Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 6 верасня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 6 верасня чытайце ў нашым аглядзе.

Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: earthweb.com

З моманту поўнамаштабнага ўварвання расейскага войска ва Украіну пайшоў 195-ы дзень. Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, за гэты час страты акупантаў дасягнулі 50 150 чалавек забітымі.

За мінулыя содні расейцы нанеслі 3 ракетныя ўдары па цывільных аб’ектах у гарадах Бахмут і Касцянтынаўка, 35 авіяцыйных удараў па ваколіцах населеных пунктаў Байрак і Асееўка Харкаўскай вобласці, Прышыб, Урэмаўка, Вялікая Навасёлка, Новаміхайлаўка і Новапаль Данецкай вобласці, Палтаўка і Альгоўскае Запарожскай вобласці, Белая Крыніца, Белагорка і Кастромка Херсонскай вобласці і Вялікае Артакова, Цярноўка і Любаміраўка Мікалаеўскай вобласці. Таксама расейцы здзейснілі каля 50 абстрэлаў пазіцыяў ЗСУ з рэактыўных сістэмаў залпавага агню.

Пры гэтым адзначаецца, што Паветраныя сілы Украіны знішчылі пяць з шасці крылатых ракетаў Х-101, якія праціўнік выпусціў з самалётаў Ту-95МС з тэрыторыі Каспійскага мора, а таксама адзін ударны верталёт расейцаў Ка-52 «Алігатар».

Аналітыка
Адчувальны прагрэс, але яшчэ не перамога. Што трэба ведаць пра контрнаступленне ЗСУ
2022.09.06 08:30

Удары са ствольнай артылерыі расейцаў назіраліся на большай частцы кірункаў – ад Чарнігаўскай да Мікалаеўскай вобласці, адзінымі спакойнымі кірункамі ў гэтым плане па-ранейшаму былі валынскі і палескі, якія мяжуюць з тэрыторыяй Рэспублікі Беларусь.

Разам з тым выданне «The New York Times» са спасылкай на дадзеныя амерыканскай выведкі паведамляе, што Расея купляе мільёны артылерыйскіх снарадаў і ракеты малой далёкасці ў Паўночнай Карэі. Пры гэтым любая дамова аб закупцы зброі ў Паўночнай Карэі з’яўляецца парушэннем рэзалюцыяў ААН, накіраваных на забарону распаўсюджвання зброі з Пхеньяну. Таму новая дамова з Паўночнай Карэяй сведчыць аб роспачы Масквы, заявіў неназваны афіцыйны прадстаўнік ЗША.

Наземныя аперацыі цягам апошніх содняў праціўнік праводзіў толькі на данецкім участку фронту: варожыя атакі былі адбітыя каля населеных пунктаў Салядар, Зайцава і Спартак, а таксама каля шахты Бутаўка.

Hавiны
Медыі: Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік
2022.09.05 23:25

У сваю чаргу ўкраінская авіяцыя нанесла больш за 30 удараў па жывой сіле і тэхніцы праціўніка. Артылерыя і ракетныя войскі ЗСУ працягнулі супрацьбатарэйную барацьбу, знішчэнне сродкаў супрацьпаветранай абароны, артылерыі і жывой сілы праціўніка па ўсёй лініі сутыкнення.

Адзначаецца, што ў выніку ЗСУ знішчылі некалькі ўзводных апорных пунктаў, каля 5 пазіцыяў зенітных ракетных комплексаў і адну артылерыйскую батарэю праціўніка.

Паводле Генштабе ЗСУ, расейцы працягваюць парушаць міжнароднае права, размяшчаючы асобовы склад сваіх войскаў і тэхніку ў дзіцячых садках і цэрквах РПЦ.

Пра наземныя аперацыі ўкраінскіх войскаў Генштаб не паведамляе, але асобныя крыніцы сцвярджаюць пра баі ў ваколіцах гораду Балаклія Харкаўскай вобласці.

Тым часам удзень 6 верасня ў акупаваным Бярдзянску Запарожскай вобласці ўзарвалі аўтамабіль прарасейскага каменданта гораду Арцёма Бардзіна. Паведамляецца, што ён дастаўлены ў больніцу з цяжкімі раненнямі.

Тым часам акупацыйныя ўлады суседняй Херсонскай вобласці Украіны ўзялі «паўзу» у правядзенні рэферэндуму. Пра гэта паведаміў 5 верасня намеснік кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі вобласці Кірыл Страмавусаў, спаслаўшыся на «падзеі», якія адбываюцца ў рэгіёне. Імаверна, гаворка ідзе пра контрнаступ ЗСУ.

Беларускія незалежныя медыі паведамляюць пра новыя страты сярод беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны. У прыватнасці, гаворка вядзецца пра батальён «Тэрор», які раней быў часткай палка імя Кастуся Каліноўскага, але нядаўна ад яго адкалоўся. Як паведамляе «Наша Ніва», у адным з баёў машына з байцамі была падбітая мінай або снарадам. Кіроўца аўтамабілю ў выніку загінуў, а яшчэ пяць змагароў атрымалі раненні. Zerkalo адзначае, што трагедыя здарылася пры наступленні на поўдні Украіны.

ВK belsat.eu 

Стужка навінаў