Перспектываю прыезду ў краіну вялікай колькасці мігрантаў абураюцца ў сацсетках звычайныя беларусы, але прапагандысты бачаць у гэтым уплыў апанентаў улады і Украіны. Яны нібы забыліся, што доўгі час самі ляпілі вобраз мігранта для беларусаў толькі як злачынца і чалавека, які спрабуе нелегальна трапіць у Еўропу і не працаваць. Паглядзелі, як змяніліся наратывы прапаганды і як рэагуюць на навіны пра пакістанцаў беларусы.
У сацсетках абураюцца, МУС – супакойвае і арыштоўвае
Апошнімі тыднямі беларусы актыўна абмяркоўваюць у сацсетках заяву Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ў Беларусь прыедуць працаваць 150 тысяч пакістанцаў. Каментары часцяком ксенафобскія. Сітуацыя пагоршылася пасля бойкі двух замежнікаў у Гомлі. Як пісалі ў сеціве, пакістанцы ўжо нібыта ў Беларусі і буяняць. З'явіліся нават ролікі, у якіх гаварылася, што замежнікі згвалтавалі беларускіх дзяўчат.
МУС узялося супакойваць беларусаў – запэўнівае, што рост злачыннасці з удзелам замежнікаў не зафіксаваны, а саміх пакістанцаў яшчэ няма ў краіне.
Што датычыць бойкі, то МУС паведаміла, што ў ёй бралі ўдзел не пакістанцы, а студэнты-мараканцы, паміж якімі адбыўся бытавы канфлікт. Цяпер «вызначаецца пытанне аб прыцягненні іх да адказнасці і высыланні з краіны».
«Плаціць нармальна трэба, і пакістанцы не спатрэбяцца»
МУС прыстрашыў, што за фэйкі, паніку і міжнацыянальную варожасць будзе пакаранне. А тэлеграм-канал, звязаны з сілавікамі, паказаў двух затрыманых за ілжывую інфармацыю пра злачынствы.
Аднак каментатары пасля бойкі мараканцаў не шкадуюць замежнікаў:
«Еўрапейская традыцыя перавандравала ў Беларусь. Чакаем пакістанцаў, каб такое пачало адбывацца на ўсіх вуліцах Менску», – піша адзін з карыстальнікаў пра бойку.
,,«Калі з цэнтру мараканскай культуры бʼюцца на плошчы, то страшна ўявіць, што будуць рабіць рабочыя з Пакістану».
«Мы былі адзінай краінай без гэтых паўднёвых сяброў, а цяпер нешта пайшло не гэтак».
«Хай прыязджаюць, але калі будуць сябе гэтак паводзіць, то паднімуцца і самі беларусы. Будзе балюча камусьці».
«Лепш бы кітайцы, а не пакістанцы прыехалі».
Некаторыя задаюцца пытаннем, навошта наагул спатрэбілася, каб у Беларусь прыехалі пакістанцы.
,,«Са словаў Лукашэнкі, не хапала людзей на заводзе, але ў мяне такое ж пытанне, як і ў вас, бо больш за палову нават не пойдзе туды», – адказвае іншы каментатар.
«Плаціць нармальна трэба, і пакістанцы не спатрэбяцца», – дадае яшчэ адзін.
«А сірыйцаў ужо выціснулі ў Польшчу? Ці цырк на заказ гаспадара Лукі працягваецца?», – згадвае міграцыйны крызіс іншы карыстальнік.
Некаторыя ўступаюцца за замежнікаў, паказваюць на ксенафобію, але згоды каментатары не дасягаюць.
,,«Гэта вінаватая не нацыянальнасць, а самі людзі, спадзяюся, пакістанцы пакажуць сябе з добрага боку, перабываючы ў чужой краіне», – пішуць пад навіной пра бойку мараканцаў.
Прапаганда вінаваціць Украіну і расяянак
Прапагандысты з «Праўда. Гомель» дадалі з нагоды бойкі, што мараканцы пабіліся праз дзяўчыну. Яны заўважылі, што гэтая бойка разам з навінамі аб прыездзе ў Беларусь 150 тысяч пакістанцаў выклікалі рэзкія рэакцыі ў беларускім сегменце папулярных сацсетак. Людзі, часцяком падлеткі, настроеныя агрэсіўна, абяцаюць ужываць гвалт да пакістанцаў, дзяўчат заклікаюць насіць пярцовыя балончыкі і іншае.
Прапагандысты не дапускаюць, што беларусы могуць быць не талерантнымі. Паводле версіі прапаганды, сітуацыю раздзімаюць «грантаеды» з Варшавы і Вільні. Нібыта гэта апаненты ўлады ў Беларусі ствараюць фэйкі пра згвалтаванні мігрантамі і пра тое, што біліся пакістанцы, а не мараканцы. Раптам у спісе вінаватых апынулася і Украіна.
«Скажу шчыра, тут прасочваецца адкрыты след ЦІПсА [Цэнтр інфармацыйна-псіхалагічных аперацыяў Украіны]», – кажа прапагандыстка.
Нібыта гэты цэнтр працуе, каб пасеяць страх і «выклікаць унутраны хаос у Беларусі». Украінскім ЦІПсА расейскія z-прапагандысты любяць палохаць расейцаў пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.
«Людзі прыедуць папрацаваць і зʼедуць. Ніякіх шарыяцкіх зонаў у Менску не будзе. Урэшце мы ў Заходняй Еўропе. Па-другое, МУС і спецслужбы ў нас працуюць добра», – кажа прапагандыстка.
У канцы яна папярэджвае, што ролікі з панікаю ў сацсетках – гэта не жарты, а амаль ці не «крыміналка».
Тэлеграм-канал «Беларускі сілавік» напісаў, што панікёрскія ролікі публікуюць б'юці-блогеры і наагул «першакрыніцамі такіх вірусных відэа зрабіліся рускамоўныя дзяўчыны, якія мігравалі ў краіны Еўразвязу, расяянкі або тыя, хто пражывае ўсюды, акрамя самой Беларусі».
Уключыўся нават цяпер ужо праўладны блогер Раман Пратасевіч і задаўся пытаннем «ці беларусы, вядомыя сваёй гасціннасцю і талерантнасцю, іх [варожыя каментары] пісалі?». Ён заклікаў беларусаў не весціся на маніпуляцыі.
Прапагандыст Ігар Тур выклаў сваю версію падзеяў:
«Старт разварушванню тэмы далі экстрэмісцкія рэсурсы, а затым падхапілі экзальтаваныя малалетнія "эксперты" ў ТыкТоку».
Пры гэтым, калі прасачыць за тым, што выдае Тур, то незразумела, чаму беларусам радавацца. Ён сам палохаў людзей, што цяпер у краіну прыедуць працаздольныя і заматываваныя пакістанцы, якія ўдзесяцёх заменяць сто беларусаў на якім-небудзь заводзе.
,,«Ці не выйдзе так, што дзесяць талковых пакістанцаў за добры паводле мерак Беларусі і выдатны паводле мерак Пакістану заробак гатовыя выдаваць тую самую прадукцыйнасць працы ў два – тры разы вышэйшую? Ці не прывядзе прыбыццё такіх спецыялістаў да аўтаматычнага і крыху больш справядлівага разгляду пытання, колькі на заводзе людзей і якім павінен быць рэальны заробак?», – кажа Тур.
У дадатак ён заявіў, што беларусы на працы толкам і не працуюць.
«Я ўвесь час і ўсюды бачу людзей, якія на сваіх працоўных месцах калупаюцца з нізкай прадукцыйнасцю, адцягваючыся то на каўкі выпіць, то на папаліць, то з калегамі пагутарыць», – заявіў Тур.
Раней прапаганда расказвала, што мігранты – злачынцы

Цяпер прапагандысты актыўна абараняюць пастанову Лукашэнкі і вітаюць мігрантаў у Беларусі. Аднак наўрад ці можна сказаць, што праца праўладных СМІ ў папярэднія гады спрыяла росту талерантнасці ў краіне. У некаторых выпадках яны наадварот падштурхоўвалі беларусаў да ксенафобіі.
Напрыклад, у верасні 2018 года на «Беларусь 1» выйшаў сюжэт пра мігрантаў у Швецыі. Называецца ён «Швецыя: грамадзяне стаміліся ад мігрантаў». У матэрыяле гаворыцца пра ўцекачоў, а не працоўных мігрантаў, але ідэя палягае на тым, што ў праблемах Швецыі вінаватыя замежнікі.
,,«Швецыя з насельніцтвам 10 мільёнаў чалавек толькі за апошні год прыняла больш за 160 тысяч мігрантаў. Краіна відавочна стамілася ад іх, абывацель відавочна раззлаваны», – гаворыцца ў сюжэце.
Пры гэтым лічбы вельмі падобныя на беларускія. Лукашэнка кажа пра 150 тысяч пакістанцаў, а, паводле звестак Белстату, у Беларусі на 1 студзеня 2025 года пражывала 9 109 280 чалавек.
Далей героі сюжэту пра Швецыю апавядаюць, што мігрантаў занадта шмат і ў іх ёсць «схільнасць да злачынстваў».
«Швецыю доўга лічылі адной з самых бяспечных краінаў, а тут што ні дзень, то новае надзвычайнае здарэнне, звязанае з замежнікамі: забойствы, рабаванні з ужываннем агнястрэльнай зброі, панажоўшчына, згоны і падпалы машынаў, што, здаецца, ператварыліся ў любімую забаву моладзі з этнічных анклаваў, – гаворыцца ў сюжэце. – Катастрафічна вырасла колькасць злачынстваў на сексуальнай глебе».
У цэлым бальшыня сюжэтаў пра мігрантаў на Захадзе на YouTube-канале «NEWS.BY» альбо пра смерці мігрантаў, альбо пра злачынствы, што яны здзяйсняюць. І такая сітуацыя назіралася гадамі. Пасля пачатку міграцыйнага крызісу ў 2021 годзе дадаліся яшчэ ролікі з абвінавачваннямі Захаду ў крызісе.

Сам Лукашэнка таксама даволі дзіўна гаворыць пра іншаземцаў. Частка з іх, паводле яго, жадаюць Беларусі вайны, а частка – некампетэнтныя.
«Мяне ўжо інфармуюць, што пачынаюць падцягвацца людзі з усходу. Не толькі тыя, якія жадаюць нам нейкай варожасці і вайны. Не, падцягваюцца людзі, якія хочуць жыць, працаваць, зарабляць і нейкую капейку пасылаць на радзіму, каб пракарміць сваіх дзяцей. Але гэтыя людзі далёкія ад тых справаў, якія мы развязваем. Яны некампетэнтныя. Яны прафесійна не падрыхтаваныя. Гэта таксама не страшна. Галоўнае, каб гэтыя людзі хацелі працаваць і вучыцца. Наш народ можа навучыць людзей», – сказаў ён у студзені 2025 года.
Аднак прапаганда паказвае патрэбную Лукашэнку карцінку. Калі трэба распавесці, што ў Еўропе справы дрэнныя, мігранты робяцца ў сюжэтах прапаганды небяспекаю, калі трэба падтрымаць Лукашэнку, – пакорлівымі і працавітымі работнікамі.
Арсен Рудэнка belsat.eu