Завочны суд супраць Франака Вячоркі, галоўнага дарадцы абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай, пачнецца 31 траўня а 10:30 у Менскім гарадскім судзе. Працэс будзе весці суддзя Валянціна Зянькевіч, якая ў 2023 годзе агучвала вырак у «справе TUT.by», паведамляе «Вясна».
![Франак Вячорка](/assets/images/image-placeholder-3.svg)
Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка падчас візіту абранай прэзідэнткі Беларусі ў Сейм і Сенат Рэспублікі Польшча. Варшава, Польшча. 9 студзеня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат
35-гадоваму палітыку інкрымінуюць дзевяць артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- ч. 3 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы»),
- ч. 1 арт. 293 («Арганізацыя масавых закалотаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобаю, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады»),
- ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»),
- ч. 1 арт. 356 («Здрада дзяржаве»),
- ч. 1 арт. 357 («Змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтаю захопу дзяржаўнай улады»),
- ч. 3 арт. 361 («Заклікі да захадаў абмежавальнага характару (санкцыяў), іншых дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі»),
- ч. 1 і 2 арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім, у тым ліку паўторна»),
- ч. 2 арт. 367 («Паклёп у дачыненні Лукашэнкі»), арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»).
Каментар
Франак Вячорка пра завочны суд над сабой: «Абвінавачаннямі можна толькі ганарыцца»
2024.04.11 16:28
«Завочныя суды, завочныя арышты, завочныя штрафы – гэта ўсё пасмех з правасуддзя. Рэжым стаў пасмехам у вачах міжнароднай супольнасці, – казаў Франак Вячорка. – Ясна, што гэтыя завочныя суды не нясуць вялікай шкоды тым, хто ў бяспецы. Пра каго трэба рэальна непакоіцца, гэта пра тых, хто ў Беларусі і адбывае рэальныя тэрміны ў лукашэнкаўскіх турмах. Пра іх мы мусім думаць і за іхнае вызваленне мусім змагацца кожны дзень».
Вячорку ўразіла сума пазову ў інтарэсах дзяржавы аб пакрыцці маёмаснай шкоды – больш за Br 30,9 млн. Вячорка пытае, адкуль узялі такія лічбы: «Можа быць, маральныя пакуты Лукашэнкі ці ягоных губазікаўскіх галаварэзаў?»
Якуб Хруст belsat.eu