Прадстаўнікі спісу «Закон і правапарадак» Азарава падалі скаргу ў Выбарчую камісію аб зняцці


Прадстаўнікі спісу «Закон і правапарадак» Аляксандра Азарава падалі скаргу ў Выбарчую камісію адносна зняцця іхнага спісу з выбараў у Каардынацыйную раду. Тэкст скаргі быў апублікаваны ў тэлеграм-канале арганізацыі BYPOL.

Слуханні справаздачы Аляксандра Азарава, чальца Аб’яднанага пераходнага кабінету, у Каардынацыйнай радзе. Варшава, Польшча. 5 жніўня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

У дакуменце сказана, што гэтая скарга з’яўляецца афіцыйным апратэставаннем дзеянняў камісіі прадстаўнікамі выбарчага суб’екту №5 «Закон і правапарадак». У ім падкрэсліваецца патрабаванне неадкладнага перагляду прынятага рашэння.

У скарзе прыводзіцца для гэтага чатыры асноўныя аргументы.

Першы – гэта тое, што спіс «Закон і Правапарадак» займае трэцяе месца па папулярнасці і прадстаўляе прынамсі 14% усіх выбаршчыкаў, якія ўдзельнічаюць у выбарах.

«Зняцце нашага спісу з удзелу ў выбарах пазбаўляе значную частку грамадства права на дэмакратычнае волевыяўленне, значна ўплывае на вынікі выбарчага працэсу і пазбаўляе іншых чальцоў спісу права быць абранымі, што парушае міжнародныя стандарты правядзення дэмакратычных выбараў», – падкрэсліваецца ў дакуменце.

Па-другое, паводле рэгламенту і палажэнняў Каардынацыйнай рады не прадугледжваецца магчымасць зняцця спісу з удзелу ў выбарах «па прычыне выкарыстання сродкаў зносін, такіх як чат-бот плана «Перамога». Камісія не мае правоў дзейнічаць у такім напрамку».

Па-трэцяе, зняцце спісу «Закон і правапарадак» – гэта пазбаўлення права на свабодныя і дэмакратычныя выбары, гаворыцца ў скарзе.

«Асноўны прынцып дэмакратычных выбараў – гэта свабодны абмен інфармацыяй паміж выбаршчыкамі і кандыдатамі. Пункт 8.2 Палажэння аб выбарах у Каардынацыйную раду адзначае, што ўсе выбарчыя суб’екты і кандыдаты свабодныя ў выбары сродкаў і метадаў выкарыстання інфармацыйных тэхналогій. Чат-бот плана «Перамога» быў законным сродкам камунікацыі з выбаршчыкамі, які супадае з агульнапрынятымі міжнароднымі стандартамі», – гаворыцца ў заяве.

І нарэшце адзначаецца, што для зняцця не было «юрыдычных і абгрунтаваных прычын», бо рашэнне камісіі не ўтрымлівае ніякай юрыдычнай аргументацыі ці канкрэтных правілаў парушэння, на падставе якіх было прынята рашэнне аб зняцці спісу.

«Такія дзеянні былі прыняты на аснове асабістага меркавання і прэтэнзій да Аляксандра Азарава, што не адпавядае стандартам дэмакратычных выбараў», – падкрэсліваецца ў дакуменце.

Падпісана скарга кіраўніком выбарчага суб’екту «Закон і Правапарадак» Аляксандрам Азаравым.

Нагадаем, што вечарам 21 траўня карыстальнікі Telegram, якія калісьці зарэгістраваліся ў плане «Перамога», масава атрымалі паведамленні з заклікам галасаваць за Аляксандра Азарава і яго спіс «Закон і правапарадак». З-за такіх паведамленняў маглі быць арыштаваныя беларусы ўнутры краіны. У сваіх скаргах людзі патрабавалі ад камісіі адрэагаваць на гэта належным чынам. Выбраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская 22 траўня заявіла, што Азарава пазбавілі доступу да бота плану.

Камісія па выбарах у новы склад Каардынацыйнай Рады 23 траўня прапанавала Аляксандру Азараву зняць сваю кандыдатуру з выбараў да 9:00 24 траўня, папярэдзіўшы, што інакш будзе зняты ўвесь спіс «Закон і правапарадак».

Выбарчы спіс «Закон і правапарадак» на выбарах у Каардынацыйную раду не стаў выключаць Аляксандра Азарава са спісу і апублікаваў у тэлеграм-канале арганізацыі «BYPOL» свой адказ.

24 траўня Выбарчая камісія пастанавіла зняць з выбараў у КР спіс «Закон і правапарадак» у якасці пакарання за выкарыстанне чат-бота плану «Перамога» для агітацыі.

Выбары ў Каардынацыйную раду пройдуць з 25 па 27 траўня.

ВІДЭА
Аляксандр Азараў: План «Перамога» мы распрацавалі, мы атрымалі за яго вялікія тэрміны
2024.05.24 13:08

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў