Колькі яшчэ будзе даражэць паліва – і ў чым прычына? Тлумачыць эканамістка Лузгіна


Цэны на паліва трымаліся нязменнымі цэлы год, але 20 траўня абвесцілі пра першае падаражэнне на адну капейку, 27 траўня – пра яшчэ адно, таксама на капейку. «Белсат» спытаў экспертку, колькі яшчэ такіх падаражэнняў чакаць і чаму яны адбываюцца, калі цэны на нафту апошнім часам не растуць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Запраўка ў Беларусі.
Фота: Belneftekhim.by

На момант публікацыі цэны на літр паліва такія: «АІ-92» – 2,28 рубля, «АІ-95» і дызельнае паліва – 2,38, «АІ-98» – 2,60. Ужо плюс дзве капейкі да сярэдзіны траўня. Газ не даражэў, па-ранейшаму 1,23 рубля.

Апошні раз цэны на паліва павышаліся аж у 2022 годзе, а ў 2023-м нават падалі. Цэны на нафту цягам месяца не толькі не павысіліся, а нават крыху знізіліся, пры тым што на амерыканскую «WTI», што на брытанскую «Brent», што на расейскую «Urals». Чаму ж цяпер растуць цэны на паліва?

Цэны на розныя віды паліва ў беларускіх рублях ад моманту дэнамінацыі.
Скрыншот: Belorusneft.by
Цэны на розныя віды паліва ў доларах.
Скрыншот: Belorusneft.by

Старшыня канцэрну «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў тлумачыў, што за апошні год, пакуль цэны на паліва не мяняліся, выдаткі на вытворчасць нафтапрадуктаў значна выраслі. Асноўная прычына – якраз рост цэнаў на нафту. Год таму барэль «Urals» каштаваў менш за 50 долараў, цяпер цана перавальвала за 70. За год таксама змяніліся стаўкі акцызаў на маторнае паліва, бо «неабходна захаваць фінансавую ўстойлівасць нафтаперапрацоўчых заводаў». Таму і адбываюцца «карэктаванні цэнаў» (то бок, павышэнне). Паводле Рыбакова, цэны на паліва паэтапна, крокамі на 1 капейку, падвысяць  у сярэднім на 3,5 %.

Экспертка цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Анастасія Лузгіна кажа «Белсату», што гэтае тлумачэнне прычынаў падобнае да праўды. Беларусь сапраўды набывае расейскую нафту маркі «Urals», якая за год даволі моцна падаражэла.

«Натуральна, нафта не скокнула за адзін дзень, гэты трэнд на падаражэнне пачаўся яшчэ ў 2023 годзе, – адзначае Лузгіна. – Але падымаць вырашылі цяпер. Трэба ўлічваць тут некалькі фактараў. Першае, што цэны на бензін узнімаюцца ў Беларусі адміністратыўным волевыяўленнем.

Гэта адзін момант: вырашылі і паднялі. Гэта не рынкавае цэнаўтварэнне. Другі момант гэта тое, што нафта пачала даражэць, і калі-небудзь рост цэнаў на бензін мусіў адбыцца. Але летась гэта яшчэ згладжвалася тым, што беларускі рубель умацоўваўся адносна расейскага рубля».

Яна нагадвае, што расейскі рубель падаў адносна долара, беларускі ішоў за ім, але не такімі хуткімі тэмпамі. У выніку беларускі рубель умацаваўся адносна расейскага. У гэтым годзе сітуацыя змянілася: беларускі рубель яшчэ не абвальваецца адносна расейскага, але з пачатку года патаннеў трохі больш як на 2 %. А ў выніку імпарт з Расеі становіцца не настолькі выгадным.

Экономистка Анастасия Лузгина, Центр BEROC, экономика
Настасся Лузгіна. Варшава, Польшча. 17 лютага 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Ці могуць быць іншыя тлумачэнні? Можа, прычыны падаражэння – атакі нейкіх (імаверна, украінскіх) беспілотнікаў на расейскія нафтаперапрацоўчыя заводы? Ці, можа, у беларускім бюджэце скончыліся грошы на субсідаванне паліва? Лузгіна такія версіі адкідае.

«Трэба разумець, што ў любым выпадку гэты ўнутраны рынак не ёсць для айчыннай нафтаперапрацоўкі  прыбытковым сегментам, – нагадвае эканамістка. – Заўсёды на беларускім рынку ніжэйшыя цэны, чым на экспарт».

Перабоі з палівам у Расеі праз атакі дронаў на НПЗ, на ейную думку, не маглі паўплываць на цэны на паліва ў Беларусі, бо беларускія НПЗ усё яшчэ працуюць не на максімальных абаротах. Калі б Расеі былі патрэбныя большыя пастаўкі з Беларусі, іх можна было б яшчэ павысіць.

А на колькі ў выніку падаражэе паліва – сапраўды толькі на 8 капеек? На 3,5 %, а не на 35 %? Лузгіна разважае: цэны на нафту сёння пакуль вагаюцца, але актыўнай дынамікі на павелічэнне не відаць, наўрад ці будуць і больш істотныя падаражэнні паліва.

Суразмоўца заўважае: у 2023 годзе цэны на паліва знізіліся на 10 капеек, цяпер планавае падвышэнне – на 8 капеек, то значыць, яшчэ нават не на ўзровень пачатку 2023 года.

Калі гэта праўда, цэны праз паўтара месяца, з 9 ліпеня, стануць такія:

• «АІ-98» – 2,66 рубля

• «АІ-95» – 2,44 рубля

• «АІ-92» – 2,34 рубля

• дызельнае паліва – 2,44 рубля

• газ – 1,23 рубля.

Каментар
Лукашэнка загаварыў пра кантроль над Нацбанкам. Ці чакаць зменаў у грашова-крэдытнай палітыцы?
2024.03.29 12:36

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў