго будзе нявыгадна, калі зараз у яго там, у турме будуць паміраць людзі. Магчыма, менавіта гэтым яны і кіруюцца, калі выпускаюць цяжка хворых», – адзначыў праваабаронца. 


Раман Шавель, «Белсат» 

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10