Літоўца асудзілі на 4 месяцы турмы за заклікі да расправы над расейцамі


Жыхар Літвы Вітаўтас М. напісаў пад пастом у Facebook каментар, у якім заклікаў да расправы над расейцамі з-за вайны ва Украіне. Паліцыя правяла расследаванне і перадала справу ў суд, які прысудзіў мужчыну 4 месяцы зняволення за падбухторванне да гвалту, піша delfi.lt.

Паводле матэрыялаў справы, Вітаўтас М. «публічна заклікаў да дыскрымінацыі расейцаў як групы людзей, вылучаючы іх паводле нацыянальнай прыкметы, заклікаў да гвалту ў дачыненні гэтых людзей, а таксама кпіў з расейцаў, выклікаў да іх нянавісць».

Мужчына напісаў каментар пад публікацыяй з цытатай прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы пра тое, што Літва робіць усё магчымае, «каб авантура Расеі закончылася ва Украіне».

«Пабачыў расейца – па галаве», – напісаў Вітаўтас М. у каментары пад публікацыяй. Мужчыну прыцягнулі да адказнасці пасля скаргі аднаго з інтэрнэт-карыстальнікаў.

Абвінавачаны прызнаў сваю віну, але прызнаўся на судзе, што не ведаў, што за такія дзеянні яму пагражае крымінальная адказнасць.

Суд прыняў рашэнне пакараць падсуднага 4 месяцамі зняволення і штрафам 500 еўраў. Апроч таго, абавязаў яго ўзяць удзел у праграме карэкцыі паводзінаў. Пры гэтым суд улічыў абцяжарвальныя абставіны: Вітаўтас М. быў да гэтага чатыры разы пад судом, апошні раз – за псаванне маёмасці.

Hавiны
У Менску судзяць мужчынаў, якія ішлі ў бок сілавіка падчас антываенных пратэстаў
2022.08.20 17:00

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў