Міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба заявіў у інтэрвʼю LB.ua, што рызыка ўступлення Беларусі ў вайну будзе расці прапарцыйна магчымым поспехам расейскага войска на тэрыторыі Украіны.
«Калі казаць пра беларускае войска, думаю, што гэтая рызыка будзе расці прапарцыйна магчымым поспехам расейскага войска на тэрыторыі Украіны. Пакуль беларуская армія ясна разумее, што ЗСУ здольныя ім сур’ёзна наваляць, яны будуць усяляк адкладаць свае дзеянні. Пакуль яны гэта дакладна ўсведамляюць», – падкрэсліў міністр.
Кулэба таксама распавёў, што адзіны канал сувязі з рэжымам Лукашэнкі цяпер – украінская амбасада ў Менску і беларуская амбасада ў Кіеве.
«У нас ёсць амбасадар у Беларусі, у нас ёсць амбасада ў Беларусі, у іх ёсць амбасада ў Кіеве. Гэта адзіныя каналы сувязі. То бок усё вельмі суха-афіцыйна, але калі вы думаеце, што там штодзённа паштовая скрынка трашчыць ад камунікацыі, то гэта не так. Гэта вельмі і вельмі абмежаваныя кантакты», – падкрэсліў ён.
Глеб Нержын belsat.eu