У асуджанага журналіста Сяргея Сацука пагоршылася здароўе


Сваякі асуджанага журналіста Сяргея Сацука атрымалі ад яго лісты з СІЗА № 4 Магілёва. Палітвязень скардзіцца, што ў яго пагоршылася здароўе, піша БАЖ.

Сяргей Сацук. Скрыншот “Белсат”

Асуджанага да 8 гадоў калоніі палітвязня, журналіста Сяргея Сацука этапавалі ў снежні летась у магілёўскую турму №4. Пакуль ён у СІЗА, бо да гэтага часу не разгледзелі яго апеляцыйную скаргу. У лістах родным Сяргей Сацук скардзіцца, што яму наўмысна не даюць патрэбныя лекі. У палітвязня пачынаюцца праблемы з сэрцам.

«Моцна захварэў, паднялася тэмпература і абвастрыўся гаймарыт. Піша, што гэтым разам прыхапіла грунтоўна. Але толькі калі адкрыўся рэзкі кашаль, лекар даў антыбіётык і нават дазволіў два дні пасцельнага рэжыму – само па сабе небывалае паслабленне», – распавядаюць родныя журналіста.

У Сяргея Сацука ў СІЗА здарыўся прыступ мярцальнай арытміі, бо для эканоміі таблетак, якія заканчваюцца, ужывае толькі палову ад неабходнага. Лекі, што родныя дасылалі яму раней адміністрацыя не аддае, хоць ён рэгулярна звяртаецца.

Сяргея Сацука прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў: арт. 430 («Атрыманне хабару»), арт. 130 («Распальванне варожасці») і арт. 426 («Перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў»). Суддзя Святлана Бандарэнка прысудзіла яму 8 гадоў зняволення.

Журналіста, галоўнага рэдактара выдання «Ежедневник», затрымалі 6 снежня 2021 года. Падставай для арышту стала старая справа аб атрыманні хабару. Сяргея Сацука затрымалі супрацоўнікі Следчага камітэту, у яго правялі ператрус, узялі пад варту. 9 снежня 2021 года яго прызналі палітвязням.

Hавiны
Журналіста Сяргея Сацука этапавалі ў магілёўскую турму. Без разгляду апеляцыйнай скаргі
2022.11.12 14:28

 

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў