Дэбаты да выбараў у Каардынацыйную раду. Відэа і тэкставы пераказ


Выбары ў Каардынацыйную раду пройдуць 25–27 траўня. Галасаваць прапануюць за адзін з 11 спісаў. «Белсат» зладзіў дэбаты для прадстаўнікоў спісаў: ад 21:00 паводле менскага часу паказваем і пераказваем, што яны кажуць.

У студыі збяруцца прадстаўнікі ад выбарчых спісаў, каб прэзентаваць свае праграмы і адказаць на пытанні. Вядоўцы – Ігар Кулей і Анастасія Русецкая.

У дэбатах удзельнічаюць не ўсе: спіс «Голас дыяспараў» не знайшоў чалавека, які мог бы прыйсці ў студыю ў Варшаве, а спіс «Закон і правапарадак» ранкам адхілілі ад выбараў.

Пачатак дэбатаў кандыдатаў на выбары ў Каардынацыйную раду на «Белсаце». Варшава, Польшча. 24 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Як прэзентавалі спісы

Спіс № 1 «Салідарнасць». Яўген Вільскі назваў спіс аб’яднаннем партыяў «Народная грамада» і «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (з гэтым пагаджаюцца не ўсе ў БХД), лідарамі і ідэйнымі натхняльнікамі назваў палітвязняў Міколу Статкевіча і Паўла Севярынца. На выбары ў КР ідуць, каб зрабіць КР дэмакратычнай і празрыстай структурай. Плануюць адразу стварыць камісію па справядлівасці пад кіраўніцтвам Зянона Пазняка для вяртання шкоды ад дыктатуры, стварыць базу адказных за рэпрэсіі. На перамовы з рэжымам гатовыя, калі перамоўнікамі будуць вызваленыя Севярынец і Статкевіч.

Спіс № 2 «Воля». Максім Дзенісевіч прадставіў спіс як кааліцыю парамілітарных і нацыянальна-дэмакратычных арганізацыяў, створаную удзельнікамі палка Каліноўскага (сам полк абмежаваў удзел байцоў у выбарах у КР). Дзенісевіч заявіў, што Беларусь пад гібрыднай акупацыяй, можа ў хуткім часе страціць незалежнасць. Спіс прапануе стварыць умовы для заснавання Беларускай вызвольнай арміі, заклікае дапамагаць добраахвотнікам і палітвязням.

Спіс № 3 «Еўрапейскі выбар». Валер Мацкевіч прадставіў спіс як кааліцыю лідараў меркаванняў, палітыкаў і актывістаў дзеля захавання еднасці, спынення спрэчкам і інтэграцыі Беларусі ў еўрапейскую прастору, супрацьстаяння паўстанню «жалезнай заслоны» між Беларуссю і цывілізаваным светам, ператварэнню Беларусі ў «суцяшальны прыз» Расеі. Мацкевіч казаў, што хочуць і вырашаць надзённыя пытанні беларусаў (як то рэабілітацыю беларускіх ваяроў), і набліжаць перамены ў Беларусі.

Валерый Мацкевіч, прадстаўнік спісу № 3 «Еўрапейскі выбар», падчас дэбатаў кандыдатаў на выбары ў Каардынацыйную раду на «Белсаце». Варшава, Польшча. 24 траўня 2024 года.
Фота:  Белсат

Спіс № 4 «Наша справа». Віталь Рымашэўскі назваў спіс аб’яднаннем палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, валанцёраў, добраахвотнікаў, навукоўцаў і моладзі. Галоўны лозунг: «Не – жалезнай заслоне між Беларуссю і Еўропай». Галоўнай задачай дэмакратычных сілаў лічаць лабіяванне інтарэсаў беларусаў і ўвядзенне санкцыяў для злачынцаў, адкрыццё межаў для вольных беларусаў, падтрымку беларускіх ваяроў ва Украіне. Рымашэўскі казаў, за тры гады дэмакратычныя сілы дасягнулі мала, палітвязні не вызваленыя, а ад заклікаў да санкцыяў пакутуюць простыя беларусы, а не рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Заклікаў «адмовіцца ад пражэктаў», як то «пашпарт Новай Беларусі» і план «Перамога».

Спіс № 7 «Незалежныя беларусы». Максім Шабуцкі прадставіў спіс як «каманду, якая ідзе працаваць»: некаторыя – былыя палітвязні, некаторыя змагаюцца на інфармацыйным полі, іншыя змагаліся пад Бахмутам. Шабуцкі назваў абяцанні «ахілесавай пятой» і галоўнай праблемай праціўнікаў Лукашэнкі. Ён заклікаў праціўнікаў Лукашэнкі навучыцца працаваць разам і выпрацоўваць адзіны механізм. Галоўнай задачай ён назваў ператварэнне КР у «дзейны, эфектыўны механізм».

Спіс № 8 «Блок Пракоп’ева – Ягорава». Блок беларусаў з 15 краінаў заклікае «перастаць круціцца як вавёрка ў коле», асэнсаваць сітуацыю і выправіць памылкі, бо беларусам «патрэбныя не дзеянні, а вынік». Аляксандр Кныровіч расказаў: лічыць, што чацвёртая (пасля 1918, 1991 і 2020 гадоў) спроба пабудаваць дэмакратычную народную дзяржаву будзе на гарызонце 8–10 гадоў. Ён заклікаў быць да гэтага гатовымі, мець аб’яднаную моцную дыяспару, якая будзе фінансаваць палітыкаў, што будуць адстойваць інтарэсы беларусаў.

Аляксандр Кныровіч, прадстаўнік спісу № 8 «Блок Пракоп’ева – Ягорава», падчас дэбатаў кандыдатаў на выбары ў Каардынацыйную раду на «Белсаце». Варшава, Польшча. 24 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Спіс № 9 «Каманда Латушкі і Рух „За свабоду“». Павел Латушка апісаў блок як аб’яднанне, заснаванае на адзінстве поглядаў і мэтаў, з удзелам былых палітвязняў, дзеячаў культуры, прадпрымальнікаў і іншых. Латушка назваў Лукашэнку «слабым чалавекам», які баіцца альтэрнатывы, таму заклікаў стварыць гэтую альтэрнатыву. Ён пералічыў дасягненні сваіх паплечнікаў: 6 ордараў на арышт, 500 асобаў пад санкцыямі, справы ва ўніверсальнай юрысдыкцыі і перадача матэрыялаў у Міжнародны крымінальны суд. Спіс выступае за незалежнасць, адказнасць і свабоду, супраць закрыцця межаў.

Спіс № 10 «Хопіць баяцца!». Таццяна Мартынава падкрэсліла, што чальцы руху не баяцца заставацца ва Украіне ва ўмовах вайны, «злаваць дзеда» і называць рэчы сваімі імёнамі. Мартынава заклікала не забываць прынцыпу «беларус беларусу беларус» і падтрымала спіс № 5 у рашэнні быць адхіленымі ад выбараў замест таго, каб адхіліць толькі лідара Аляксандра Азарава (які быў адказны за рассылку агітацыі за спіс праз бот плану «Перамога»). Яна заклікала Азарава пакінуць спіс, каб гэты спіс дапусцілі да выбараў пасля абскарджання.

Таццяна Мартынава, прадстаўніца спісу № 10 «Хопіць баяцца!», падчас дэбатаў кандыдатаў на выбары ў Каардынацыйную раду на «Белсаце». Варшава, Польшча. 24 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Спіс № 11 «Краіна для жыцця». Гэта прадстаўнікі аднайменнага руху, заснаванага Сяргеем Ціханоўскім у 2020 годзе. Віталь Савюк лічыць, што ў 2020 годзе «мы былі ў адным кроку ад перамогі», але цяпер – «у адным кроку ад поўнай паразы». Ён заклікаў вярнуць давер людзей, ачысціць шэрагі ад тых, хто «нажываецца на барацьбе з рэжымам, імітуе барацьбу, падвяргае небяспецы людзей, сее недавер у нашых шэрагах».

Спіс № 12 «Моладзевы наступ». Лізавета Пракопчык прадставіла спіс як «самы амбіцыйны» на выбарах. Моладзевы спіс выставіўся, каб «сказаць, што пасля вас не патоп, пасля вас – мы». Спіс хоча, каб беларусы адчулі сапраўдныя змены, а не «глядзелі, як мы разводзім рукамі». Пракопчык прызнала, што «ад нас залежыць няшмат і далёка не ўсё», але абяцала рабіць усё, што можа, бо «Беларусь заслугоўвае быць свабоднай».

Нашыя пытанні спісам

«Белсат» падрыхтаваў па адным пытанні кожнаму спісу, даў 60 секундаў на адказ.

№ 1 «Салідарнасць». Як можна змяніць залежнасць дэмакратычных сілаў ад залежнасці ад вонкавага фінансавага падтрымання? Вільскі адказаў, што фінансаванне – не мэта КР, а ў КР спіс хоча займацца рэальнай працай, прадстаўляць беларусаў, зрабіць працу КР адкрытай, лепш выкарыстоўваць магчымасці еўраінтэграцыі… На пытанне Вільскі не паспеў адказаць.

Яўген Вільскі, прадстаўнік спісу № 1 «Салідарнасць», падчас дэбатаў кандыдатаў на выбары ў Каардынацыйную раду на «Белсаце». Варшава, Польшча. 24 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

№ 2 «Воля». Як мяняць сітуацыю з малой цікавасцю беларусаў да тэмаў дэмакратычных сілаў і расчаравання ў дэмсілах? Дзенісевіч адказаў: дзеяннямі, бо ягоны спіс мае выразную праграму, якой і можна прыцягнуць народ да КР.

№ 3 «Еўрапейскі выбар». Дэкларавалі, што гатовыя заклікаць Захад да змякчэння санкцыяў пры ўмовах спынення рэпрэсіяў і вызвалення палітвязняў. Ці гэта не саступка Лукашэнку? Мацкевіч адказаў: гэта толькі адна трактоўка, бо спіс заклікае пераглядзець падыход да санкцыяў, «мы яшчэ не бачылі сапраўдных санкцыяў». Лукашэнка лёгка абыходзіць санкцыі, таму трэба карыстацца другаснымі санкцыямі супраць памагатых, гарманізаваць санкцыі адносна Лукашэнкі і Расеі.

№ 4 «Наша справа». Ці патрабуе КР рэформы? І што спіс будзе рабіць першым чынам, калі трапіць у КР? Рымашэўскі адказаў: КР патрабуе рэформы, мусіць стаць больш набліжанай да патрэбаў простых людзей. Спіс хоча зрабіць прыярытэтам стратэгію «Не – жалезнай заслоне між Беларуссю і Еўразвязам», скіраваць санкцыі выключна на адказных за рэпрэсіі і вайну, не дапусціць прыраўнання беларусаў да расейцаў.

№ 7 «Незалежныя беларусы». Спіс выступае за дзве дзяржаўныя мовы, але цяпер пры дзвюх дзяржаўных расейская мова амаль цалкам выштурхоўвае беларускую. Ці згодныя з гэтым і калі не, то як адраджаць беларускую пры роўнасці з расейскай? Шабуцкі адказаў, што чатыры гады «не жыве ў свеце ілюзіяў», а на сёння большая частка беларусаў размаўляе па-расейску, спытаць за гэта варта не яго, а тых, хто ў 1990-х прывёў Лукашэнку да ўлады. Ён лічыць, што моўнае пытанне не варта абмяркоўваць, калі ідзе вайна, а спачатку перамагчы Лукашэнку – і толькі потым паступова і дэмакратычна вырашаць моўнае пытанне.

Дэбаты кандыдатаў на выбары ў Каардынацыйную раду на «Белсаце». Варшава, Польшча. 24 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

№ 8 «Блок Пракоп’ева – Ягорава». Калі Кныровіч становіцца спікерам КР і атрымлівае непублічнае запрашэнне на кантакт з Міністэрствам замежных справаў Беларусі, ці пойдзе на кантакт і пра што будзе размаўляць? Кныровіч сказаў, што будзе размаўляць з любым, хоць з Лукашэнкам, пра праблемы беларусаў: палонных палітвязняў і іншае. КР можа ўплываць на санкцыі і выключэнне Беларусі з міжнароднай супрацы, але кошт жыцця большы за гэтыя рэчы.

№ 9 «Каманда Латушкі і Рух „За свабоду“». Спіс называў аднымі з галоўных праблемаў няроўнасць у фінансавых магчымасцях між рэжымам і апазіцыяй, а таксама адсутнасць стратэгіі па Беларусі ў Захаду. Як канкрэтна гэта змяніць? Латушка адказаў: трэба, каб партнёрамі былі рэальныя саюзнікі, якія хацелі б дыялогу. Бліжэйшым часам каманда ініцыюе польска-беларускую платформу дзеля распрацоўкі з беларускімі і польскімі экспертамі стратэгіі, якую вынесуць на разгляд ураду Польшчы – краіны, найбольш зацікаўленай у дэмакратычнай Беларусі. Да групы партнёраў Латушка заклікае далучыць Латвію і Літву, Украіну, Нямеччыну, Злучаныя Штаты.

Спіс № 10 «Хопіць баяцца!». Спіс заклікае да ўзмацнення санкцыяў – а супраць каго канкрэтна і як закрыць «дзіры»? Мартынава адказала: усе дзяржаўныя прадпрыемствы, якія працуюць на рэжым, усе заводы ваенна-прамысловага комплексу, усе чыноўнікі, усе іхныя дзеці за мяжой.

Спіс № 11 «Краіна для жыцця». Як пераадолець раскол у беларускай апазіцыі? Савюк адказаў: у Каардынацыйнай радзе новага склікання. У КР трэба знаходзіць пункты судакранання, забываць пра нязгоду.

Лізавета Пракопчык, прадстаўніца спісу № 12 «Моладзевы наступ», падчас дэбатаў кандыдатаў на выбары ў Каардынацыйную раду на «Белсаце». Варшава, Польшча. 24 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Спіс № 12 «Моладзевы наступ». Чаму спіс лічыць, што Беларусь стаіць на парозе грамадзянскай вайны? Пракопчык адказала: Беларусь з 2020 году моцна змянілася, беларусы пачалі ўспрымаць іншых беларусаў як ворагаў, побач пачалася поўнамаштабная вайна. Беларусы маюць рэальных ворагаў і хочуць іх перамагчы, але Пракопчык вельмі хоча, каб грамадзянскай вайны не адбылося.

Пытанні ад выбарнікаў

«Белсат» запісаў пытанні ад беларусаў з розных групаў, размеркаваў між спісамі выпадковым чынам. На адказ – таксама 1 хвіліна.

№ 1 «Салідарнасць». Што рабіць, калі вайна пашырыцца? Вільскі адказаў: беларусы аказаліся негатовымі да працяглага супраціву і вайны, таму можа прапанаваць толькі рыхтавацца, захоўваць сілы да з’яўлення вакна магчымасцяў.

№ 2 «Воля». Як выбары ў КР паўплываюць на беларусаў у Беларусі? Дзенісевіч сказаў адштурхоўвацца ад таго, для чаго была створаная КР: для трансферу ўлады і абароны суверэнітэту. Дзеля гэтага спіс падрыхтаваў праграму, хоча бараніць суверэнітэт і ствараць вызвольную армію.

Максім Дзенісевіч, прадстаўнік спісу № 2 «Воля», падчас дэбатаў кандыдатаў на выбары ў Каардынацыйную раду на «Белсаце». Варшава, Польшча. 24 траўня 2024 года.
Фота:  Белсат

№ 3 «Еўрапейскі выбар». Дзейнасць палітыкаў звычайна ацэньваюць па першых 100 днях працы – як зразумець, што КР на правільным шляху? Мацкевіч параіў глядзець на канкрэтныя крокі: ці будзе створаная камісія па запытах беларусаў, ці будзе праца з рэабілітацыяй ветэранаў.

№ 4 «Наша справа». Калі беларускіх вайскоўцаў тэрміновай службы пашлюць ваяваць супраць Украіны, што зробіць спіс? Рымашэўскі заклікаў тут і цяпер рабіць усё магчымае, каб не дапусціць такое злачынства. І заклікаў беларусаў не выконваць незаконныя і неканстытуцыйныя загады беларускіх уладаў, у тым ліку загад аб вайсковым злачынстве, якім ёсць уварванне ва Украіну. Загадаюць нападаць – пераходзіць на бок Украіны і вызваляць Беларусь. На думку Рымашэўскага, Лукашэнка не скіраваў войскі ва Украіну, бо ведае, што большасць паверне зброю супраць яго.

№ 7 «Незалежныя беларусы». Як папулярызаваць беларускую культуру сярод старэйшага пакалення? Шабуцкі нагадаў пра дзейныя праграмы падтрымкі культуры, і хоць не хацеў «ператварацца ў прымітыўнага Шарыкава», але заклікаў расставіць прыярытэты, калі ў Беларусі тэрор і па суседстве вайна. Заклікаў спачатку вярнуць уладу народу, затым вырашаць такія пытанні.

№ 8 «Блок Пракоп’ева – Ягорава». Што рабіць, калі беларусам перастануць, як нібы плануюць, аддаваць на рукі школьныя атэстаты, каб тыя не з’язджалі вучыцца за мяжу? Кныровіч адказаў, што КР ужо мела камісію па адукацыі і можа працаваць з краінамі, куды едуць вучыцца беларускія студэнты. А менавіта, заклікаць прымаць беларускіх абітурыентаў у ВНУ без такіх атэстатаў.

Павел Латушка, прадстаўнік спісу № 9 «Каманда Латушкі і Рух «За свабоду», падчас дэбатаў кандыдатаў на выбары ў Каардынацыйную раду на «Белсаце». Варшава, Польшча. 24 траўня 2024 года.
Фота:  Белсат

№ 9 «Каманда Латушкі і Рух „За свабоду“». У чым сэнс санкцыяў, калі ад іх пакутуе не Лукашэнка, а звычайныя беларускія бізнесоўцы і працоўныя? Латушка адказаў: санкцыі раней ужо прыводзілі да вызвалення палітвязняў у Беларусі. Цяпер праблема не толькі ў палітвязнях, а і ў саўдзеле Лукашэнкі ў вайне, у міграцыйным крызісе і захопе самалёту, у тактычнай ядравай зброі. Толькі санкцыямі гэта не вырашыць, але санкцыі – інструмент, да якога трэба дадаць інстытут, які не дазволіць «вырашаць за нас без нас».

Спіс № 10 «Хопіць баяцца!». Як чалавеку ў Беларусі даведацца, што КР наогул існуе і дзейнічае? Мартынава паабяцала настойваць на тым, каб усе паседжанні КР ішлі ў жывым эфіры. Калі прапанову не падтрымаюць, абяцала пераказваць паседжанні на сваіх каналах. І дадала: калі беларусы не прагаласуюць масава на выбарах у КР, то і сэнсу ад КР не будзе.

Спіс № 11 «Краіна для жыцця». Што рабіць, каб у выпадку пераменаў у Беларусь вярнуліся сотні тысяч тых, хто з’ехаў? Савюк адказаў: з IT-спецыялістамі праблемаў не будзе, большасць вернецца. Але з людзьмі іншых прафесіяў – сумна ўздыхнуў і прызнаў: ёсць разуменне, што такіх вернецца значна менш.

Спіс № 12 «Моладзевы наступ». Якой будзе сістэма стрымак і супрацьвагаў, калі прадстаўнікі выканаўчай улады (Аб’яднанага пераходнага кабінету) трапяць у прадстаўнічую ўладу (КР)? Пракопчык расказала, што ўвесь мінулы год ейная каманда спрабавала наладзіць каардынацыю між АПК і КР, праз гэта не змаглі нармальна дамовіцца пра выбары ў КР. Яна асабіста выступае супраць таго, каб «міністры» АПК былі ў КР.

Вядоўцы Ігар Кулей і Анастасія Русецкая падчас дэбатаў кандыдатаў на выбары ў Каардынацыйную раду на «Белсаце». Варшава, Польшча. 24 траўня 2024 года.
Фота:  Белсат

Пытанні апанентам

Конжаму з прадстаўнікоў спісаў «Белсат» даў па два пытанні апанентам з іншых спісаў. На пытанне паўхвіліны, на адказ хвіліна.

Вільскі пытаў Мацвевіча пра тое, калі можна будзе атрымаць «Пашпарт новай Беларусі». Мацкевіч расказаў, як адбываецца працэс ухвалення праекту партнёрамі і запэўніў, што каманда працуе над тым, каб было прынятае кансалідаванае рашэнне ў Еўразвязе.

Дзенісевіч пытаў Савюка, ці праўда, што той адсядзеў паводле двух крымінальных артыкулах, не звязаных з палітыкай. Савюк прызнаў, што так было, але нагадаў, што палітвязняў Алеся Бяляцкага і Віктара Бабарыку таксама фармальна пасадзілі не паводле палітычных артыкулаў.

Мацкевіч пытаў Рымашэўскага пра санкцыі, чаму той выступае супраць гарманізацыі санкцыяў. Рымашэўскі абяцаў выступаць супраць прыраўнання беларусаў да расейцаў, якім зачыняюць межы і не даюць візаў. Каб забараніць Лукашэнку падтрымліваць вайну, ёсць персанальныя санкцыі і санкцыі супраць экспарту прадуктаў падвоенага прызначэння, дадаў ён.

Рымашэўскі спытаў Латушку, ці гатовы той адмовіцца ад патрабавання гарманізацыі санкцыяў адносна Беларусі і Расеі, бо гэта поўная ізаляцыя Беларусі і знак роўнасці між беларусамі і расейцамі. Латушка адказаў, што гэта «хлусня, палітыканства і неразуменне таго, што такое санкцыі і захады бяспекі». Закрыццё межаў і праблемы з візамі – гэта не санкцыі. Санкцыі – гэта эканамічныя і персанальныя абмежаванні. Адкрыць Беларусь для паставак мікрасхемаў – значыць дапамагаць Расеі ў стварэнні ракетаў, якімі забіваюць украінцаў. І спіс Латушкі выступае за адкрытую мяжу для звычайных беларусаў, лабіюе гэта сярод палітыкаў.

Лізавета Пракопчык, прадстаўніца спісу № 12 «Моладзевы наступ», падчас дэбатаў кандыдатаў на выбары ў Каардынацыйную раду на «Белсаце». Варшава, Польшча. 24 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Шабуцкі пытаў Пракопчык: калі ехаў у полк Каліноўскага, у ягонай групе было звыш 60 % людзей, маладзейшых за 25 – ці не забылі пра такіх у «Моладзевым наступе»? Пракопчык адказала: не забылі, асабіста ў яе шмат сяброў прайшлі праз вайну ці ваююць цяпер. Не можа абяцаць персанальную дапамогу менавіта ім, але ўдзельнічае ў арганізацыях, якія дапамагаюць ваярам і ў прыватнасці палку Каліноўскага. І праз тое, што вайна кладзецца на плечы моладзі, спіс выказваецца супраць вайны ў Беларусі.

Кныровіч пытаў Мацкевіча: спіс «Еўрапейскі выбар» выглядае як «спіс Ціханоўскай» і мае шмат чальцоў ейнай каманды, дык чаму сама Святлана Ціханоўская за месяц так і не заклікала беларусаў галасаваць на выбарах у КР? Мацкевіч заклікаў «дзейнічаць адзіным кулаком і не ствараць паралельныя цэнтры сілы». У спісе, дадаў ён, меншасць звязаныя з офісам Ціханоўскай, і з камандай Ціханоўскай звязаныя людзі і ў іншых спісах. Чаму Ціханоўская не заклікала галасаваць, ён не паспеў адказаць.

Латушка звярнуўся да Мацкевіча і падтрымаў Кныровіча: чаму Ціханоўская не падтрымала выбары ў КР? Мацкевіч падкрэсліў: спіс не прадстаўляе Ціханоўскую, ейныя Офіс ці Кабінет. Ён выказаў такое меркаванне: Ціханоўская мусіць падтрымліваць сам працэс і ўсе спісы аднолькава, таму як нацыянальная лідарка не мусіла займацца адвакацыяй працэсу выбараў.

Мартынава пытала Латушку аб тым, як ён казаў, што мусіць быць тры цэнтры сілы: Офіс, Кабінет і Рада. Ці мусяць чальцы Кабінету выйсці з яго, калі пройдуць у Раду? Латушка адказаў: кожны грамадзянін Беларусі, незалежна ад пасады, мусіць мець права ўдзельнічаць у выбарах. Ён прывёў у прыклад краіны, дзе дэпутаты з’яўляюцца міністрамі і нават прэм’ер-міністрамі: Польшчу і Чэхію. КР, дадаў ён, мусіць уплываць на фармаванне АПК, і тады не будзе дыскусіяў пра тое, хто «перацягвае коўдру».

Таццяна Мартынава, прадстаўніца спісу № 10 «Хопіць баяцца!», падчас дэбатаў кандыдатаў на выбары ў Каардынацыйную раду на «Белсаце». Варшава, Польшча. 24 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Савюк пытаў Дзенісевіча, як ён ставіцца да таго, што чальцы спісу «Воля» карыстаюцца паслугамі паліграфолага Сяргея Малікава, чыё імя з’явілася ў «базе даносаў» (што менавіта ён пісаў, у базе не захавалася: высылаў нейкі файл), атрымліваў граматыт ад УУС, а таксама ездзіў у Беларусь, калі ўжо правяраў палітыкаў на паліграфе? Дзенісевіч адказаў, што гэта пытанне да тых, хто карыстаўся паслугамі Малікава. Граматы Малікава «не звязаныя з агентурнай дзейнасцю», запэўніў ён, а зварот Малікава быў за вызваленне Бабарыкі.

Пракопчык пытала Латушку: у 2006 годзе радыё «Свабода» пісала, што ён пагражаў «даць у морду» журналісту, і гэта яна можа прабачыць, але ці гатовы Латушка выбачацца перад беларусамі за «адбельванне рэпутацыі Лукашэнкі»? Латушка адказаў, што выбачаўся ўжо не аднойчы, а ўжо чатыры разы. Ён апраўдваўся, што за час працы ва ўрадзе Лукашэнкі дамогся адкрыцця пасля рэстаўрацыі Нясвіжскага палацу і Мірскага замку, адкрыцця помніка Уладзіміру Караткевічу ў Кіеве і манументаў беларусам у Беларусі, заснавання нацыянальнай тэатральнай і музычнай прэміі, збору залатой калекцыі беларускай песні… Рабіў тое, што лічыў важным для беларускай культуры і адзіным беларускамоўным міністрам культуры. А са згаданым журналістам не аднойчы размаўляў пазней, у тым ліку ў жывых эфірах, ціснулі аднаму руку.

Вільскі пытаў Кныровіча пра тое, што прадстаўнікі ягонага блоку заклікаюць на сустрэчах з дыяспарамі не мець справаў са «старой апазіцыяй», у тым ліку Статкевічам і Севярынцам. Кныровіч адказаў, што на такіх сустрэчах не прысутнічаў. Але дадаў, што нельга недаацэньваць ролю такіх людзей, як Статкевіч і Севярынец. Ён выказаў здагадку, што прадстаўнікі спісу маглі казаць мець справы з тымі, хто працуе з рэальнымі праблемамі, не маглі казаць гэта без павагі да ахвяраў згаданых.

Дзенісевіч пытаў Шабуцкага, як той ставіцца да будучых беларуска-расейскіх стасункаў. Шабуцкі сказаў, што сённяшнія дзеянні Расеі «не падвяргаюцца ніякай трактоўцы з гледзішча міжнароднага права і здаровага сэнсу», але ў будучыні Беларусі трэба «кіравацца стратэгічнымі інтарэсамі краіны, а не інтарэсамі асобных палітыкаў». Беларуская эканоміка моцна інтэграваная ў расейскую, імгненна разарваць усе эканамічныя і гаспадарчыя сувязі – гэта прывесці Беларусь да дэфолту.

Пустыя сталы удзельнікаў дэбатаў на выбары ў Каардынацыйную раду на «Белсаце». Варшава, Польшча. 24 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Мацкевіч пытаў Кныровіча пра праграму спісу: будаўніцтва палітычнага цэнтру сілы і скасаванне лішніх сутнасцяў. Кныровіч растлумачыў: у нармальным дэмакратычным грамадстве ёсць шмат пластоў – грамадскія аб’яднанні, заканадаўчая, выканаўчая і судовая ўлада. У цяперашніх умовах беларусам патрэбныя КР як прадстаўнічы орган і АПК або нешта іншае як выканаўчы, гэтага дастаткова.

Рымашэўскі хацеў спытаць гэта ва ўсіх, але адрасаваў пытанне Савюку: ці гатовы спіс «Краіна для жыцця» падтрымаць ініцыятыву спісу «Наша справа» па звароце да польскіх уладаў супраць зачынення межаў для простых беларусаў? Савюк сказаў, што трэба спачатку добра азнаёміцца з гэтым зваротам, але агулам – нельга рабіць «жалезную заслону» між Беларуссю і Еўропай, вырашыць праблемы з візамі ў простых беларусаў у той час, як звязаныя з рэжымам бізнесоўцы спакойна ездзяць у Еўропу па вугорскіх візах.

Шабуцкі перадаў Латушку пытанне ад чалавека, якога ў аўтазаку зрабілі інвалідам: «Што мы будзем рабіць з АМАП-ам?». Латушка адказаў, што як юрыст па адукацыі сыходзіць з прыярытэту закону і права, злачынцаў трэба прыцягваць да адказнасці. Калі ёсць доказы, вінаватыя будуць адказваць адпаведна закону.

Кныровіч пытаў Латушку аб прапанове дамовы за шчырыя і сумленныя выбары, значным адрыве спісу Латушкі ў мінулым апытанні ад «Белсату» і тым, як Латушка «адчувае сябе ў гарнітуры ад Лукашэнкі». Латушка адказаў, што не носіць «гарнітур ад Лукашэнкі», на магчымыя накруткі апытанняў не варта звяртаць увагі, а вынікаў выбараў у КР яшчэ ніхто не ведае. Калі спіс пройдзе ў КР, то гатовы заключаць пагадненні і кааліцыі з тымі, хто гатовы падтрымаць стратэгію спісу: прыцягненне Лукашэнкі да адказнасці і ліквідацыя рэжыму.

Латушка спытаў Кныровіча, чаму ягоны блок не называецца блокам Кныровіча, калі Вадзіма Пракоп’ева і Андрэя Ягорава ў выбарчай кампаніі не відаць. Кныровіч сказаў, што Латушка пытае гэта не ў першы раз, але блок – не двух асобаў з назвы, а спіс з 35 роўных між сабой асобаў. Ён таксама падкрэсліў, што за правядзенне выбараў трэба падзякаваць Ягораву, а Пракоп’еў таксама «робіць сваю працу».

Павел Латушка адказвае на пытанне Аляксандра Кныровіча падчас дэбатаў кандыдатаў на выбары ў Каардынацыйную раду на «Белсаце». Варшава, Польшча. 24 траўня 2024 года.
Фота:  Белсат

Мартынава не скарысталася правам на другое пытанне: задалася пытаннем, чаму прыліпае нагамі да падлогі студыі.

Савюк спытаў Пракопчык, ці лічыць тая, што ў беларускай апазіцыі ёсць прарасейскія сілы. Пракопчык назвала такімі Лукашэнку і пралукашэнкаўскую партыю ЛДПБ, але арганізацыі, якія знаходзяцца ў эміграцыі і якія часам называюць прарасейскімі, насамрэч прабеларускія і хіба адрозніваюцца ад ідэалагічнага мэйнстрыму. Пра свой спіс «Моладзевы наступ» яна запэўніла: спіс прабеларускі, выступае за беларускую мову і культуру як каштоўнасць, за скасаванне інтэграцыйных дамоваў з Расеяй.

Пракопчык спытала Дзенісевіча: раз кажуць аб стварэнні Вызваленчай арміі, колькі каштуе апрануць і ўзброіць аднаго ваяра, дзе ўзяць грошы і колькі людзей забяспечыць? Дзенісевіч адказаў: на добрага жаўнера ў сярэднім трэба каля 2000 долараў, а колькасць залежыць ад таго, пад якія задачы ствараюцца падраздзяленні. Спіс ідзе ў КР, каб атрымаць легітымнасць на здабыванне сродкаў на гэта, бо ведае шмат афіцэраў, якія застаюцца ў беларускім войску і падтрымаюць ідэю Беларускай вызвольнай арміі, а ў людзей за кратамі адна надзея на ўзброены супраціў.

Фінальныя прамовы

«Белсат» даў прадстаўнікам блокаў па 30 секундаў на падсумаванне дэбатаў.

Спіс № 1 «Салідарнасць». Яўген Вільскі нагадаў, што ягоны блок – спіс партыяў Севярынца і Статкевіча, якія ўсё жыццё паклалі на тое, каб Беларусь стала свабоднай, незалежнай еўрапейскай краінай.

Спіс № 2 «Воля». Максім Дзенісевіч сказаў, што воля не даецца пры нараджэнні і не падае з нябёсаў, а здабываецца ў барацьбе, да якой трэба рыхтавацца.

Спіс № 3 «Еўрапейскі выбар». Валер Мацкевіч пачуў на дэбатах, што спісы выступаюць за адно і тое ж, але па-рознаму бачаць, як наблізіць перамены і вызваліць закладнікаў, а выбары ў КР маюць паказаць, у які спосаб беларусы вераць больш.

Дэбаты кандыдатаў на выбары ў Каардынацыйную раду на «Белсаце». Варшава, Польшча. 24 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Спіс № 4 «Наша справа». Віталь Рымашэўскі заклікаў галасаваць свой спіс тых, хто не лічыць, што «Беларусь не раўно Расея», што нельга ўводзіць аднолькавыя санкцыі супраць беларусаў і расейцаў, ставіць «жалезную заслону» між беларусамі і Еўразвязам.

Спіс № 7 «Незалежныя беларусы». Максім Шабуцкі папрасіў іншых прысутных вучыцца працаваць адно з адным, бо калі людзі сядзяць у турмах і трывае тэрор, высокая цана адказнасці.

Спіс № 8 «Блок Пракоп’ева – Ягорава». Аляксандр Кныровіч сказаў: «Хопіць сябе шкадаваць». Заклікаў перастаць лічыць сябе ахвярамі Лукашэнку ці абставінаў. Сказаў, «беларусы – героі», а ён бачыць шлях ад дэпрэсіі і разгубленасці да новага знаходжання сябе.

Спіс № 9 «Каманда Латушкі і Рух «За свабоду«». Павел Латушка расказаў, што бацька выхаваў яго беларусам, што для яго няма больш дарагога слова за «Беларусь», таму ён хоча зрынуць рэжым Лукашэнкі. Ён заклікаў галасаваць за свой спіс тых, хто падтрымлівае ордар на арышт Лукашэнкі і разгляд справы Беларусі ў Міжнародным крымінальным судзе, і тых, хто не хоча ператварэння Беларусі ў Паўночную Карэю.

Спіс № 10 «Хопіць баяцца!». Таццяна Мартынава сказала, што вернецца ва Украіну, бо верыць, што Украіна дапаможа Беларусі ў «зацягне» беларусаў у свабодны мір, але не верыць тым, хто ездзіць ва Украіну «наездамі».

Спіс № 11 «Краіна для жыцця». Віталь Савюк падкрэсліў, што спісу галоўная не колькасць галасоў на выбарах, а бяспека людзей у Беларусі. Ён заклікаў тых, хто хацеў бы галасаваць за спіс з тэрыторыі Беларусі, не галасаваць з меркаванняў бяспекі.

Спіс № 12 «Моладзевы наступ». Лізавета Пракопчык заявіла, што ейны спіс працуе не на адно-два прозвішчы, а на працу на вызваленне Беларусі.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў