Шуфлядка

10 беларускіх установаў у Варшаве, дзе вы сустрэнеце палову Менску

Фота: euthymia.rest / Instagram
Рэстаран «Euthymia» ў Варшаве. Фота: euthymia.rest / Instagram
podpis źródła zdjęcia

«Белсат» сабраў для вас 10 установаў польскай сталіцы, што маюць беларускія карані. Захоўвайце сабе і абавязкова заходзьце пры магчымасці – падтрымаць сваіх, смачна паесці, сустрэць знаёмых з мінулага жыцця ды на пару гадзінаў забыцца, што ты ў эміграцыі.

«The morning after the night before» (Poznańska, 7)


Установе толькі два гады, але яна ўпэўнена выбіваецца ў топ варшаўскіх – і заўсёдныя чэргі таму пацверджанне. Тут вас чакае кухня з амаль мішленаўскаю падачаю, хай гэта будзе яечня на сняданак ці кактэйль за вячэраю.

Фота: tma_warsaw / Instagram
Фота: tma_warsaw / Instagram

У рэстаране ўсё зробленае з увагай да дэталяў і для зручнасці гасцей, а яшчэ гэтая ўстанова (на зайздрасць многім іншым беларускім) можа пахваліцца вельмі ветлівым абслугоўваннем. Цэны трохі вышэйшыя за сярэднія, але гэта той рэдкі выпадак, калі яны здаюцца апраўданымі.


«GiGi» (Oboźna, 9)


У меню «джын-тонік бару» можна знайсці, здаецца, што заўгодна: ад рызота з японскім вугром за 69 злотых і папкорну з крэветак за 41 злоты – да канолі за 23 злотыя і сэндвічу з кімчы за 49 злотых. Адкрываецца ўстанова толькі а 17-й гадзіне, але замовіць дастаўку ежы можна ўжо з 12:00.

Фота: gigi.warsaw / Instagram
Фота: gigi.warsaw / Instagram

Выдатная падача страваў, ад якой есці хочацца яшчэ больш, але часта вельмі павольнае абслугоўванне і блытаніна з замовамі.


«Just like you» (Lucka, 2/35)


Адна з рэдкіх установаў, дзе не «дорага-багата», а ціха, душэўна ды смачна. У кавярні, адкрытай беларусамі, можна не толькі выпіць выдатную каву (выбар якой уражвае), але і добра паабедаць за 35 злотых.

Фота: just like you.wav / Instagram
Фота: just like you.wav / Instagram

Тут жа можна ненадоўга вярнуцца ў дзяцінства, пакаштаваўшы арэшкі з варанай згушчанкай або сырнікі з варэннем, быццам толькі згатаваныя тваёю бабуляю.


«BeerStation» (Al. KEN 47, Lwowska, 17; Ząbkowska, 5)


Бар з вельмі вялікім выбарам добрага піва і дранікамі (куды ж без іх). Таксама ў «Beer Station» часта праходзяць жывыя канцэрты беларускіх зорак, стэндапы і паказы матчаў, на якіх вы абавязкова сустрэнеце ўсіх вядомых эмігрантаў.

Фота: beer_station_pl / Instagram
Фота: beer_station_pl / Instagram

«Mon Nom Bistro» (Długa, 6)


Утульная кавярня недалёка ад варшаўскага барбакану са сняданкамі ўвесь дзень і ўласнаю выпечкаю – тое, што трэба для позніх птушак! А яшчэ тут заўсёды радыя хатнім гадаванцам.

Фота: monnom_warszawa / Instagram
Фота: monnom_warszawa / Instagram

З іншых плюсаў – добрыя цэны і зразумелы графік працы (з 9:00 да 22:00 ці 23:00). З мінусаў: прыхільнікаў каля месца так шмат, што нават з самае раніцы можна заспець там натоўп. Літаральна на днях установа адкрывае трэці пункт у Варшаве, што, магчыма, трохі «рассее» наведнікаў і дасць свежага паветра.


«Euthymia» (Syta, 93)


Новы беларускі рэстаран, назва якога ў перакладзе з грэцкай мовы азначае «Добры настрой», размешчаны не ў цэнтры, а ў Вілянах. Ідэальна пасуе для розных урачыстасцяў на вялікую колькасць гасцей.

Фота: eutymia.rest / Instagram
Фота: eutymia.rest / Instagram

А яшчэ тут часта праводзяцца вечарыны кухні розных краінаў і грыль-паці ў выходныя. Цэны невысокія, але конфі ды рататую з водарам чарнасліву, вымытага ў вясновай расе, не чакайце.


«Burgerlab» (Piękna, 28/34)


У меню ёсць сняданкі ў выглядзе дранікаў і бургераў да 13:00, а пасля 17:00 – толькі кактэйлі. Беларускія бургеры заваявалі папулярнасць ужо і сярод палякаў – іх сапраўды можна назваць аднымі з найлепшых у горадзе.

Фота: burgerlab.warsaw / Instagram
Фота: burgerlab.warsaw / Instagram

Калі вы сапраўдны беларус, які нават на сняданак есць дранікі, то гэтае месца для вас. Цэны (паводле варшаўскіх) не ціснуць – ад 26 да 31 злотага за порцыю дранікаў.


«Karma» (Aleja, 3; Maja, 15)


Гэты бар вонкава больш падобны да панкаўскага скўоту пад мостам, але затое тут часта можна знайсці кананічны халаднік або капусту, а шанцы сустрэць менскіх знаёмых зводзяцца да 100 %.

Фота: karma7warsaw / Instagram
Фота: karma7warsaw / Instagram

«Culture Cafe» (Jana Kazimierza, 25; Postępu, 27)


Адная з першых беларускіх кавярняў у Варшаве, дзе нават цяпер можна пакаштаваць грэчку з грыбамі ды трубачкі са згушчанкаю! Тут вялікія порцыі і адэкватныя цэны, а выбар меню нікога не пакіне галодным: васьміног з пюрэ (85 злотых), паста з буратаю (43), тварожны сырок (17), сырнікі (40 злотых) і яшчэ шмат чаго на самы патрабавальны густ.

Фота: culturecafe.pl / Instagram
Фота: culturecafe.pl / Instagram

«White Crow» (Wileńska, 25)


Бар крафтавага піва, дзе выдатны выбар самага рознага піва, у тым ліку таматнага, з якім вы ніколі не ўбачыце паляка. Ну і, як належыць беларускаму бару ў эміграцыі, тут можна сустрэць палову Менску.

Фота: whitecrowwawa / Instagram
Фота: whitecrowwawa / Instagram

Бонус. Дастаўка сушы «Prosushi»


Калі вы ў Польшчы даўно, то пэўна ж паспелі пакаштаваць польскія сушы (і больш такога досведу не хочаце). Так што любыя беларускія сушы апрыёры асуджаныя на поспех, і «Prosushi» не сталіся выключэннем.

Фота: prosushi.pl / Instagram
Фота: prosushi.pl / Instagram

Цяпер замовіць дастаўку сушы ад беларусаў можна не толькі ў Варшаве, але і ў Кракаве. Цэны высокія, але ў Варшаве выбару ўсё роўна няма: сушы тут заўсёды дарагія, а вось смачныя – куды радзей.


Тэса Анэйда / МВ belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10