У Менскім гарадскім судзе 3 кастрычніка суддзя Валянціна Зянкевіч вынесла прысуд 12 фігурантам справы аб падрыве расейскага самалёту ў Мачулішчах у лютым 2023 года. Выракі розныя – ад 2 гадоў і 3 месяцаў да 25 гадоў пазбаўлення волі.
Суд у «справе Мачулішчаў» праходзіў у закрытым рэжыме з 19 жніўня. Дванаццаці фігурантам ставілася ў віну адразу 11 артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі, сярод якіх – «акт тэрарызму» (ч. 3 арт. 289 КК) і «здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК).
Большасць фігурантаў судзілі завочна. Іх абвінавацілі ў здзяйсненні дыверсіі ў Мачулішчах у лютым 2023 года, падчас якой быў пашкоджаны расейскі самалёт А-50.
Найбольшы тэрмін атрымаў грамадзянін Украіны Мікалай Швец – прапаганда называла яго выканаўцам дыверсіі. У чэрвені гэтага года ён быў вызвалены на падставе абмену з Украінай. Яго судзілі завочна.
Таксама асудзілі Аляксандра Азарава, Алу Яцуту, Віталя Якуціка, Яўгенію Тачыцкую, Міхаіла Дзёміна і Сяргея Лопарава. Іх прызналі вінаватымі у «фінансаванні тэрарыстычнай і экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 290.1, арт. 361.2 КК), «удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361.1 КК), а таксама ў «актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК), у розных спалучэннях. Ім прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 2 гадоў 3 месяцаў да 15 гадоў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu