Як выдаліць ботаў у Telegram, каб не было слядоў і сюрпрызаў (просты спосаб не дапаможа)


Рассылка агітацыі праз бот плану «Перамога» зноў узняла тэму бяспекі палітычных Telegram-ботаў для беларусаў: нясвоечасовае паведамленне можа пагражаць рэпрэсіямі. Каб боты дакладна не напісалі зноў і не пакінулі слядоў, давядзецца выдаліць стары і ствараць новы акаўнт або заводзіць «Партызанскі Telegram».

Бот плану «Перамога»
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Бот плану «Перамога» ў Telegram.
Фота: Белсат

Калі проста выдаліць перапіску з Telegram-ботам, той зможа напісаць зноў. Калі проста спыніць і заблакаваць – бот застанецца ў спісе заблакаваных, а значыць, пры «праверцы тэлефона» сілавікі змогуць вылічыць, якімі ботамі чалавек карыстаўся. А звароты да ботаў, названых «экстрэмісцкімі» або звязаных з «экстрэмісцкімі фармаваннямі», сілавікі расцэньваюць як крымінальнае злачынства.

«Кіберпартызаны» давалі падрабязную інструкцыю па тым, як выдаліць сляды зваротаў да ботаў, не дадаўшы ботаў у «чорны спіс». Гэтая інструкцыя, што праўда, не абароніць ад таго, што выдалены бот напіша зноў – калі толькі самі стваральнікі бота не прадумалі дадатковай функцыі, каб бот можна было спыніць, не заблакаваўшы. Такая функцыя ёсць далёка не ва ўсіх ботах.

Што рабіць, каб бот зноў не напісаў і не пакінуў слядоў

Ёсць два варыянты, просты і больш складаны.

Просты спосаб – выдаліць Telegram-акаўнт.

«Кіберпартызаны» раяць спачатку выдаліць прыватныя перапіскі (для абодвух бакоў), а таксама паведамленні і каментары ў чатах (@FindMessagesBot пакажа, у якіх «экстрэмісцкіх» чатах засталіся паведамленні).

Затым трэба пачысціць кэш. У праграме на тэлефоне зайсці ў налады ў Telegram – далей у «Даныя і памяць» – «Выкарыстанне памяці» – на iOS націснуць «Ачысціць увесь кэш» або на Andoid націснуць «Ачысціць кэш», а таксама націснуць на кнопку з трыма кропкамі справа зверху і націснуць «Ачысціць базу даных». У праграме на камп’ютары – «Налады» – «Прасунутыя налады» – «Кіраванне памяццю прылады» – «Ачысціць усё».

Нарэшце трэба выдаліць акаўнт праз афіцыйны сайт Telegram. Пасля выдалення можна стварыць новы акаўнт на той жа нумар, але калі так зрабіць, кожны, хто мае ў кантактах гэты нумар, атрымае паведамленне пра новы акаўнт. То значыць, калі ёсць імавернасць, што гэты нумар ужо ведаюць сілавікі, лепш стварыць акаўнт на іншы нумар. І калі акаўнт патрэбны для палітычнай актыўнасці, яго не варта заводзіць на беларускі нумар.

Больш складаны спосаб – перайсці на «Партызанскі Telegram».

Праграму для Android, Windows, Linix і MacOS (але не iOS!) можна знайсці ў спецыяльным Telegram-канале, найсвяжэйшую версію можна адшукаць, набраўшы ў пошуку «П-Телеграм». У гэтай праграме, акрамя ўсіх іншых «партызанскіх» функцыяў, можна наладзіць схаваныя перапіскі: або такія, якія аўтаматычна схаваюцца пры ўвядзенні ложнага код-паролю, або такія, якія пакажуцца толькі пры ўвядзенні спецыяльнага сакрэтнага паролю.

Мінусы гэтага спосабу – ён не даступны на «iPhone» і «iPad», а там, дзе даступны, вымагае ад карыстальніка дадатковых наладаў і запамінання кодаў. Але затое «Партызанскі Telegram» дае магчымасць наладзіць акаўнт на максімальную ананімнасць, прасцей выдаляць паведамленні з чатаў, чытаць каналы без падпіскі на іх і шмат што яшчэ.

Разбор
Як чысціць тэлефон перад пераходам мяжы. Парады «Кіберпартызанаў» і «Кібербабра»
2024.05.11 07:00

Як выдаліць ботаў без слядоў, калі не страшна, што яны напішуць зноў

Шмат якія боты не пішуць карыстальнікам, пакуль тыя самі не пачнуць дыялог. Калі бот, які трэба схаваць, выклікае давер адносна адсутнасці нечаканых паведамленняў, яго можна выдаліць паводле інструкцыі ніжэй.

Інструкцыя па выдаленні ботаў ад «Кіберпартызанаў» вымагае часу, але простых спосабаў выдаліць ботаў і не пакінуць слядоў, няма: калі проста націснуць «Спыніць і заблакаваць», бот з’явіцца ў спісе заблакаваных і падсвеціцца пры пошуку.

Каб цалкам выдаліць ботаў, трэба:

1. Зайсці ў налады Telegram – «Прыватнасць і бяспека» – «Чорны спіс» (або «Заблакаваныя карыстальнікі»). Там разблакаваць усіх заблакаваных ботаў, якія трэба выдаліць (на тэлефоне – націснуць на тры кропкі побач з назвай бота і затым «Разблакаваць»).

2. Увесці ў радку пошуку «bot», выбраць патрэбны. На камп’ютары націснуць на патрэбны правай кнопкай мышы, на смартфоне – доўга заціснуць палец на радку з ботам, каб той выбраўся, і націснуць на кнопку з трыма кропкамі справа зверху. Затым выбраць «Ачысціць гісторыю».

4. Зноў увесці ў радку пошуку «bot», зноў выбраць патрэбны, націснуць «выдаліць чат». На Android пасля выдалення чату бот аўтаматычна трапіць у «Чорны спіс», таму на Android трэба паўтарыць пункт 1.

5. Пасля трэба пачакаць каля 24 гадзінаў і не шукаць падчас гэтага ніякіх ботаў у радку пошуку. Праз 24 гадзіны выдалены такім чынам бот павінен знікнуць без слядоў. Калі гэтага не адбылося, трэба паўтарыць пункты 2–5.

* На iOS, паводле «Кіберпартызанаў», выдаленне ботаў працуе кепска. Уладальнікам «iPhone» і «iPad» раяць выдаляць ботаў праз ўэб-версію Telegram.

Разбор
Што рабіць, калі ў Беларусі заблакуюць YouTube, Facebook ці Telegram – і як паставіць VPN
2024.01.12 09:36

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў