Дбайце пра бяспеку: беларусам у Беларусі прыходзяць спасылкі з заклікам прагаласаваць на выбарах у КР


Карыстальнікам у Беларусі прыходзяць падазроныя спасылкі з заклікам узяць удзел у галасаванні на выбарах у Каардынацыйную раду (КР) трэцяга складу. Пра гэта паведамляе старшыня Выбарчай камісіі КР Алена Прыходзька.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Каардынацыйная рада арганізуе слуханні прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінету. Варшава, Польшча. 3 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

«Калі ласка, не карыстайцеся ніякімі спасылкамі, якія вам дасылаюць у хоць бы якіх чатах, тэлеграм-каналах альбо прыватныя асобы, – папярэдзіла яна. – Карыстайцеся толькі афіцыйнымі спасылкамі на сайце Каардынацыйнай рады альбо ў афіцыйным тэлеграм-канале Каардынацыйнай рады. Яшчэ раз заклікаю вас, калі ласка, дбайце пра вашую бяспеку».

Паводле Прыходзькі, камісія КР атрымлівае паведамленні, што ў Беларусі па беларускіх чатах рассылаюцца спасылкі з заклікам галасаваць.

«Выбарчая камісія і Каардынацыйная рада не маюць ніякага дачынення да гэтых спасылак. Мы не займаемся ніякай рассылкай, як ёй не займаецца ніхто з выбарчых суб’ектаў», – падкрэсліла Алена Прыходзька.

Выбары ў КР пачаліся апоўначы 25 траўня і, згодна з першапачатковым планам, мусяць завяршыцца а 23:59 27 траўня.

Хутка пасля запуску галасавання адбылася масаваная DDoS-атака на платформу для галасавання. Спробу парушыць працу сістэмы адбілі. Пра тое, што «нічога страшнага не адбылося», заявіў кіраўнік IT-платформы «Новая Беларусь» Павел Лібер, каманда якога распрацавала інфраструктуру для верыфікацыі выбарнікаў і онлайн-галасавання «Belarus ID».

Выбары ў КР
Онлайн-галасаванне на выбарах у Каардынацыйную раду пачалося з DDoS-атакі
2024.05.25 08:29

Для ўдзелу ў выбарах былі зарэгістраваныя 12 выбарчых спісаў, адзін з іх – «Закон і правапарадак» на чале з лідарам арганізацыі былых сілавікоў «ByPol» Аляксандрам Азаравым – 24 сакавіка быў выключаны з гонкі на фоне скандалу з агітацыяй праз чат-бот плану «Перамога».

Раней рэжым Аляксандра Лукашэнкі прызнаў усе 12 выбарчых спісаў экстрэмісцкімі фармаваннямі. Пазней Следчы камітэт адкрыў крымінальныя справы на 257 чалавек, якія выказалі жаданне балатавацца ў КР.

Выбары ў КР
Як галасаваць на выбарах у Каардынацыйную раду. Праверылі бэта-версію праграмы
2024.05.20 07:23

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў