Поспехі расейцаў на поўдні і ўсходзе. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 618-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 3 лістапада чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайскоўцы 67-й механізаванай брыгады ЗСУ размаўляюць на перадавой у Луганскай вобласці, Украіна. 2 лістапада 2023 года.
Фота: Alina Smutko / Reuters / Forum

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

Украінскае камандаванне паведаміла, што цягам апошніх содняў Узброеныя сілы РФ правялі безвыніковыя штурмавыя дзеянні каля населеных пунктаў Сынькоўка, Іванаўка і Пятрапаўлаўка на паўночным усходзе Харкаўскай вобласці. Адзначаецца, што агулам сілы абароны краіны адбілі каля 10 атак праціўніка на гэтых участках фронту.

Між тым прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што на купянскім кірунку войскі РФ прасунуліся на поўдзень ад сяла Першатраўневае, заняўшы лесапасадкі.

Гэтую інфармацыю пацвярджаюць аналітыкі праекту Deepstate. Ціск расейцаў на гэтым участку фронту працягваецца.

На суседнім ліманскім кірунку крыніца фіксуе частковы поспех УС РФ у ваколіцах сяла Макееўка ў Сватаўскім раёне Луганскай вобласці. Акрамя гэтага расейцы вялі штурмавыя дзеянні на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва.

У гэты ж час у Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны адмаўляюць наступальныя дзеянні з боку праціўніка на ліманскім кірунку.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду)

На поўначы бахмуцкага кірунку войскі РФ намагаюцца палепшыць тактычнае становішча каля населеных пунктаў Ягаднае і Бэрхаўка (на паўночным захадзе ад Бахмуту).

У гэты ж час на поўдні ад гораду ідуць сустрэчныя баі каля сёлаў Клішчыеўка, Андрэеўка і Курдзюмаўка.

Генштаб ЗСУ піша пра адбіццё каля 10 атак праціўніка побач з Клішчыеўкай і Андрэеўкай.

Тэлеграм-канал «Бахмутський Демон» адзначае, што расейцы дзейнічаюць шматлікімі мабільнымі пяхотнымі групамі, спрабуючы выціснуць ЗСУ за чыгуначную лінію.

Зменаў па фронце не зафіксавана.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку працягваецца наступальная аперацыя Узброеных сілаў РФ, якія разлічваюць у выніку атачыць аднайменны горад.

Украінскае камандаванне піша пра няўдалыя наступальныя дзеянні праціўніка каля населеных пунктаў Стэпавое, Танэнькае, Севернае і Первамайскае, дзе агулам удалося адбіць каля 10 атак.

Тэлеграм-канал «Два майора» паведамляе пра пагаршэнне лагістыкі ЗСУ на кірунку: паводле крыніцы, цяпер украінцы маюць толькі адну надзейную дарогу з Аўдзееўкі цераз сяло Арлоўка (на захадзе ад гораду).

Між тым адзначаецца, што ўкраінскія вайскоўцы пастаянна контратакуюць, імкнучыся пазбегнуць атачэння гораду.

У Deepstate зняпраўджваюць інфармацыю асобных прарасейскіх крыніцаў аб поспехах УС РФ каля населеных пунктаў Стэпавое, Танэнькае і Севернае. Таксама фіксуюцца няўдалыя спробы расейцаў замацавацца за чыгункай на поўначы ад Аўдзееўкі і на тэрыторыі коксахімічнага заводу.

На захадзе ад Данецку цягам апошніх содняў войскі РФ больш за 20 разоў атакавалі каля Мар’інкі і Новаміхайлаўкі, але поспеху не дасягнулі.

Бярдзянскі кірунак (на поўдні Данецкай вобласці)

На поўдні Данецкай вобласці, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы правялі няўдалыя наступальныя дзеянні каля населеных пунктаў Старамаёрскае і Прыютнае.

Разам з тым Deepstate і «Рыбарь» фіксуюць прасоўванні войскаў РФ на поўначы ад гэтых населеных пунктаў. Адзначаецца, што на гэтым участку фронту ўкраінцы абараняюцца выключна сіламі тэрабароны, чым і спрабуюць скарыстацца УС РФ.

Мелітопальскі кірунак (лінія фронту ў Запарожскай вобласці)

На мелітопальскім кірунку працягваюцца цяжкія сустрэчныя баі на поўдні ад гораду Арэхаў у Запарожскай вобласці.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў піша пра атакі ЗСУ каля населеных пунктаў Капані, Навапрокапаўка і Вэрбовае.

Украінскі Генштаб паведамляе пра няўдалыя спробы праціўніка вярнуць раней страчаныя пазіцыі каля сяла Работына.

Зменаў па лініі фронту не зафіксавана.

Херсонскі кірунак (лінія фронту ў аднайменным рэгіёне)

На херсонскім кірунку працягваецца наступальная аперацыя Збройных сілаў Украіны, якія імкнуцца расшырыць свае плацдармы на левым беразе Дняпра.

Тут ідуць сустрэчныя баі ў сяле Крынкі. Таксама фіксуюцца атакі ўкраінцаў каля сяла Пойма.

Байцы 46-й аэрамабільнай брыгады ЗСУ, спаслаўшыся на свае крыніцы, пішуць, што цяпер украінскі бок утрымлівае тры невялікія плацдармы на левабярэжжы, але сітуацыя на гэтых участках фронту застаецца даволі дынамічнай.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Таццяна Міронава belsat.eu 

Стужка навінаў