Суддзя суда Першамайскага раёну Віцебску Міхаіл Юрчанка не стаў караць за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у сацсетцы нарадзінца Расеі, беспрацоўнага жыхара Віцебску Эдуарда Тарканоўскага, паведамляе «Віцебская вясна». Міліцыянты, якія завялі справу, не змаглі даказаць віну маладога чалавека, вырашыў суд.
Рашэнне суда было прынятае 27 снежня. Упершыню адміністратыўная справа супраць Тарканоўскага была разгледжаная суддзём Юрчанкам месяцам раней, 27 лістапада, і была адпраўленая на дапрацоўванне.
Міліцыя абвінаваціла Эдуарда ў тым, што ён з 2020 года быў падпісаны на шэсць тэлеграм-каналаў, якія ўлады занеслі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Сваёй віны віцябчук не прызнаў.
Заслухаўшы аргументы Тарканоўскага і даследаваўшы доказы, якія змяшчаліся ў матэрыялах справы, суддзя прыйшоў да высновы, што пакараць мужчыну ў межах ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ немагчыма, «бо прадстаўленыя суду доказы адназначна і бясспрэчна не пацвярджаюць факту ўчынення адзначанага правапарушэння».
У Беларусі 170 «экстрэмісцкіх фармаванняў», 62 з іх атрымалі такі статус у 2023 годзе.
Марыя Міхалевіч belsat.eu