Вайна

Дэмсілы просяць Кіеў абмяняць беларускіх палітвязняў, асуджаных за падтрыманне Украіны

Сцяг Беларусі і Украіны. Варшава, Польшча. 6 сакавіка 2022 года. Фота: ТК / Белсат
Сцяг Беларусі і Украіны. Варшава, Польшча. 6 сакавіка 2022 года. Фота: ТК / Белсат
podpis źródła zdjęcia

Прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінету (АПК) звярнуліся да ўкраінскага боку з ініцыятываю залучыць беларускіх палітычных вязняў, асуджаных за падтрыманне Украіны, у абменныя спісы.

Прадстаўніца ў сацыяльнай палітыцы АПК Вольга Зазулінская і прадстаўнік у пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі АПК Вадзім Кабанчук скіравалі лісты прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму, у Міністэрства замежных справаў Украіны і ўпаўнаважанаму Вярхоўнай Рады Украіны ў правах чалавека. Яны падкрэслілі, што пасля пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны шмат грамадзянаў Беларусі адкрыта падтрымалі ўкраінскі бок – бралі ўдзел у пратэстах, інфармацыйных і валанцёрскіх ініцыятывах, а таксама далучаліся да добраахвотніцкіх падраздзяленняў.

,,

«Рэжым Лукашэнкі як саюзнік Крамля жорстка пераследуе любыя праявы салідарнасці з Украінай. У выніку шмат беларусаў былі арыштаваныя і асуджаныя на працяглыя тэрміны паводле сфабрыкаваных абвінавачваннях», – адзначаецца ў лістах.


Васіль Верамейчык. Скрыншот з відэа ОНТ

Верамейчыка прапаноўваюць абмяняць на Ананчыка, узятага ў палон ЗСУ

навіны

Прадстаўнікі Кабінету прапанавалі Украіне ініцыяваць кансультацыі з міжнароднымі партнёрамі адносна залучэння беларускіх палітвязняў у абменныя спісы і прыцягнуць міжнародныя арганізацыі (ААН, АБСЕ, Чырвоны Крыж) да перамоўнага працэсу. Таксама прапануецца публічна падтрымаць гэтыя асобы і запатрабаваць іхнага вызвалення, разглядаць беларускіх палітвязняў як ахвяраў палітычных рэпрэсіяў за праўкраінскую пазіцыю.

Да ліста прыкладзены спіс беларускіх палітзняволеных, якія падтрымалі Украіну.

Колькі беларусаў засудзілі за падтрыманне Украіны

Паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна», на дзень 24 лютага 2025 года агулам за падтрыманне Украіны ў Беларусі асудзілі прынамсі 209 асобаў, сярод якіх 38 жанчын.

Як мінімум 41 асобу засудзілі за ахвяраванні беларускім добраахвотнікам, звычайна паводле ч. 2 арт. 361-3 Крымінальнага кодэксу («Фінансаванне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях»). За намер ваяваць на баку Украіны засудзілі паводле ч. 1 арт. 361-3 КК («Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вербаванні альбо рыхтаванні асобаў да такога ўдзелу») мінімум 30 чалавек.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Beata Zawrzel / NurPhoto / Getty Images

Ад вагнэраўцаў да грамадзянаў ЗША. Як Лукашэнка зняволеных вызваляў

Аналітыка

За перадачу фота і відэа перасоўвання расейскай вайсковай тэхнікі ў незалежныя медыі ды ініцыятывы мінімум 93 асобы зазналі крымінальны пераслед нібыта за спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-4 КК) або стварэнне экстрэмісцкага фармавання (арт. 361-1 КК). Таксама ў звязку з вайною ва Украіне ў Беларусі судзілі за «здраду дзяржаве» (арт. 356 КК) і «акт тэрарызму» (арт. 289 КК) – мінімум 35 і 24 асобы адпаведна.

Украіна ўжо абменьвала палітвязняў

Адзначым, што Украіна ўжо брала ўдзел у вызваленні палітычных вязняў у Беларусі. 28 чэрвеня 2024 года Зяленскі абвесціў, што з беларускіх калоніяў і СІЗА былі вызваленыя пяцёра ўкраінскіх грамадзянаў: Наталля Захаранка, Паўло Купрыенка, Людміла Ганчарэнка, Кацярына Бруханава і Мікалай Швец.

Захаранку засудзілі на 9 гадоў за нібыта шпіянаж, Купрыенка – на 7 гадоў за «агентурную дзейнасць», паводле гэтага ж абвінавачання зняволілі Ганчарэнку (прысуд невядомы), Бруханава адбывала 2,5 года ў калоніі за перасланае журналістам відэа з расейскаю вайсковаю тэхнікаю каля Менску. Швеца вінавацілі ў датычнасці да падрыву расейскага самалёта-лакатара А-50 у Мачулішчах. Як расказаў сам Лукашэнка, іх выдалі Украіне на просьбу Пуціна ў абмен на праваслаўнага мітрапаліта Іанафана (Ялецкіх), асуджанага ва Украіне за падтрыманне расейскай агрэсіі.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10