навіны

Валер Карбалевіч: Палітвязняў вызваляюць, бо Лукашэнка хоча ўзяць удзел у перамовах наконт Украіны

кайданкі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Чарговая хваля памілавання палітвязняў, пра якую сталася вядома 18 студзеня, як і папярэднія восем у мінулым годзе, а таксама з’яўленне на экранах Марыі Калеснікавай, Віктара Бабарыкі і іншых вядомых палітзняволеных – гэта пэўныя сігналы заходнім краінам і тэставанне мяжы, за якой на іх пачнецца рэакцыя, мяркуе аналітык радыё «Свабода» Валер Карбалевіч.

Беларускія ўлады цяпер пасылаюць Захаду сігналы і глядзяць, пасля якога з іх распачнецца рэакцыя, кажа спадар Карбалевіч. Гэта ў значнай ступені звязана з магчымымі перамовамі наконт замірэння ва Украіне, у якіх Лукашэнка хацеў бы ўзяць удзел.

,,

«Гэта звязана з магчымай новай пераканфігурацыяй усёй сістэмы бяспекі ў рэгіёне Усходняй Еўропы. Бо замірэнне – гэта ж не проста спыненне баявых дзеянняў, што ёсць паўзай у вайне. Стабільны мір – гэта цэлая сістэма дамоўленасцяў, гарантыяў і г. д. Лукашэнка не хавае, што хацеў бы ўзяць удзел у гэтых перамовах, а для гэтага патрэбнае яго прызнанне. З гэтай мэтаю праводзяцца і прэзідэнцкія выбары, датэрміновыя фактычна, і пасылаюцца вось такія сігналы», – кажа аналітык.


Палітзняволены Юрась Зянковіч. Калаж: Аліса Ганчар / Белсат

«Элітны тавар». На што Лукашэнка хацеў бы абмяняць Зянковіча?

Аналітыка

Праблема тут, аднак, у тым, што сігналы супярэчлівыя, а вызваленні ідуць паралельна з новымі рэпрэсіямі – затрымліваюць, магчыма, нават больш людзей, чым выпускаюць на волю.


«З аднаго боку – вызваленне нейкай колькасці палітзняволеных, а з іншага – размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі тактычнай ядравай зброі Расеі, пагроза размясціць тут ракеты «Арэшнік». То бок заходнія краіны атрымліваюць сігналы, што нейтралізуюць адно аднаго. І незразумела, на які рэагаваць. Не кажучы пра атаку мігрантамі і т. п. Таму гэтыя сігналы не працуюць», – кажа Карбалевіч.


Паводле эксперта, цяпер ёсць два чыннікі, што могуць казаць на карысць магчымага спынення рэпрэсіяў у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў.


Адзін з іх – гэта акурат сканчэнне выбарчай кампаніі, што можа «крыху супакоіць рэжым, і ён ужо не будзе баяцца пратэстаў ці нейкай рэвалюцыі». Менавіта ў сувязі з блізкімі выбарамі цяпер адбываецца мабілізацыя дзяржаўнага апарату, адчуваецца моцнае напружанне, людзей затрымліваюць, выклікаюць на прафілактычныя гутаркі і т. п. Пасля выбараў сітуацыя мусіць супакоіцца.


Другі чыннік – ужо ўзгаданае вышэй жаданне Лукашэнкі ўзяць удзел у перамовах у пытанні Украіны.

,,

«Дзеля гэтага трэба сапраўды рухацца ў бок вызвалення палітвязняў і прыпынення новых рэпрэсіяў, – кажа Валер Карбалевіч. – Але гэта – вонкавая логіка. Наколькі ўлады гэтай логікаю будуць кіравацца – іншае пытанне, адказ на якое сёння наўрад ці хто можа даць».


Часткова вызваленне палітвязняў можа быць звязанае з хуткай інаўгурацыяй Доналда Трампа на пасаду прэзідэнта ЗША. Аднак пра наладжванне дыялогу беларускіх уладаў з новай амерыканскай адміністрацыяй пакуль рана казаць.


«Пакуль у адміністрацыі, я так разумею, няма дакладнага плану адносна замірэння ва Украіне, і я думаю, што да беларускага пытання дойдуць справы толькі праз нейкі час, бо яно далёка не ў прыярытэце ў амерыканскай адміністрацыі», – рэзюмуе аналітык.


18 студзеня сталася вядома пра вызваленне 23 палітвязняў: 3 жанчын і 20 мужчынаў. Усе яны напісалі прашэнні аб памілаванні, падкрэслівае БелТА. Гэта першае памілаванне ў 2025 годзе. Папярэдняе адбылося 28 снежня 2024 года, тады былі вызваленыя 20 палітвязняў.


Агулам у 2024 годзе было 8 хваляў памілаванняў палітзняволеных, падчас якіх на волю выйшлі 227 чалавек.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10