Шуфлядка

400 пакаранняў смерцю, толькі 5 засталіся жывымі: каго, акрамя Рыка Крыгера, памілавалі пасля прызначэння растрэлу

Турэмная роба забойцы Аляксандра Грунова, расстралянага ў 2014 годзе. Часам родныя даведваюцца аб тым, што прысуд прыведзены ў выкананне, атрымаўшы па пошце рэчы зняволенага. Крыніца: spring96.or
Турэмная роба забойцы Аляксандра Грунова, расстралянага ў 2014 годзе. Часам родныя даведваюцца аб тым, што прысуд прыведзены ў выкананне, атрымаўшы па пошце рэчы зняволенага. Крыніца: spring96.or
podpis źródła zdjęcia

Нядаўна Беларусь ўзбударажыла навіна пра тое, што неяк зусім незаўважна ў краіне прысудзілі да смяротнага пакарання замежніка Рыка Крыгера, ды яшчэ і за тэрарызм, а потым таксама нечакана памілавалі. У многіх беларусаў пры гэтым узнікла пытанне (у дадатак да тысячы іншых пытанняў па гэтай дзіўнай справе) — а як увогуле працуе памілаванне і ці прымянялі яго раней да асуджаных на вышэйшую меру пакарання. 

Крыгер не адзіны чалавек, які змог пазбегнуць прызначанага смяротнага пакарання. «Белсат» расказвае пра астатніх.

Калі прызначаюць смяротнае пакаранне?

У артыкуле 24 Канстытуцыі Беларусі пазначана: «Смяротнае пакаранне да яго адмены можа прымяняцца ў адпаведнасці з законам, як выключная мера пакарання за асабліва цяжкія злачынствы і толькі паводле прысуду суда». У Крымінальным кодэксе ёсць 15 артыкулаў, па якіх прадугледжана смяротнае пакаранне, два з іх дадалі зусім нядаўна: здрада дзяржаве, а таксама падрыхтоўка і замах на акт тэрарызму (нешта зусім неймавернае з пункту гледжання сістэмы права).

Але расстрэл па законе можна прызначыць і за забойства супрацоўніка МУС, за катаванні ці акты жорсткасці ў сувязі з палітычнымі перакананнямі ці веравызнаннем пацярпелых і нават за ўтрыманне дзяржулады неканстытуцыйным шляхам, калі гэтыя дзеянні прывялі да гібелі людзей.

У любым выпадку, суд заўсёды мае альтэрнатыву – даць чалавеку 25 гадоў турмы або пажыццёвае зняволенне. Як правіла, расстрэл прызначаюць пры наўмысным забойстве з асаблівай жорсткасцю і пры іншых абцяжваючых абставінах.

Крымінальны кодэкс Беларусі. Фота: Freepik
Крымінальны кодэкс Беларусі. Фота: Freepik

Колькі смяротных прысудаў вынеслі ў Беларусі?

За перыяд з 1990 па 2023 гады ў краіне было расстраляна прыкладна 400 асуджаных. Дакладную колькасць улады краіны ці не лічылі, ці проста не паведамляюць грамадскасці.

У 90-х колькасць смяротных прысудаў была максімальнай, даходзячы да 47 у год. На момант рэферэндуму з пытаннем «Ці падтрымліваеце вы адмену смяротнага пакарання ў Рэспубліцы Беларусь?» выбар быў такі: ці максімум 15 гадоў турмы, ці смяротны прысуд. Ужо пасля, у 1997 годзе, у заканадаўства ўнеслі тэрміны ў 25 гадоў і пажыццёвае пазбаўленне волі, а ў 2015 годзе дадалі яшчэ і магчымасць замены растрэлу пажыццёвым зняволеннем за супрацоўніцтва са следствам.

Цяпер суды аддаюць перавагу даваць пажыццёвае зняволенне замест расстрэлу: з 1997 па 2019 год такіх людзей у краіне аказалася больш за 160. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Freepik
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Freepik

Хто ўвогуле можа памілаваць асуджаных на смяротнае пакаранне?

Да ўступлення прысуду ў сілу ёсць магчымасць абскардзіць яго ў судзе, які можа адправіць справу на перагляд або на новы разгляд у Вярхоўны суд. Калі суд палічыць пакаранне несправядлівым, яго могуць змяніць.

Калі нават Вярхоўны суд пакінуў прыгавор у сіле, можна спадзявацца толькі на памілаванне. Прашэнні аб памілаванні прысуджаных да смерці трэба паспець падаць на працягу 10 дзён пасля вынясення прысуду.

Памілаваць прысуджаных мае права толькі прэзідэнт. Але шанцы зусім прывідныя – дзейны кіраўнік краіны звычайна падтрымлівае смяротнае пакаранне.

Камера смяротнікаў у старым корпусе СІЗА на Валадарскага ў Менску. 2006 год. Крыніца: spring96.org
Камера смяротнікаў у старым корпусе СІЗА на Валадарскага ў Менску. 2006 год. Крыніца: spring96.org

«Я не крыважэрны (...) Я падпісваю кожны ўказ аб смяротным пакаранні. Вы не ўяўляеце, што са мной робіцца. Я апошнім стаўлю гэты подпіс. Я разумею, што пасля гэтага чалавека ўжо не будзе, Шуневіч прывядзе ў выкананне маё рашэнне», – казаў Лукашэнка ў 2017 годзе.

Акрамя таго, важна разумець, што памілаванне для асуджаных на расстрэл – гэта не прадастаўленне свабоды, а замена на пажыццёвае зняволенне. Праз 20 гадоў (у тэорыі, таму што практыкі пакуль няма) можна папрасіць адмысловую камісію замяніць не адбытую частку пакарання пазбаўленнем волі на тэрмін да 5 гадоў. 

Пяць памілаваных – хто яны?


З улікам таго, што апраўдальных прысудаў па крымінальных справах у Беларусі ўсяго прыкладна 0,09%, то памілаваных пасля вышэйшай меры пакарання літаральна адзінкі: чацвярых памілаваў Лукашэнку, аднаго – суд.

Рыка Крыгер


Грамадзянін Нямеччыны Рыка Крыгер быў затрыманы ў Беларусі 6 кастрычніка 2023 года. Прапаганда кажа, што нібыта ён ноччу прынёс выбухоўку на станцыю Азярышча. Паводле дадзеных «BELPOL», у выніку выбуху быў пашкоджаны адзін пралёт, разбураныя дзве шпалы, парушаная геаметрыя рэек. Наступствы выбуху на наступны дзень паправілі за дзве гадзіны. Шкоду ацанілі ў 1639 рублёў 66 капеек – каля 491 долара. 

Кадр з сюжэту, у якім асуджаны на смерць грамадзянін Нямеччыны Рыка Крыгер названы «тэрарыстам». 25 ліпеня 2024 года. Скрыншот: АТН / Youtube
Кадр з сюжэту, у якім асуджаны на смерць грамадзянін Нямеччыны Рыка Крыгер названы «тэрарыстам». 25 ліпеня 2024 года. Скрыншот: АТН / Youtube
Кадр з сюжэту тэлеканалу «Беларусь–1», у якім асуджаны на смерць грамадзянін Нямеччыны Рыка Крыгер названы «тэрарыстам». 25 ліпеня 2024 года. (Скрыншот: АТН / Youtube)

Крыгер невінаваты, заявіў «BELPOL» па выніках уласнага расследавання «тэракту» на чыгунцы

навіны

Але гэтага хапіла на шэсць крымінальных артыкулаў, таму 21 чэрвеня 2024 года яго асудзілі на смяротнае пакаранне, абвінаваціўшы ў «тэрарызме» і «шпіянажы». У справе такі вялікі шэраг нестыковак, што можна зрабіць выснову – справа была сфабрыкаваная беларускімі ўладами.

Як бы там ні было, але потым немец з дапамогай адвакатаў напісаў прашэнне памілавання да Лукашэнкі і стаў пятым чалавекам у гісторыі суверэннай Беларусі, якога памілавалі пасля смяротнага пакарання. 

Ілля і Станіслаў Косцевы

Гэтая гучная справа адбылася ў Чэрыкаве ў 2019 годзе, калі родныя браты 18 і 20 гадоў прыйшлі ноччу дадому да сваёй настаўніцы, нанеслі ёй каля 150 удараў, у тым ліку нажом. Потым забралі з дому камп'ютар і прадукты, і падпалілі дом, інсцэніраваўшы пажар ад палення.

Грамадства тады раскалолася напалам: адныя апладзіравалі прысуду і патрабавалі хутчэй пакараць смерцю братоў, іншыя называлі прысуд занадта суровым з улікам узросту асуджаных і таго, што настаўніца пастаянна з імі канфліктавала і пагражала сям'і органамі апекі і дзіцячым домам.

У 2020 годзе Магілёўскі абласны суд прысудзіў іх да смяротнага пакарання, а Вярхоўны суд пакінуў прысуд абодвум без зменаў пасля таго, як Лукашэнка назваў іх «падонкамі».

Ілля і Станіслаў Косцевы на вынясенні прысуду Магілёўскім абласным судом ў Чэрыкаве, Беларусь. 10 студзеня 2020 года. Фота: people.onliner.by
Ілля і Станіслаў Косцевы на вынясенні прысуду Магілёўскім абласным судом ў Чэрыкаве, Беларусь. 10 студзеня 2020 года. Фота: people.onliner.by

Тады сястра асуджаных размясціла ў інтэрнэце петыцыю аб памілаванні братоў і звярнуліся да Лукашэнкі з просьбай аб памілаванні.

Не вядома, што ў выніку спрацавала, але з адміністрацыі Лукашэнкі ў калонію прыйшла папера аб памілаванні. Цяпер браты адбываюць пажыццёвы тэрмін.

«Яны вельмі раскайваюцца. Стас пайшоў у веру. Ён кажа: «Не ведаю, колькі часу спатрэбіцца, каб проста выпрасіць і вымаліць у бога прабачэння». Ілля ў веру не сышоў: кажа, маўляў, нас і так жыццё пабіла, ёсць такія моманты, што шмат было пытанняў, дзе быў бог… Стас у нейкі момант казаў: «Лепш ужо кулю атрымаць, чым так пакутаваць». І ён некалькі разоў спрабаваў скончыць жыццё самагубствам у СІЗА, але не выйшла. У апошнім лісце яны напісалі, што перадаюць усім людзям вялікі дзякуй за той шанец, які ім далі. Яны паверылі, што ёсць магчымасць адкуплення», –
расказвала ў 2021 годзе ў інтэрв'ю «Onliner» іх сястра, пад апекай якой яны засталіся пасля пазбаўлення іх маці бацькоўскіх правоў.

Ілля і Станіслаў Косцевы на вынясенні прысуду Магілёўскім абласным судом ў Чэрыкаве, Беларусь. 10 студзеня 2020 года. Фота: people.onliner.by
Ілля і Станіслаў Косцевы на вынясенні прысуду Магілёўскім абласным судом ў Чэрыкаве, Беларусь. 10 студзеня 2020 года. Фота: people.onliner.by

Сяргей Праціраеў

У 2015 годзе Лукашэнка сам сказаў, што памілаваў толькі аднаго чалавека за больш чым 20 гадоў ва ўладзе.

Праваабаронцы лічаць, што гэта быў Сяргей Праціраеў, асуджаны на смяротную кару ў 1998 годзе за падвойнае забойства. Зыходзячы з той невялікай інфармацыі, што ёсць, можна зрабіць выснову, што ён быў брыгадзірам калгасу і забіў двух чалавек на глебе рэўнасці. 

Але няма ніякай афіцыйнай інфармацыі ні пра яго, ні пра замену прысуду ці памілаванне, як і аб прычынах гэтага рашэння. 

Дзмітрый Хархаль


Гэта ўвогуле адзіны вядомы выпадак, калі прысуд аб расстрэле ў Беларусі замянілі на больш мяккае пакаранне.

З матэрыялаў справы вядома, што ў 1994 годзе Зміцер Хархаль забіў мужчыну і жанчыну, якія прадавалі свае «Жыгулі», каб потым прадаць іх машыну і атрымаць грошы.

«На лаве падсудных стрыечныя браты. Адзін з іх, двойчы судзімы мінчанін Дзмітры Хархаль, можа быць смела аднесены да катэгорыі прафесіяналаў крымінальнага свету. 30 гадоў ад роду, падсудны Хархаль сваё жыццё прысвяціў на дасканалае авалоданне бандыцкім рамяством»,
— пісала яшчэ да вынясення прысуду газета «Беларусь Сегодня».

Зміцер Хархаль год праседзеў у камеры для «смяротнікаў», а ў 2003 годзе прысуд замянілі на 15 гадоў калоніі. Крыніца: Беларуская Турма / VK
Зміцер Хархаль год праседзеў у камеры для «смяротнікаў», а ў 2003 годзе прысуд замянілі на 15 гадоў калоніі. Крыніца: Беларуская Турма / VK

Але міліцыя не надта займалася справай, таму Хархаль хутка апынуўся ў Расеі, дзе нават паспеў стаць вернікам. Праз тры гады яго ўсё ж знайшлі і без захавання працэдуры экстрадавалі ў Беларусь, але следства ўсё роўна зацягнуся на доўгія 6 гадоў.

«Падчас першых паказанняў я насамрэч сказаў, што вось гэта і гэта здзейсніў я. Мяне папрасілі паказаць, як я гэта зрабіў
я паказаў пад відэазапіс. Адразу праводзіцца судмедэкспертыза, эксперт дае цьмянае заключэнне: «Такое быць магло». Але падчас судовага працэсу стала відавочна нават сьляпому, што так быць проста ня можа. З-за гэтага справу некалькі разоў накіроўвалі на дарасследаванне, потым праводзілі комплексную экспертызу, калі некалькі прафесіяналаў разглядалі менавіта гэты эпізод і вырашалі, магло так быць ці не магло. І яны падцвердзілі: так, як казаў гэта я, быць не магло! Атрымліваецца, што, з аднаго боку, я сказаў, што гэта я зрабіў так і так, а з другога боку - судмедэксперты сказалі, што такога быць не магло. Суд прымае рашэнне: усё роўна вінаваты расстраляць!», — распавядаў потым Хархаль «Euroradio».

Будынак Вярхоўнага суда ў Менску. Фота: sb.by
Будынак Вярхоўнага суда ў Менску. Фота: sb.by

Гэта потым і прывяло да перагляду справы і замены пакарання Вярхоўным судом. Зміцер Хархаль год праседзеў у камеры для «смяротнікаў», а ў 2003 годзе прысуд замянілі на 15 гадоў калоніі. Праседзеўшы 14 гадоў, ён выйшаў на волю па амністыі — быў дысцыплінаваным зняволеным, вучыў ангельскую мову і добра гуляў у шахматы.

Што ў выніку стала з вызваленым Дзмітрыем і яго стрыечным братам Віктарам — не вядома, але цёзка апошняга зараз утрымліваецца ў базе «Миротворець» за ўдзел у кантрабандным перамяшчэнні грузаў і тавараў праз Беларусь ва акупаваны Расеяй Данбас.

Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10