Праваабаронцы папоўнілі спіс вязняў, якія былі асуджаныя або чакаюць прысуду паводле палітычна матываваных артыкулаў.
Прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі дадалі ў спіс палітвязняў сямёх чалавек. Гэтак, на сёння ў краіне налічваюцца 1330 афіцыйна прызнаных палітычных вязняў.
У ім апынуліся наступныя асобы:
Сяргея Ботвіча засудзілі да ўтрымання ў папраўчай калоніі паводле арт. 358-1 Крымінальнага кодэксу за агентурную дзейнасць;
Дзмітрыю Шлетгаўэру прысудзілі ўтрыманне ў папраўчай калоніі на закрытым судовым пасяджэнні паводле арт. 358 і 361-4 КК і абвінавацілі ў шпіянажы ды спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці;
Сяргею Бойку на закрытым судовым пасяджэнні прысудзілі пазбаўленне волі паводле арт. 358-1 КК, абвінаваціўшы ў агентурнай дзейнасці;
Аксана і Дзмітрый Малочкі засуджаныя на закрытым працэсе да васьмі і дванаццаці гадоў пазбаўлення волі адпаведна ў папраўчай калоніі па абвінавачанні паводле арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»);
Алякскея Клюшнічэнку вінавацяць паводле арт. 130, 361, 367, 368 КК у распальванні іншай сацыяльнай варожасці, закліках да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды Рэспубліцы Беларусь (санкцыяў), паклёпе на А. Лукашэнку і абразе А. Лукашэнкі, мужчыну ўтрымліваюць пад вартаю;
Сяргея Белага вінавацяць паводле арт. 368, 369, 130, 361-1 КК у распальванні іншай сацыяльнай варожасці, абразе А. Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады ў каментарах у інтэрнэце, а таксама ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні, мужчыну ўтрымліваюць пад вартаю.
Праваабаронцы патрабуюць перагледзець вынесеныя ў дачыненні названых асобаў прысуды і абраныя меры стрымання ды вызваліць палітвязняў.
Нагадаем, што цягам некакалькіх апошніх месяцаў рэжым Аляксандра Лукашэнкі выпусціў з месцаў зняволення 115 палітвязняў, што дало падставу некаторым прадстаўнікам дэмакратычных сілаў казаць, быццам гэта запрашэнне да дыялогу і пачатак адлігі. Але ў той жа час працяг рэпрэсіяў і з’яўленне новых палітвязняў выразна сведчаць пра адваротнае.
Раман Шавель belsat.eu