15 траўня ў Беларусі затрымалі шэраг топ-менеджараў «Еўрагандлю» – юрыдычнай асобы, якая валодае сеткаю крамаў «Еўраопт». Пра гэта са спасылкаю на свае крыніцы паведамляе «Наша Ніва».
Паводле выдання, у цэнтральным менскім офісе «Еўрагандлю» адбыліся затрыманні з выломваннем дзвярэй. Меркавана, з ператрусам прыходзіў Дэпартамент фінансавых расследаванняў. Але прычыны прэтэнзіяў пакуль невядомыя.
Топ-менеджараў, якія былі ў памяшканні, затрымалі. Драбнейшы персанал пакінулі на волі.
На канец 2024 года «Еўраопт» налічваў 1139 крамаў, у кампаніі працавала амаль 32 тысячы чалавек. Асноўныя бенефіцыяры кампаніі – Сяргей Літвін і Уладзімір Васілько – жывуць за мяжой яшчэ з 2000-х, пасля мінулай аблавы на кампанію. Пры гэтым старшыня дырэктарскай рады «Еўрагандлю» ў Менску – Аляксандр Літвін, родны брат Сяргея. Ці на свабодзе ён, невядома.
Выданне адзначае, што затрыманні адбыліся на фоне крызісу з гароднінай, у тым ліку з бульбай, што выклікае вялікую незадаволенасць сярод беларусаў.
Нагадаем, што ў красавіку ў Беларусі адбыліся ператрусы ў агенцтвах нерухомасці. Адная з крыніц «Белсату» паведаміла, што ператрусы працягнуліся пасля аднадзённага зацішша 9 красавіка. Першыя як мінімум восем рэйдаў адбыліся 8 красавіка, 10 красавіка стала вядома пра рэйды як мінімум у двух іншых агенцтвах нерухомасці, 11 красавіка – пра яшчэ адзін. І гэта толькі тыя выпадкі, пра якія ведаюць нашыя суразмоўцы, таму насамрэч хваля ператрусаў можа быць больш маштабная.
Якуб Хруст belsat.eu