навіны

Прапаганда раскрыла імёны пяцярых памілаваных палітвязняў. Сярод іх – студэнт Арцём Баярскі

img
Партрэт Арцёма Баярскага ў выпускным альбоме. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Арцёма Баярскага вызвалілі 20 студзеня. Хлопец, якому на момант затрымання было 20 гадоў, прабыў за кратамі 4 гады.

Прапагандыст Юрый Васкрасенскі назваў прозвішчы пяцярых палітвязняў, якія нядаўна былі памілаваныя і вызваленыя, сярод іх аказаўся студэнт Арцём Баярскі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

Валер Карбалевіч: Палітвязняў вызваляюць, бо Лукашэнка хоча ўзяць удзел у перамовах наконт Украіны

навіны

Маладзёна затрымалі ў сакавіку 2021 года. Суддзя Менскага гарадскога суда Алена Шылько прызначыла яму 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле абвінавачвання ў «стварэнні экстрэмісцкага фармавання» і ва «ўдзеле групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак». Баярскі нібыта адміністраваў Telegram-канал і чат «Мая краіна Беларусь» і выходзіў на пратэсты.


Пазней суддзя Вярхоўнага суда Андрэй Кавальчук пакінуў вырак без зменаў.


На момант затрымання студэнту хімічнага факультэту БДУ было 20 гадоў. Ён – пераможца шматлікіх алімпіядаў у хіміі, марыў ствараць лекі ад невылечных хваробаў. За яго заступіліся 47 навукоўцаў расейскай Акадэміі навук, на знак падтрымання Арцёма завочна залічылі ў Каўнаскі ўніверсітэт Вітаўта Вялікага, дзе, як паведамлялася, ён зможа вучыцца пасля вызвалення.


Чатыры разы Арцём быў стыпендыятам Спецыяльнага фонду прэзідэнта ў падтрыманні таленавітай моладзі, адораных студэнтаў і навучэнцаў. Пасля выбараў у жніўні 2020 года хлопец падпісаў адкрыты ліст з адмоваю ад гэтага статусу на знак пратэсту з увагі на гвалт і беззаконне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Новы час

У Беларусі паводле палітычных крымінальных справаў асудзілі за год 1721 чалавека

навіны

Паводле Васкрасенскага, на волю выйшлі таксама Грыдзюшка, Бурлакова, Зубкоў і Жарло.


У базе праваабарончага цэнтру «Вясна» знайшліся трое асобаў з такімі прозвішчамі.


Аляксандр Грыдзюшка ў снежні 2022 года быў асуджаны на 4 гады за «знявагу прадстаўніка ўлады», «знявагу Лукашэнкі», «распальванне варожасці» і «незаконныя дзеянні ў дачыненні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў». КДБ залучыў мужчыну ў «пералік тэрарыстаў».


Алену Бурлакову ў верасні 2023 года асудзілі за «знявагу прадстаўніка ўлады», аднак тэрмін застаўся праваабаронцам невядомым. У лістападзе таго ж года жанчыну дадалі ў «пералік экстрэмістаў» МУС.


Аляксандр Зубкоў быў затрыманы ў лютым летась, у красавіку яму прызначылі 2 гады калоніі паводле абвінавачвання ў «паклёпе на Лукашэнку».


Пра Жарло пакуль нічога не вядома.


Улады летась пачалі кампанію з памілаваннем палітвязняў, былі вызваленыя 293 асобы. Дзяржаўныя медыі багата пішуць пра «гуманізм» і «другі шанц для тых, хто спатыкнуўся», аднак не паведамляюць, што рэпрэсіі не спыніліся і пакуль адных людзей вызвалялі, іншых затрымлівалі. Толькі ў студзені, паводле «Вясны», было вынесена мінімум 175 палітычна матываваных прысудаў і мінімум 295 палітычна матываваных пастановаў у адміністратыўных справах.


Цяпер у Беларусі 1234 палітвязні.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10