Ціханоўская расказала, як Нобэлеўская прэмія Бяляцкаму дапаможа беларусам


У дзень, калі абвясцілі лаўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру 2022 года, лідарка беларускага дэмакратычнага руху Святлана Ціханоўская была з візітам у Парыжы. Яна дала кароткую прэс-канферэнцыю і згадала, што Алесь Бяляцкі сярод іншага – ганаровы грамадзянін некалькіх гарадоў, у ліку якіх Парыж.

Архіўнае фота. Алесь Бяляцкі і Святлана Ціханоўская на ўручэнні прэміі Сахарава «За свабоду думкі». Брусель, Бельгія. 16 снежня 2020 года.
Фота: spring96.org

Святлана Ціханоўская сказала, што Нобэлеўскі камітэт уганараваў кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага «самай важнай узнагародай у свеце», а Бяляцкі стаў «сімвалам глабальнага змагання за правы чалавека».

«Гэтая ўзнагарода – моцнае пасланне падтрымкі ўсім беларусам, якія бясстрашна паўсталі супраць тыраніі. Гэтая ўзнагарода – моцнае пасланне салідарнасці з тымі, хто за кратамі, як Алесь і мой муж. Гэта ўзнагарода ўсім палітычным зняволеным».

Яна дадала, што радая ўганараванню Нобэлеўскай прэміяй праваабаронцаў з Расеі і Украіны, бо «барацьба супраць двух злосных дыктатараў Лукашэнкі і Пуціна – гэта барацьба за дэмакратыю для ўсяго свету», а таксама таму, што «лёсы Беларусі і Украіны пераплеценыя – не будзе свабоды ў Беларусі, пакуль не будзе міру ва Украіне».

Hавiны
«Сігнал Лукашэнку і Пуціну». Каму разам з Бяляцкім далі Нобэлеўскую прэмію міру
2022.10.07 18:47

Ціханоўская заўважыла, што хоць Нобэлеўская прэмія не вызваліць Бяляцкага (наадварот, зробіць яго «больш дарагім закладнікам» для рэжыму), яна прыцягне ўвагу да сітуацыі ў Беларусі, нагадае свету пра абавязак змагацца за вызваленне палітычных зняволеных.

На пытанне пра будучыню праваабарончага руху ў Беларусі ў час, калі шматлікія праваабаронцы ў няволі ці ў выгнанні, яна адказала:

«Наш рух жывы. Нашыя людзі, незалежна ад полу, прафесіі і статусу, не здаліся, бо мы разумеем, што гэта наш маральны абавязак – дамагчыся вызвалення ўсіх палітычных зняволеных».

Ціханоўская адзначыла, што сітуацыя ў Беларусі губляецца на фоне жахлівай вайны ва Украіне, але людзі ў Беларусі працягваюць пакутаваць у турмах, штодзень перажываюць катаванні, маральныя і фізічныя здзекі.

Hавiны
Прадстаўніца Пераходнага кабінету: «Прызнанне Алеся Бяляцкага стварае велізарны ціск на Лукашэнку»
2022.10.07 16:51

З палітычным і эканамічным ціскам на рэжым Аляксандра Лукашэнкі з аднаго боку, з падтрымкай грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў і культурных праектаў з другога боку можна даць беларусам энергію для змагання, растлумачыла яна:

«Раней ці пазней акно магчымасцяў у Беларусі зноў з’явіцца. Нам трэба захаваць сваю моц, захаваць сваю энергію, каб выкарыстаць гэты момант напоўніцу».

Яна прызналася, што да 2020 года не была знаёмая з Бяляцкім – была звычайнай грамадзянкай Беларусі, займалася сям’ёй і дзецьмі, не цікавілася палітычнай сітуацыяй, хоць ведала, што праціўнікі рэжыму знікаюць або трапляюць за краты. Цяпер Ціханоўская ведае: Бяляцкі стаяў у вытокаў праваабарончага руху, не здаваўся пасля таго, як сутыкаўся з рэпрэсіямі супраць сябе, і працягваў дапамагаць іншым рэпрэсаваным.

Артыкулы
Што такое «Вясна»? Кароткая гісторыя праваабарончага цэнтру, на які напала дзяржава
2021.07.14 15:55

Яна згадала, што сустрэлася з Бяляцкім у 2020 годзе, ён натхніў яе – казаў, што падтрымлівае яе і што бласлаўляе на прадстаўленне Беларусі на міжнароднай арэне, што далучыцца да ейнай справы і возьме на сябе пытанне палітвязняў.

«Ён як камень, ён наш сапраўдны герой», – сказала Ціханоўская пра Бяляцкага.

На пытанне аб тым, як успрымуць гэтую Нобэлеўскую прэмію Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка, Ціханоўская адказала не адразу: спачатку расказала, як уяўляе вызваленне Бяляцкага і віншаванне яго ўсім народам, як марыць абняць і Бяляцкага, і свайго мужа па вызваленні. У Расеі на афіцыйным узроўні Нобэлеўскай прэміі для «Мемарыялу», хутчэй за ўсё, не заўважаць, а беларускія ўлады могуць нават пакараць Бяляцкага ў зняволенні змяшчэннем у карцар.

Яна таксама падкрэсліла, што рэжым Беларусі і беларускія людзі – не адно і тое ж, бо рэжым на баку Крамля і даў сваю тэрыторыю для расейскага ўварвання ва Украіну, а беларускі народ падтрымлівае Украіну і не падтрымлівае ўдзелу беларускіх вайскоўцаў у гэтай вайне. Беларускія салдаты не маюць антыўкраінскіх настрояў, не хочуць ваяваць супраць добрых суседзяў і сяброў дзеля амбіцыяў двух узурпатараў.

Hавiны
Алесь Бяляцкі больш за год не бачыў жонку з сынам і не размаўляў з імі
2022.10.07 18:52

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў