Жыхар Баранавічаў знішчыў аўтамабіль мясцовага 38-гадовага вайскоўца ўнутраных войскаў МУС. Пра гэта паведамілі ў тэлеграм-канале Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі.
У МУС заявілі, што напярэдадні вайсковец затрымаў нецвярозага кіроўцу і перадаў яго працаўнікам ДАІ. Гэта не спадабалася прыяцелю затрыманага. Той вырашыў адпомсціць: дачакаўшыся ночы, прыйшоў да дому крыўдніка, абліў бензінам ягоны «Volkswagen» і падпаліў.
Па гарачых слядах міліцыянты затрымалі падазраванага – 40-гадовага мясцовага жыхара.
,,«Выявілася, што гэта міліцыянт. Я не ведаў гэтага і пастанавіў адпомсціць», – расказаў мужчына.
У дачыненні мужчыны пачатая крымінальная справа за наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці, здзейсненае небяспечным для ўсіх спосабам. Затрыманы ўзяты пад варту, яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Нагадаем, што 30 ліпеня 2024 года а 3-й гадзіне ночы на вуліцы Драздовіча ў Наваградку гарэў аўтамабіль «Audi 80». Паводле звестак «Белсату», невядомыя падпалілі яго каля дому ўладальніка – Віктара Машчара, намесніка начальніка ў ідэалагічнай працы і кадравым забеспячэнні Наваградскага заводу газавай апаратуры.
Якуб Хруст belsat.eu