Затрыманая грамадзянка Літвы нарадзілася ў Менску і працавала ў санаторыі «Беларусь»


Грамадзянка Літвы Элена Раманаўскіене, якую ў Беларусі абвінавачваюць у агентурнай дзейнасці, нарадзілася ў Беларусі і працавала ў санаторыі «Беларусь» у літоўскіх Друскеніках. Пра гэта паведамляе выданне «15min».

Санаторый «Беларусь» у Літве.
Фота: rubaltic.ru

Элене Раманаўскіене 59 гадоў, яна нарадзілася ў Менску, у 1987-м скончыла эканамічную ВНУ. Пасля выехала ў Літву, разведзеная. У 2023 годзе была кандыдаткаю на выбарах у гарадскую раду Друскенікаў ад камітэту «За Друскенікі», але абраная не была.

Жанчына працавала загадчыцай аддзелу маркетынгу ў санаторыі «Беларусь» у Друскеніках, а таксама ўзначальвала невялікую рэкламную кампанію «Inovatyvūs plėtros projektai».

Затрымаць Раманаўскіене маглі летась, калі яна наведвала ў Беларусі родных. Сваякі жанчыны ад каментароў адмовіліся.

Раманаўскіене абвінавачваюць у шпіянажы і пачнуць судзіць 3 чэрвеня. Суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Ёй пагражае ад трох да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Раней у Беларусі завялі крымінальную справу за здраду дзяржаве супраць былога галоўнага доктара санаторыю Андрэя Кобеля. Яго нібыта завербавалі літоўскія спецслужбы пад пагрозаю шантажу і патрабавалі збіраць ды перадаваць інфармацыю пра адпачывальнікаў санаторыю, а таксама звесткі пра рэзідэнцыю Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы. Суд над ім пачаўся 16 жніўня 2023 года.

А ўлады Літвы анулявалі від на жыхарства дырэктара санаторыю «Беларусь» Іллі Епіфанава. Яго прызналі пагрозаю нацыянальнай бяспекі.

Hавiны
Літва пазбавіла віду на жыхарства дырэктара санаторыю «Беларусь»
2024.01.04 21:59

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў