Франак Вячорка пра завочны суд над сабой: «Абвінавачаннямі можна толькі ганарыцца»


Генеральная пракуратура перадала ў Вярхоўны суд справу супраць Франака Вячоркі, галоўнага дарадцы абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай. Яму выставілі дзевяць крымінальных артыкулаў і пазоў на амаль 31 млн рублёў.  Вячорка пракаментаваў «Белсату» завочны суд над сабою.

Франак Вячорка
Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка падчас візіту абранай прэзідэнткі Беларусі ў Сейм і Сенат Рэспублікі Польшча. Варшава, Польшча. 9 студзеня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Франак Вячорка не ставіцца да гэтай навіны як да сур’ёзнага суда: кажа, суддзі ў рэжыме Аляксандра Лукашэнкі – гэта «губазікаўцы ў мантыях», якія проста выконваюць даручэнні зверху. Маўляў, будзе ад начальніка загад «упаяць па максімуму», вось і выконваюць. Пра законнасць ці справядлівасць у такім судзе, упэўнены ён, ніякай гаворкі няма.

«Завочныя суды, завочныя арышты, завочныя штрафы – гэта ўсё пасмех з правасуддзя. Рэжым стаў пасмехам у вачах міжнароднай супольнасці, – кажа Франак Вячорка. – Ясна, што гэтыя завочныя суды не нясуць вялікай шкоды тым, хто ў бяспецы. Пра каго трэба рэальна непакоіцца, гэта пра тых, хто ў Беларусі і адбывае рэальныя тэрміны ў лукашэнкаўскіх турмах. Пра іх мы мусім думаць і за іх вызваленне мусім змагацца кожны дзень».

Яго ўразіла сума пазову ў інтарэсах дзяржавы аб пакрыцці маёмаснай шкоды – больш за 30,9 млн рублёў. Вячорка пытае, адкуль узялі такія лічбы: «Можа быць, маральныя пакуты Лукашэнкі ці ягоных губазікаўскіх галаварэзаў?»

Сума, як і самое «спецыяльнае вядзенне» ды будучы суд, завочная, адзначае ён. У яго ў Беларусі няма чаго канфіскоўваць на такую суму. Пытае: «Можа, адправяць на катаргу да канца жыцця?»

«Вядома, у гэтым судзе няма нічога новага, – дадае ён. – Доўга яны нараджалі гэтую справу. Але, як кажуць, гара нарадзіла мыш. Цэлы спіс артыкулаў, абвінавачанняў, якімі можна толькі ганарыцца».

Супраць Вячоркі выставілі абвінавачанні паводле такіх артыкулаў:

  • здрада дзяржаве;
  • змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады;
  • публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, здзяйснення акту тэрарызму і іншых дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;
  • дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь;
  • стварэнне і кіраванне экстрэмісцкім фармаваннем, у тым ліку паўторна;
  • распальванне іншай сацыяльнай варожасці і разладу;
  • арганізацыя масавых беспарадкаў;
  • арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак;
  • паклёп у дачыненні прэзідэнта.

Нічога новага Франак Вячорка для сябе не бачыць у плане вышуку: ён даўно ў вышуку і Лукашэнкі, і Расеі, і ў міждзяржаўным вышуку СНД. Хіба не выключана, што паспрабуюць зрабіць запыт праз Інтэрпол, але ж Еўразвяз ужо не прымае да разгляду запытаў ад Лукашэнкі і Расеі, дый пасля інцыдэнту з «Бі-2» у Тайландзе многія іншыя краіны адмовяцца ад супрацы з Расеяй паводле лініі Інтэрполу, які «для дыктатараў відавочна інструмент рэпрэсіяў, а не пошуку рэальных злачынцаў».

Вячорка дадае: рэальныя злачынцы – гэта Лукашэнка і Пуцін, а Інтэрпол, спадзяецца Вячорка, неўзабаве стане пагрозай для самога Лукашэнкі і ягонага атачэння.

Hавiны
Агучаны завочны прысуд за «спробу зрыву рэферэндуму» ў 2022 годзе
2024.03.18 15:37

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў