«Рэжым бачыць пагрозу сваёй злачыннай уладзе». Ціханоўская – пра выбары ў Каардынацыйную раду


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская растлумачыла важнасць выбараў у КР трэцяга складу і тое, чаму яны так напружваюць рэжым.

Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская падчас прамовы перад Кангрэсам рэгіянальных і мясцовых уладаў. Страсбур, Францыя. 28 сакавіка 2024 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Каардынацыйная рада (КР) ёсць неад’емнаю часткаю структуры дэмакратычных сілаў, платформаю для спрэчак і дыскусіяў, якая «дасць магчымасць беларусам уплываць на рашэнні сваіх лідараў».

Паводле Святланы Ціханоўскай, КР «павінна адказваць на запыты беларусаў, абараняць іхныя інтарэсы», і ёй бы хацелася «там чуць і бачыць розныя галасы, новыя ідэі і людзей з рознымі поглядамі».

«Мы ўсе розныя, але ў нас адна мэта – свабодная Беларусь, – падкрэсліла Святлана Ціханоўская. –Я ведаю і бачу ўсе хібы ды недасканаласці выбараў і сістэмы галасавання. Але гэта першая спроба Каардынацыйнай рады арганізаваць незалежны выбарчы працэс, чаго беларусы пазбаўленыя былі дзесяцігоддзямі».

Дэмакратычная лідарка падзякавала «ўсім, хто вылучаецца і галасуе», а таксама падтрымала тых, хто «ўжо зазнаў рэпрэсіі за ўдзел у кампаніі, новыя крымінальныя справы і пераслед блізкіх»:

«Рэжым працягвае запалохваць і спрабуе сарваць дэмакратычны працэс, бо бачыць у гэтым пагрозу сваёй злачыннай уладзе».

Выбары ў КР пачаліся апоўначы 25 траўня і, згодна з першапачатковым планам, маюць завяршыцца а 23:59 27 траўня.

Нагадаем, што першапачаткова на месца ў новым складзе Каардынацыйнай рады прэтэндавалі 280 чалавек: у выбарчую камісію былі пададзеныя 13 спісаў, якія праходзілі верыфікацыю. Цяпер у выбарчай гонцы засталіся 234 асобы і 11 спісаў. Беларусы галасуюць на гэтых выбарах не за канкрэтных кандыдатаў, а менавіта за спісы.

Прагаласаваць можна ў мабільнай праграме «Belarus ID», а беларусы ў Беларусі могуць аддаць свой голас ва ўэб-версіі, бо праграма даступная толькі тым, хто за мяжою.

Выбары ў КР
Дбайце пра бяспеку: беларусам у Беларусі прыходзяць спасылкі з заклікам прагаласаваць на выбарах у КР
2024.05.25 13:39

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў