«Reuters»: Пуцін гатовы спыніць вайну, але не аддасць ні метра захопленых тэрыторыяў


Уладзімір Пуцін гатовы да перамоваў наконт спынення агню, калі за Расеяй будуць прызнаныя ўжо захопленыя тэрыторыі. Пра гэта паведаміла агенцтва «Reuters» са спасылкаю на чатыры расейскія крыніцы, набліжаныя да Крамля.

Уладзімір Пуцін. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: kremlin.ru

Паводле некаторых крыніцаў, Уладзімір Пуцін расчараваны спробамі Захаду спыніць перамовы наконт вайны ва Украіне, роўна як і рашэннем украінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, які наагул выключае магчымасць іх правядзення.

Уладзімір Пуцін, кажуць крыніцы, можа ваяваць столькі, колькі гэта будзе патрэбна, але ён гатовы спыніць агонь, каб замарозіць вайну. Ён думае, што поспехаў у вайне на гэты момант дастаткова, каб прадаць перамогу расейскаму народу.

Адначасова з гэтым у Пуціна ёсць разуменне, што любыя новыя наступальныя аперацыі запатрабуюць яшчэ адной агульнай мабілізацыі, а гэтага расейскі кіраўнік рабіць не хацеў бы, бо ён памятае, як падчас мабілізацыі 2022 года вялікая колькасць расейцаў пакінула краіну, а ягоны рэйтынг упаў на некалькі пунктаў.

Пры гэтым усе крыніцы сцвярджаюць, што настойлівасць Пуціна замацаваць ва ўгодзе любыя баявыя поспехі, дасягнутыя на сёння, не абмяркоўваецца. А замарожванне канфлікту ў цяперашнім фармаце пакіне Расеі валоданне значнымі кавалкамі чатырох украінскіх вобласцяў, якія Пуцін афіцыйна ўключыў у склад Расеі ў верасні 2022 года, але поўнага кантролю так і не атрымаў ні над адной з іх.

Агляд
Арыштаваныя чатыры генералы. Пра што сведчаць чысткі ў мінабароны РФ
2024.05.23 20:19

Акрамя таго, яшчэ адзін фактар, які падштурхоўвае Пуціна да заканчэння вайны, – гэта тое, што ўсё больш і больш загартаваных у баях ветэранаў вяртаюцца назад у Расею і застаюцца незадаволенымі працай і перспектывамі атрыманых з яе даходаў, а гэта патэнцыйна стварае напружанасць у грамадстве.

У сувязі з гэтым, пакуль не настаў рэжым спынення агню, Пуцін хоча захапіць як мага больш тэрыторыяў, каб узмацніць ціск на Украіну. І ён будзе рабіць гэта, аж пакуль Зяленскі не прапануе спыніцца, бо, як адзначае выданне, Пуцін сам выказваўся аднаму са сваіх памочнікаў, што Захад не перадасць Украіне дастаткова зброі, і гэта падарве яе маральны дух.

Пры гэтым усе крыніцы агенцтва заявілі: Пуцін сказаў сваім дарадцам, што не мае планаў нападаць на тэрыторыі NATO.

Нагадаем, што з 15–16 чэрвеня ў Швейцарыі мае прайсці канферэнцыя пра мірнае ўрэгуляванне ва Украіне. Яе ініцыяваў Уладзімір Зяленскі, які заявіў, што Пуцін не павінен прысутнічаць на ёй. Швейцарыя не запрашала прадстаўнікоў Расеі.

Пры гэтым на захаду запрошаныя больш за 160 дэлегацыяў, у тым ліку з краінаў «Вялікай сямёркі» і «Вялікай дваццаткі», а таксама BRICS.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў