Прыгожын звярнуўся да вагнэраўцаў і паабяцаў зрабіць беларускую армію другой у свеце


У тэлеграм-канале, звязаным з Яўгеніем Прыгожыным, з’явілася відэа звароту кіраўніка ПВК Вагнэра да сваіх байцоў, зробленае на беларускай зямлі.

Яўген Прыгожын. Скрыншот з відэа: concordgroup_official / Telegram

Відэа, верагодна, было запісана каля вёскі Цэль вечарам 18 ліпеня.

У сваёй прамове Яўгеній Прыгожын адзначыў, што ягоныя войскі «годна ваявалі» ва Украіне.

Але тое, што адбываецца на фронце, ён ахарактарызаваў як ганьбу, у якой прадстаўнікам ПВК не трэба ўдзельнічаць. «Таму трэба дачакацца таго моманту, калі мы зможам праявіць сябе па поўнай праграме», – дадаў Прыгожын.

Кіраўнік Вагнэра адзначыў, што «прынята рашэнне, што мы будзем знаходзіцца тут, у Беларусі, нейкі час. За гэты час мы зробім, і я ў гэтым упэўнены, беларускую армію другой арміяй у свеце. А калі трэба, то ўступімся за іх, у выпадку, калі гэта спатрэбіцца».

Прыгожын папрасіў байцоў «максімальна звярнуць увагу» на тое, што беларусы сустрэлі іх не толькі «як герояў, а як братоў». «Таму аднясёмся (да беларусаў) так жа па-братэрску», – дадаў ён.

«Далей рыхтуемся, павышаем свой узровень, і ў новы шлях – у Афрыку, і, магчыма, вернемся ў СВА ў той момант, калі будзем упэўненыя, што нас не прымусяць зганьбіць саміх сябе і свой вопыт», – сказаў Прыгожын.

Нагадаем, што ў Беларусь, пачынаючы з 11 ліпеня прыбываюць вайскоўцы ПВК Вагнэра. Дакладная колькасць на дадзены момант невядомая. Агулам у Беларусь, паводле падлікаў маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», прыбыло ад 382 да 400 машын вагнэраўцаў. А гэта толькі адных кіроўцаў чатыры сотні. Агульная колькасць расейскіх наймітаў у Беларусі цяпер ацэньваецца ў 2000–2500.

Увечары 18 ліпеня «Беларускі гаюн» паведаміў аб тым, што ў Беларусь заехала шостая калона, якая складалася прыблізна са 100-120 машын.

Аналітыка
Колькі каштуе ўтрыманне вагнэраўцаў у Беларусі? Спрабуем падлічыць
2023.07.19 08:00

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў