Забарона на права ўваходу ў паветраную прастору краіны для беларускіх авіякампаніяў, а таксама для ўсіх авіяперавознікаў, ліцэнзія якім выдадзена Менскам, уступіла 27 траўня ў моц у Літве. Рашэнне пра гэта напярэдадні прыняў урад, піша ТАСС.
Як адзначыў міністр камунікацыяў і транспарту Літвы Марус Скуодзіс, на саміце Еўразвязу ў Бруселі кіраўнікі краін – чальцоў супольнасці і кіраўніцтва ЕЗ вырашылі, што еўрапейскую паветраную прастору неабходна закрыць для беларускіх авіякампаніяў. Вільня, паводле кіраўніка ведамства, без адкладаў рэалізавала гэта на справе. Рашэнне ўступіла ў моц 27 траўня а 03:00.
Літва таксама звярнулася да Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі з просьбай абвясціць паветраную прастору Беларусі небяспечнай. А сама Вільня забараніла прыём у літоўскіх аэрапортах і вылет з іх самалётаў, якія па маршруце руху перасякаюць паветраную прастору Беларусі.
Нагадаем, што Рада міністраў Польшчы вечарам 26 траўня прыняла забарону на выкарыстанне паветранай прасторы для авіяперавознікаў з Беларусі.
Рашэнне Саміту Еўразвязу аб забароне беларускім авіякампаніям палётаў у Еўразвяз не ўхваленае канчаткова – яго яшчэ маюць зацвердзіць міністры краінаў альянсу. Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі склікае 27 траўня тэрміновае паседжанне праз сітуацыю ў Беларусі.
МГ belsat.eu