Літоўскі Апеляцыйны суд 15 траўня адхіліў апеляцыю жыхара Вільні Мантаса Даніелюса, асуджанага за шпіянаж на карысць Беларусі. Калегія суддзяў прызнала скаргу асуджанага неабгрунтаванай, у выніку чаго ён застаўся адбываць прысуд – 9 гадоў пазбаўлення волі.
Суддзя Віргінія Людвінавічыене заявіла, што «прысуд суда першай інстанцыі аб асуджэнні Мантаса Даніелюса быў правільна ацэнены на падставе наяўных у справе доказаў», перадае «Delfi».
,,«Даніелюс сабраў і перадаў вялікі аб'ём інфармацыі журналісту, які супрацоўнічае з прадстаўнікамі выведнай арганізацыі Рэспублікі Беларусь. Пры зборы гэтай інфармацыі ён скарыстаў падман у дачыненні прадстаўнікоў апазіцыі Рэспублікі Беларусь, а яго супрацьпраўныя дзеянні могуць ствараць небяспеку для грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якія ўцяклі ў Літоўскую Рэспубліку ад пераследаў з боку беларускага дыктатарскага рэжыму, і іх сваякоў», – адзначыла калегія суддзяў.
Апеляцыйны суд Літвы таксама пастанавіў, што 9-гадовы прысуд Даніелюсу суразмерны цяжару злачынства. У выніку вырак у гэтай крымінальнай справе набыў законную моц.
Сам Даніелюс, які ўтрымліваецца ў турме Шаўляю, плануе падаць скаргу ў Еўрапейскі суд правоў чалавека ў Страсбуры. Прысуд сабе ён называе «задушэннем свабоды слова».
20 верасня 2024 года Віленскі акруговы суд прысудзіў Даніелюсу, які з 2022 года збіраў звесткі пра беларускіх актывістаў, што пражываюць у Літве, і перадаваў іх прапагандыстцы Ксеніі Лебедзевай, пакаранне ў выглядзе 9 гадоў пазбаўлення волі. Яго затрымалі ў верасні 2022 года, калі ён спрабаваў уцячы ў Беларусь.
Акрамя шпіянажу, яго прызналі вінаватым у пагрозах сведкам – ён, калі быў на волі да суда, напісаў аднаму з іх пагрозлівае паведамленне, пасля чаго зноў быў узяты пад варту.
Следства ўстанавіла, што прапагандыстка Лебедзева давала Даніелюсу канкрэтныя ўказанні наконт таго, якую інфармацыю збіраць. Найбольш яе цікавілі беларускія арганізацыі, што дзейнічаюць у Літве, людзі, якія ўцяклі з Беларусі ад рэпрэсіяў, а таксама тыя, хто дапамагаў ім эвакуявацца. Акрамя гэтага, яна запатрабавала звесткі пра вучэнні палка Каліноўскага, яго ўзбраенне і ланцугі паставак. Даніелюс, атрымаўшы давер ад беларускіх арганізацыяў, прапаноўваў ім юрыдычную дапамогу, але ягоныя частыя пытанні выклікалі падазрэнні.
Якуб Хруст belsat.eu