Літва не пабачыла праблемы ў чэргах на мяжы: «Мядзінінкай» працуе ў звычайным рэжыме


Праблемы з чэргамі на межах Беларусі даўнія, але пакуль не вырашаюцца, а толькі пагаршаюцца. Станам на ранак 29 траўня ў чатах пішуць, што на пераход мяжы праз «Мядзінінкай – Каменны Лог» спатрэбіцца тры дні стаяння ў чарзе. Прадстаўніца Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы адказала «Белсату», што праблемы няма.

Чарга на ўезд у Беларусь на пункце пропуску «Каменны Лог». 29 траўня 2024 года.
Фота: Gpk.gov.by

«Белсат» прасіў растлумачыць прычыны праблемаў, аб якіх паведамляюць беларусы ў чатах: на літоўскім пункце пропуску «Мядзінінкай», паводле тых паведамленняў, працуе 1–2 каналы пропуску з 7, а чарга перад пунктам расцягнулася на не менш як 3 км.

Начальніца аддзелу сувязі Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Ліна Лаўрынайціце адказала «Белсату»:

«Праца на памежным пункце „Мядзінінкай“ працягваецца ў звычайным рэжыме. На прапускную здольнасць уплываюць кантроль за выкананнем санкцыяў Еўразвязу і той факт, што цяпер на мяжы паміж Літвой і Беларуссю працуюць толькі два пункты памежнага кантролю: „Мядзінінкай“ і „Шальчынінкай“, а таксама хуткасць працы памежных і мытных службаў Беларусі.

На памежным пункце пропуску „Медзінінкай“ рух аўтобусаў і легкавых аўтамабіляў арганізаваны па дзвюх палосах: адна для аўтобусаў, другая – для легкавых аўтамабіляў. Адпаведна неабходнасці вылучаецца дадатковая паласа для руху легкавых аўтамабіляў. Грузавыя аўтамабілі выпускаюцца пасля праходжання працэдураў абавязковага мытнага і памежнага кантролю.

Бліжэйшым часам з улікам тэндэнцыяў зменаў мы не прагназуем. З пытаннем аб магчымых зменах працэдур рэкамендуем звяртацца ў адказныя органы».

На меркаванне тых, хто стаіць у чарзе, праблема на літоўскім баку. Некаторыя ў чатах думаюць, што чэргі звязаныя з пашырэннем забароны на ўвоз тавараў з ЕЗ у Беларусь, якое пачне працаваць з 3 чэрвеня. Аднак забарона не тычыцца фізічных асобаў, якія вязуць тавары для асабістага карыстання. У адпаведных чатах абмяркоўваюць таксама нейкія магчымыя змены для тых аўтаў, якія вязуць праз Беларусь транзітам, але афіцыйнай інфармацыі на гэты конт мы не знайшлі.

Адзін з карыстальнікаў чату заяўляў, што на пытанне пра павольную працу літоўскі памежнік адказаў: «У нас указанне зверху».

На межах з Польшчай і Латвіяй чэргі таксама ёсць, але не настолькі вялікія, як на мяжы з Літвой.

Агляд
З чэргамі на літоўскай мяжы стала горш: на «Мядзінінкаі» можна прастаяць ужо тры дні
2024.05.29 12:12

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў