Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Брэст, яшчэ адзін – у палоне


У баях пад Лісічанскам загінуў камандзір батальёна «Волат» палка Каліноўскага Іван з пазыўным Брэст, паведамляе полк Каліноўскага.

Іван Брэст.
Фота: belwarriors/instagram

26 чэрвеня батальён «Волат» палка Кастуся Каліноўскага прымаў удзел у стрымліванні танкавага прарыву акупантаў у раёне Лісічанску.

«Толькі другой хваляю, кінуўшы на наш невялікі атрад значныя сілы, у тым ліку – танкі, байцоў палка Кастуся Каліноўскага пачалі адціскаць. І нават тады нашыя хлопцы не здаліся і навялі ўкраінскую артылерыю на жывую сілу і тэхніку ворага. Да жалю, у пэўны момант сувязь з нашымі ваярамі перарвалася. Можна сказаць упэўнена, што дзякуючы асабістаму гераізму і самаахвярнасці нашыя беларускія хлопцы змаглі спыніць наступ танкавай калоны, тым самым даўшы магчымасць бяспечна адысці асноўным сілам ЗСУ на тым напрамку», – гаворыцца ў паведамленні палка.

Інфармацыя пра страту заставалася пэўны час не пацверджаная, бо не было разумення, дзе некаторыя беларускія байцы. Цяпер байцы Каліноўскага дакладна ведаюць, што пры выкананні свайго баявога абавязку гераічна загінуў камандзір батальёна «Волат» палка Каліноўскага з пазыўным Брэст.

«З першых дзён вайны ён стаяў на абароне Украіны ад расейскай агрэсіі і быў у вытокаў заснавання палка Каліноўскага. Мы яго ведалі як мужнага, рашучага і самаадданага чалавека, які за кожнага свайго байца быў гатовы на ўсё. Брэст меў выключны аўтарытэт сярод ваяроў палка. Акрамя гэтага ён быў адданым сынам беларускай зямлі і верыў у будучыню вольнай Беларусі. Гэта вельмі вялікая і балючая страта для нас усіх», – паведамляюць каліноўцы.

Паводле інфармацыі палка, падчас той аперацыі яшчэ некалькі беларускіх ваяроў зніклі без вестак, вядуцца пошукавыя дзеянні. Цяпер вядома, што адзін з байцоў, Ян Дзюрбейка з пазыўным Тромблі, у палоне.

«У адпаведнасці з загадам, атрыманым нашымі ваярамі, у выпадку трапляння ў палон, каб захаваць сваё жыццё і здароўе, яны павінныя казаць тое, што хоча ад іх пачуць вораг. Асабліва звяртаем увагу: паколькі наш баец з’яўляецца кантрактным вайсковаслужбоўцам, а не наймітам, ён афіцыйна зʼяўляецца вайсковапалонным», – падкрэсліваецца ў афіцыйнай заяве.

Разам з байцамі палка Каліноўскага мы выказваем шчырыя спачуванні сваякам і блізкім Брэста.

Hавiны
У Хмяльніцкім вуліцу Пушкіна назавуць у гонар беларуса-каліноўца Аляксея Скоблі
2022.06.28 13:46

Марыя Мурашка belsat.eu

Стужка навінаў