Паслы краінаў ЕЗ узгаднілі 11-ы пакет санкцый супраць Расеі


Пастаянныя прадстаўнікі краін-чальцоў Еўразвязу 21 чэрвеня дамовіліся аб прыняцці 11-га пакету санкцый супраць Расеі. Пра гэта паведаміла ў Twitter шведскае старшынства ў Радзе ЕЗ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Сёння паслы ЕЗ узгаднілі 11-ы пакет санкцый супраць Расеі. Пакет уключае меры, накіраваныя на супрацьдзеянне абходу санкцый, і індывідуальныя спісы», – гаворыцца ў паведамленні шведскага старшынства.



Новы пакет санкцыяў прадугледжвае абмежавальныя захады ў дачыненні да 71 новай фізічнай і 33 юрыдычных асобаў, утрымлівае забарону на ўезд у ЕЗ прычэпаў з Расеі, а таксама ўключае ў сябе захады, што дапамогуць спыніць абыход раней уведзеных санкцый. Напрыклад, забараняецца транзіт праз тэрыторыю РФ тавараў і тэхналогій, якія могуць быць выкарыстаныя Узброенымі сіламі Расеі альбо дапамагчы ва ўмацаванні расейскай абароназдольнасці.

«Ён [пакет санкцыяў] нанясе далейшы ўдар па ваеннай машыне Пуціна праз узмацненне экспартных абмежаванняў, накіраваных на суб’ектаў, якія падтрымліваюць Крэмль. Наш інструмент супрацьдзеяння абыходу не дазволіць Расеі атрымаць санкцыйныя тавары», – заявіла старшыня Еўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен.

Паводле амбасадара Польшчы пры Еўразвязе Анджэя Садася, у 11-м пакеце будзе прапісаная забарона на транспартаванне нафты па паўднёвай лініі нафтаправоду «Дружба» – гэта адзіны на сёння шлях для расейскай нафты ў Еўропу.

Таксама працягваецца тэрмін прыпынення дзейнасці ліцэнзіяў на вяшчанне ў Еўразвязе пяці СМІ, падкантрольных расейскай дзяржаве.

Еўрапейская камісія накіравала краінам-сябрам ЕЗ прапановы па 11-м пакеце санкцый супраць РФ яшчэ ў пачатку траўня. Аднак дамовіцца аб санкцыях не маглі некалькі тыдняў праз тое, што Грэцыя і Венгрыя пратэставалі супраць унясення Украінай некаторых з іх кампаній у спіс «спонсараў вайны». Гэтыя краіны хацелі, каб іх кампаніі былі выкраслены з гэтага спісу.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў