Пакаралі магілёўца, які вярнуўся з-за мяжы, бо сілавікі абяцалі свабоду


У Магілёўскім абласным судзе з 6 снежня судзілі Аляксандра Кулікова. Яго затрымалі ў чэрвені 2023 года пасля вяртання з Польшчы, паведамляе «Вясна».

Аляксандр Кулікоў за кратамі.
Фота: БелТА

Паводле праваабаронцаў, мужчына з’ехаў за мяжу праз палітычны пераслед, але пазней сілавікі паабяцалі яму, што па вяртанні яго не пазбавяць волі. Але на мяжы Аляксандра затрымалі і змясцілі ў СІЗА.

«Праз два месяцы яго асудзілі за каментары ў “экстрэмісцкіх” чатах. А нядаўна Аляксандра пачалі судзіць за спробу далучыцца да палка Каліноўскага ва Украіне, а таксама за “праходжанне навучання для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці”», – піша «Вясна».

Суддзя Дзяніс Кічыгін 20 снежня пакараў палітычнага вязня чатырма гадамі пазбаўлення волі. Раней мужчыну ўжо засудзілі на тры гады, таму шляхам частковага складання пакаранняў канчатковы тэрмін склаў 4,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

53-гадовы Аляксандр зʼехаў за мяжу ў траўні праз крымінальны пераслед.

«Праз некаторы час яму патэлефанавала старая маці, якая паведаміла пра званок ад следчага, які пагражаў вышукам сына. Кулікову паабяцалі, што калі вернецца, то яму будзе абраная мера пакарання, не звязаная з пазбаўленнем волі. Пасля гэтага палітвязень вярнуўся ў Беларусь», – піша «Вясна».

Першапачаткова на магілёўца завялі крымінальную справу за каментары ў тэлеграм-чатах нібыта за абразу Лукашэнкі і паклёп на Лукашэнку. Па вяртанні яму дадалі абвінавачванні ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні, удзеле на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вербаванні альбо рыхтаванні асобаў да такога ўдзелу, а таксама праходжанні навучання або іншага рыхтавання для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці.

Інтэрв’ю
«Хапае на адну рэжымную перадачу». Як выглядае дапамога палітвязням на сродкі, сабраныя падчас марафону
2023.12.15 07:00

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў