Праваабаронцы з «Dissidentby» паведамляюць, што на палітвязняў, якія выйшлі праз памілаванне, ціснуць, іх актыўна вярбуюць спецслужбы.
Праваабаронцы заяўляюць, што асобаў, якіх выпусцілі праз памілаванне апошнім часам, пад пагрозамі новага пераследу і ціскам на сям’ю супрацоўнікі КДБ прымушаюць «падпісаць шэраг папераў, пагадзіцца на ўдзел у прапагандысцкіх відэа, забараняюць выезд з краіны, а таксама патрабуюць супрацы ў агентурнай дзейнасці супраць дэмакратычных сілаў, фондаў дапамогі і праваабарончых арганізацыяў».
,,«Ад людзей патрабуюць звяртацца ва ўсе мажлівыя фонды і структуры дэмакратычных сілаў і «зліваць» любую інфармацыю, якая дапамагла б знішчыць каналы падтрымкі рэпрэсаваных ці нанесці іншую шкоду апазіцыйным структурам. Часта гэта звязана з устаноўкай спецыяльнага праграмнага забеспячэння на дэвайсы «памілаванага», каб супрацоўнікі рэжыму маглі праводзіць агентурную дзейнасць літаральна ў рэжыме анлайн», – адзначаюць у Dissidentby.
Фактычна праваабаронцы пацвярджаюць інфармацыю, апублічаную раней кіраўніком «BYSOL» Андрэем Стрыжаком і арганізацыяй былых сілавікоў «BYPOL».
Паводле Андрэя Стрыжака, з пачатку верасня фонд «BYSOL» заўважае значнае ўзмацненне рэпрэсіяў. Сілавікі, асабліва ў Берасці і Горадні, часцей збіваюць затрыманых. Асаблівую ўвагу ўлады надаюць асобам, якія давалі інтэрв'ю незалежным медыям, а таксама рэйдам супраць настаўнікаў і актывістаў. Заяўкі на эвакуацыю і кансультацыі значна павялічыліся. Стрыжак звязвае гэта з новай тактыкай уладаў, якія вызваляюць некаторых палітвязняў, адначасова ўзмацняючы рэпрэсіі.
Згодна з інфармацыяй «BYPOL», КДБ і МУС Беларусі распачалі маштабную спецаперацыю для выяўленні каналаў эвакуацыі і пераводу грошай у краіну. Для гэтага выкарыстоўваюць былых палітзняволеных, якіх прымушаюць да супрацы пад пагрозаю новых рэпрэсіяў. Спецслужбы ўсталёўваюць ім на тэлефоны шпіёнскія праграмы для збору інфармацыі.
Праваабаронцы з «Dissidentby» заклікаюць паведамляць любым магчымым спосабам пра выпадкі вербавання і ціск: «Мы цалкам разумеем вашу сітуацыю і паспрабуем забяспечыць дапамогаю з улікам гэтых абставінаў».
Нагадаем: з 3 ліпеня рэжым Аляксандра Лукашэнкі выпусціў 115 вязняў, што дало падставы шмат каму з беларускіх дэмакратычных сілаў меркаваць, што рэжым хоча перамоваў пра нармалізацыю стасункаў. Але аб’ектыўныя факты сведчаць абсалютна пра адваротнае: рэпрэсіі ў Беларусі не заканчваюцца (гэта можна ўбачыць з хронікі рэпрэсіяў, якую штодня вядзе «Белсат»), а таксама з росту колькасці афіцыйна прызнаных палітвязняў у нашай краіне.
Раман Шавель belsat.eu