news
Разбор
Што рабіць, калі ў Беларусі заблакуюць YouTube, Facebook ці Telegram – і як паставіць VPN
Які выбраць VPN і як яго ўсталяваць? Ці лепш карыстацца «Opera», «Psiphon» ці «Tor»?
12.01.202410:36

На час навагодняга звароту Святланы Ціханоўскай у Беларусі як мінімум часткова блакавалі доступ да YouTube. Пакуль у байнэце дыскутуюць, ці будзе поўнае блакаванне, расказваем, што рабіць, калі ўпадабаны сайт заблакуюць.

Бой Youtube з міліцыянтам
Малюнак згенеравала нейрасетка. Бой YouTube з міліцыянтам ва ўяўленні штучнага інтэлекту. Выява: Dall-E / Bing.com

Як менавіта блакавалі YouTube у навагоднюю ноч, невядома, але з ускосных паказнікаў эксперты выбудавалі некалькі тэорыяў. Галоўнае: нават пры поўным блакаванні ў Беларусі YouTube або іншага сэрвісу (Facebook ці Telegram) імі можна будзе працягваць карыстацца. Абы не адлучылі зусім усяго трафіку за межы краіны, а такога не рабілі нават у першыя дні пасля выбараў-2020.

«Белсат», параіўшыся з кіберпартызанамі, расказвае, як усталяваць VPN і якія ёсць альтэрнатывы.

Усталяванне большасці VPN не больш складанае за ўсталяванне звычайнай праграмы ці гульні на тэлефон або камп’ютар. Але ў канцы артыкулу на ўсялякі выпадак дамо падрабязную інструкцыю на прыкладзе «ProtonVPN» і камп’ютара з «Windows».

Што такое VPN і які выбраць

VPN расшыфроўваецца як «віртуальная прыватная сетка». Калі на камп’ютары ці тэлефоне ўлучаны VPN, то правайдар не бачыць, на які сайт заходзіць карыстальнік (ці то YouTube, ці то сайт «Белсату»). Правайдар бачыць толькі, што IP-адрас (ідэнтыфікатар прылады ў сетцы – як адрас дому, калі б жыхары дамоў перапісваліся між сабою) карыстальнiка змяняецца на iншы IP-адрас, напрыклад, у Нідэрландах ці Японіі. Што карыстальнiк робiць пад тым IP-адрасам, правайдар ужо не ведае.

Бываюць платныя і бясплатныя VPN-сэрвісы, бываюць надзейныя і не вельмі. «Кіберпартызаны» кажуць, што можна параіць ці не любыя знаныя VPN-сэрвісы, абы іхныя серверы былі ў дэмакратычных краінах. Раней як прыклады яны называлі такія:

«ProtonVPN»,

«NordVPN»,

«ExpressVPN»,

«CyberGhost»,

«SurfShark».

З названых вышэй цалкам бясплатна можна карыстацца толькі «ProtonVPN» (з абмежаванаю колькасцю IP-адрасоў на выбар карыстальнiка). З платнымі ёсць пэўная рызыка змарнаваць грошы. Тэарэтычна ў Беларусі могуць заблакаваць сам VPN, а абыход блакавання ў Беларусі для стваральнікаў гэтага канкрэтнага VPN можа не быць у прыярытэце, бо беларускі рынак не такі вялікі. Ды кіберпартызаны кажуць, што ў платных VPN-сэрвісаў звычайна больш адрасоў на выбар і меншая імавернасць, што заблакуюць усе адрасы, таму рызыка з платнымі сэрвісамі меншая – лепш карыстацца імі.

Магчыма, заблакуюць і «ProtonVPN». Тады можна паглядзець, якія іншыя сэрвісы парэкамендуюць тыя ж кіберпартызаны або іншыя арганізацыі і медыі, якім давяраеце.

Яшчэ варыянты: «Opera», «Psiphon», «Tor» і ўэб-проксі

Ёсць і іншыя сэрвісы, у нечым лепшыя ці горшыя за «звычайны» VPN, хоць у большасці выпадкаў лепей проста паставіць VPN на камп’ютар і тэлефон.

Уключальнік VPN у браўзеры Opera
Улучальнік VPN у браўзеры «Opera». Скрыншот: Белсат

«Opera» – самы папулярны браўзер у Беларусі яшчэ 10 гадоў таму – мае ўбудаваны бясплатны VPN. Не трэба нічога дадаткова ўсталёўваць – толькі сам браўзер (яго можна спампаваць тут). У ім дастаткова націснуць на кнопку «VPN» у адрасным радку і потым націснуць на вялікую круглую кнопку – і можна глядзець заблакаваны сайт.

Плюс у тым, што «Opera» выглядае не так «падазрона» для сілавікоў, як асобна ўсталяваны VPN. Але мінус у тым, што VPN працуе толькі ў самым браўзеры і не ўплывае на працу іншых праграмаў: напрыклад, калі заблакуюць «Skype», то «Opera VPN» яго не разблакуе. А калі той жа «Skype» не блакуюць, сілавікі, можа, і не даведаюцца, пра што ў «Skype» размаўляюць, але тэарэтычна могуць адсачыць факт размовы, якой «Opera VPN» не зможа замаскаваць.

Разбор
Як бяспечна тэлефанаваць праз інтэрнэт, каб не праслухалі сілавікі?
2023.10.03 15:41

У рэкамендацыях беларусам з 2020 года часам сустракаецца сэрвіс «Psiphon» – яго раяць, напрыклад, праваабаронцы «Human Constanta». Гэтая праграма ў нечым падобная да VPN, але працуе паводле іншага прынцыпу і дае меншыя хуткасці.

Стваральнікі праграмы папярэджваюць, што яе стваралі адмыслова для абыходу блакаванняў, але не для абароны ад сачэння, таму яна не абсалютна бяспечная. Але ў 2020 годзе дзеяла нават тады, калі значная частка папулярных VPN-сэрвісаў у Беларусі працавала са збоямі ці не працавала зусім.

Для самай поўнай бяспекі стваральнікі «Psiphon» раяць карыстацца браўзерам «Tor». Ён пускае трафік такімі хітрымі шляхамі, што «праслухаць» яго практычна немагчыма. А яшчэ «Tor» дае доступ да цэлага «цёмнага сеціва» (darknet), у якім законапаслухмяны грамадзянін знойдзе мала цікавага.

Ды хоць «Tor» распрацоўваўся з разліку на тое, каб прарваць нават самую моцную цэнзуру, з ім актыўна змагаюцца аўтарытарныя рэжымы, таму доступ праз яго павольны і нестабільны. Можна доўга корпацца ў наладах і ўсё роўна атрымаць вельмі павольнае злучэнне, якое будзе часта абрывацца. І правайдар (а значыць, і сілавікі) бачыць, што карыстальнік карыстаецца «Tor». Таму найбольшая бяспека – у звязцы ўлучанага VPN для ўсёй прылады (не толькі ў браўзеры) і затым улучанага «Tor». Але такая звязка яшчэ больш знізіць хуткасць.

Ёсць прасцейшыя спосабы. Але нібыта самы просты – ўэб-проксі (web proxy) – рэкамендаваць не станем, хоць самі падобным карыстаемся. Вы маглі заўважыць, што ў Telegram «Белсат» прапануе чытаць свае навіны па спасылках «праз VPN» або «без VPN», і другі варыянт вядзе не на адрас Belsat.eu, а на нейкую абракадабру замест адрасу, але па гэтай абракадабры адкрываецца сайт «Белсату». Ўэб-проксі працуе падобным чынам: замест YouTube.com можна зайсці на адмысловы сайт пад іншым адрасам (кшталту hetamojwebproxy.com), які загрузіць сабе старонку YouTube і пакажа вам. Праблема ў тым, што цяжка знайсці надзейны, хуткі і бясплатны ўэб-проксі, які яшчэ і не завальвае карыстальніка рэкламаю.

Як Telegram абараніўся ад блакаванняў у 2020 годзе

У першыя дні пасля выбараў 2020 года ўлады блакавалі шмат чаго, але не здолелі цалкам заблакаваць мэсэнджару Telegram, бо ён рыхтаваўся да такога. Тады доступ наўпрост да Telegram перакрылі, але для мэсэнджару стварылі сотні «абыходных шляхоў» – проксі-сервераў, іх спіс публікавалі і публікуюць дасюль на спецыяльным Telegram-канале @ProxyMTProto. Нават калі Telegram не мог сам знайсці абыходнага шляху, «сарафаннае радыё» за пару дзён разнесла навіну аб проксі-серверах – і карыстальнікі сталі вяртацца ў онлайн.

Затым кіберпартызаны дадалі ў Telegram яшчэ больш «наваротаў» для жыцця ў аўтарытарнай краіне. Цяпер «Партызанскі Telegram» умее хаваць «экстрэмісцкія» чаты і каналы, нават цэлы акаўнт для чытання «няправільных» навінаў і шмат чаго яшчэ. Спампаваць яго можна на асобным канале кіберпартызанаў, там жа ёсць падрабязныя інструкцыі, як наладзіць «партызанскія» функцыі.

Агляд
Як бяспечна карыстацца Telegram у Беларусі? 7 пытанняў да «Кіберпартызанаў»
2023.07.11 13:00

«Партызанскі Telegram» будзе карысны для чытання «экстрэмісцкіх» навінаў і вядзення «непажаданых» размоваў, а схаваная падпіска на канал @ProxyMTProto дапаможа не застацца без сувязі пры наступным «блакаванні ўсяго жывога». Але сам Telegram не дасць доступу да заблакаваных сайтаў і не разблакуе таго ж «Skype», калі яго заблакуюць: для гэтага трэба мець VPN.

Як усталяваць VPN – на прыкладзе «ProtonVPN»

Раскажам, як пачаць карыстацца «ProtonVPN» з камп’ютара на «Windows» – з іншымі такімі сэрвісамі працэс будзе падобны. У час усталявання нельга выбраць беларускай мовы, але яе можна выбраць у самой праграме пасля. Працэс усталявання наступны.

1. Трэба зайсці на сайт Protonvpn.com, знайсці зверху кнопку «Скачать» (у расейскай версіі) або «Download» (калі адкрыецца англійская). Для камп’ютара з «Windows» трэба выбраць у меню «VPN для Windows». Адкрыецца іншая старонка, на якой трэба націснуць «Скачать ProtonVPN». «Windows» прапануе захаваць установачны файл куды-небудзь – напрыклад, на працоўны стол.

Працэс усталёўкі ProtonVPN
Працэс усталявання «ProtonVPN». Скрыншот: protonvpn.com

2. Трэба знайсці захаваны файл і адкрыць яго. «Windows» можа перапытаць, ці хочаце вы дазволіць гэтай праграме рабіць змены на прыладзе – трэба дазволіць. Затым адкрыецца вакно выбару мовы: калі не валодаеце англійскаю, можна выбраць замест «English» расейскую ці ўкраінскую і націснуць ОК. Потым – звычайны працэс усталявання праграмы, можаце проста націскаць «Далее», «Далее», «Далее», «Установить».

Працэс усталёўкі ProtonVPN
Працэс усталявання «ProtonVPN». Скрыншот: protonvpn.com

3. Праз хвілінку адкрыецца вакно «ProtonVPN» з прапановай увесці імя карыстальніка і пароль. Калі ўжо маеце пошту на «ProtonMail», увядзіце адрас гэтай пошты і пароль, прапусціце пункты 3–6. Калі раней не рэгістраваліся ў «ProtonVPN» ці «ProtonMail», трэба націснуць «Создать аккаунт» – адкрыецца старонка стварэння рахунку.

Працэс усталёўкі ProtonVPN
Працэс усталявання «ProtonVPN». Скрыншот: protonvpn.com

4. «ProtonVPN» будзе прапаноўваць платную версію, але (прынамсі на момант публікацыі) ёсць і бясплатная – трэба проста знайсці надпіс маленькімі шэрымі літарамі «Или зарегистрироваться бесплатно» («Or sign up for free»). Сайт яшчэ раз прапануе заплаціць – трэба націснуць «Продолжить с VPN Free». Тады сайт папросіць увесці адрас электроннай пошты – трэба ўвесці сваю пошту. Праз некалькі секундаў сайт прапануе запісаць згенераваны ім пароль або стварыць уласны.

Працэс усталёўкі ProtonVPN
Працэс усталявання «ProtonVPN». Скрыншот: protonvpn.com

5. Калі прынялі згенераваны пароль ці стварылі ўласны, сайт прапануе спампаваць праграму «ProtonVPN». У гэтай інструкцыі мы яе ўжо ўсталявалі (такі парадак дзеянняў выбралі, бо на сайце «ProtonVPN» няма беспасярэдняй магчымасці стварыць бясплатны акаўнт: трэба зайсці ў цэны і чакаць, пакуль не выскачыць вакно з паведамленнем кшталту «Не ўпэўненыя, якую цану выбраць? Паспрабуйце бясплатна»).

6. Перад тым, як можна будзе карыстацца «ProtonVPN», трэба будзе яшчэ зайсці ў сваю электронную пошту: туды мусіць прыйсці ліст ад «ProtonVPN» з просьбаю пацвердзіць рэгістрацыю. Хоць да таго мы пераключалі мову на расейскую, гэты ліст прыйшоў нам па-англійску. У ім трэба націснуць на кнопку «Verify email address» (калі прыйшоў бы па-расейску, было б нешта кшталту «Подтвердить адрес электронной почты»).

7. Цяпер можна запусціць «ProtonVPN» на камп’ютары, уводзіць логін (адрас электроннай пошты, на які рэгістраваліся) і пароль. Звярніце ўвагу таксама на выключальнік «Запуск и подключение при загрузке» – адлучыце, калі вам зручней улучаць VPN толькі пры патрэбе, а не трымаць улучаным заўжды.

Пры ўлучаным VPN могуць не працаваць некаторыя беларускія дзяржаўныя сайты, як інфармацыйная кампанія БелТА, доступ да якіх заблакаваны за межамі Беларусі. І запомніце: калі вы націсніце «Отключиться», закрыеце праграму, або пераладуйце камп’ютар, трэба будзе зноў адкрыць «ProtonVPN» і націснуць «Быстрое подключение», каб атрымаць доступ да заблакаваных сайтаў.

Працэс усталявання «ProtonVPN». Скрыншот: protonvpn.com

Пасля ўводу логіну і паролю праграма прапануе азнаямленчы тур. Яго можна прапусціць і проста націснуць «Быстрое подключение». Гэтага будзе дастаткова, каб атрымаць доступ да практычна любога сайту, заблакаванага ў Беларусі. І нават каб глядзець відэа на YouTube у фармаце 4K.

Пры блакаванні YouTube, «Белсат» можна глядзець праз мабільнае прыкладанне, якое можна спампаваць у App Store ці Google Play.

Алесь Наваборскі belsat.eu