На Запарожскай АЭС «аварыя на рэактары вельмі блізкая» – прэзідэнт «Энергаатаму»


Праз пашкоджаную праводку на захопленай расейскімі войскамі Запарожскай атамнай электрастанцыі ўжо тройчы былі сітуацыі, непасрэдна блізкія да аварыі, расказаў нямецкаму тэлеканалу ZDF кіраўнік украінскага «Энергаатаму» Пятро Коцін. Да таго ж, пляцоўка АЭС замінаваная, а супрацоўнікаў катуюць.

Запарожская АЭС.
Фота: Энергаатом/Telegram

Сітуацыя на Запарожскай АЭС пагаршаецца з кожным тыднем, расказаў Пятро Коцін. Нядаўна Запарожская АЭС цалкам спыніла працу, потым была цалкам абясточаная на пэўны час. Такога, кажа Коцін, яшчэ не бывала, тым больш перад зімой.

«Усё, што я магу сказаць, гэта тое, што гэта самая небяспечная атамная электрастанцыя ў свеце, пакуль там ёсць расейцы», – заявіў ён.

Расейскія вайскоўцы, кажа Коцін, пашкодзілі адміністрацыйны будынак, навучальны цэнтр, галоўны трансфарматар і яшчэ адзін з трансфарматараў, шосты энергаблок і будынак першага энергаблоку, занялі ўсе будынкі і адзін ператварылі ў вайсковую базу. Вайсковую тэхніку захоўвалі ў тым ліку ў машынных залах энергаблокаў – у тэхніцы магла быць выбухоўка, ды і ў выпадку пажару гэтая тэхніка перашкаджала б змагацца з агнём. Уся тэрыторыя АЭС замінаваная, таму перасоўванні персаналу станцыі абмежаваныя.

Аналітыка
Расея і Украіна паказалі страшныя мапы магчымай аварыі на Запарожскай АЭС. Усё напраўду гэтак дрэнна?
2022.08.19 18:15

Паводле Коціна, супрацоўнікі Запарожскай АЭС знаходзяцца пад моцным ціскам расейскіх вайскоўцаў і прызначанага з Расеі дырэктара (украінскага дырэктара бралі ў палон), іх прымушаюць падпісваць кантракты з Расеяй (бо Расея анексавала тэрыторыі Запарожскай вобласці, захопленыя ў час вайны ва Украіне), ставяць выбар: або кантракт, або збіццё і катаванні. Супрацоўнікам забаронена пакідаць тэрыторыю станцыі.

На ягоную думку, «аварыя на рэактары вельмі блізкая» ў тым ліку праз пашкоджанне энергазабеспячэння: ужо тройчы былі сітуацыі, непасрэдна блізкія да аварыі, калі даводзілася падключаць дызельныя генератары. Гэтых генератараў хопіць максімум на 10 дзён. Сілавая ўстаноўка залежыць ад энергазабеспячэння, а ўся праводка пашкоджаная. Калі спыніцца сістэма ахалоджвання, можа пачацца плаўленне паліўных стрыжняў рэактараў, як было на атамнай станцыі ў японскай Фукусіме.

Коцін спадзяецца на дапамогу Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі, бо калі МАГАТЭ не дамовіцца аб стварэнні абарончай зоны вакол АЭС, то справай зможа заняцца хіба Рада бяспекі ААН, а там Расея мае права вета.

Разбор
Бачу навіны пра пагрозу ядравай вайны. Што зрабіць проста зараз, каб падрыхтавацца?
2022.09.30 10:49

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў