Урад Латвіі ўводзіць жорсткі локдаўн у краіне


Ілюстрацыйнае фота.
Фота: АК / Белсат

Для барацьбы з распаўсюджваннем COVID-19 Кабінет міністраў Латвіі вырашыў увесці жорсткія абмежаванні з 21 кастрычніка па 15 лістапада, паведамляе Delfi.lv.

Паводле прынятага рашэння будзе ўведзена каменданцкая гадзіна з 20:00 да 5:00, падоўжацца на тыдзень восеньскія канікулы, а школьнікі з 4 класа пяройдуць на дыстанцыйнае навучанне.

Акрамя таго, зачыняць крамы, акрамя тых, што гандлююць таварамі першай неабходнасці; абмяжуюць прадстаўленне паслуг цырульняў, салонаў прыгажосці і ўстановаў грамадскага харчавання.

Забарона дзейнасці кране спартыўныя, забаўляльныя і культурныя мерапрыемствы (кіно, тэатр, канцэрты).

Будуць уведзены абмежаванні на сходы, а таксама ліміты на рух людзей з розных хатніх гаспадарак у адным аўтамабілі.

Прычына такіх дзеянняў, паводле словаў прэм’ер-міністра Крышʼяніса Карыньша, у тым, што вакцынацыя ў краіне фактычна правалілася. Ён адзначыў, што пасля 15 лістапада, калі краіна вернецца да звычайнага жыцця, для тых, хто не зробіць прышчэпку, жорсткія абмежаванні захаваюцца.

На сёння Латвія выйшла на першае месца ў свеце па тэмпах захворвання COVID-19. Адначасова з гэтым на мінулым тыдні на палову ўзрасла колькасць шпіталізаваных з COVID-19 пацыентаў, а колькасць пацыентаў з цяжкім цягам хваробы вырасла да 62,8%.

Hавiны
«У шпіталях ужо як на вайне» – тэрапеўт пра тое, што нас чакае, калі ковіднікам не будзе ставаць кіслароду
2021.10.19 08:01

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў