Падрыхтаваныя, напружаныя, звыклыя… Што думаюць украінцы, якія жывуць у гарадах на мяжы з Расеяй і «ДНР»


Пуцін прызнаў незалежнасць «ЛНР» і «ДНР». Захад адрэагаваў чарговымі пагрозамі санкцыяў. Украінскія палітыкі заклікаюць захоўваць спакой і кажуць, што да ўсяго гатовыя. Расказваем, што думаюць звычайныя ўкраінцы.

Сумы

Горад Сумы – абласны цэнтр з 258 тысячамі жыхароў у менш як 30 км ад мяжы з Курскай вобласцю Расеі наўпрост ці ў 50 км па дарозе. Шэф-рэдактар навінаў каналу «Суспільне Суми» Андрэй Крамчанкоў кажа «Белсату»: хоць не можа адказваць за ўсіх гараджанаў, бо не праводзіў сацыялагічнага даследавання, але бачыць, што панікі няма, а звычайнае жыццё трывае.

«Я думаю, што людзі проста звыклі, – разважае ён. – Я думаю, што гэта такі фаталізм: будзе як будзе.

Але ў нас украінскае грамадства яшчэ з 2014 года фактычна падзялілася на дзве асобныя краіны. Краіна, якая ваюе, сядзіць на акопе і ў бліндажы або валанцёрыць ці скідваецца на валанцёрства. І асобная частка грамадства, якая не ваюе, якая стамілася ад вайны і не бярэ ўдзелу. Між гэтымі краінамі пакт аб ненападзе, адна адну не чапаюць».

Які падзел у адсотках, ён не ведае, але бачыць: тая частка, якая ваюе, рыхтуецца да магчымай расейскай агрэсіі, а тая, што не ваюе, не ўцякае на захад і не раскупае тушаніну і макароны, «як не заўважала вайны, так і не хоча заўважаць».

Дырэктар амерыканскай інвестыцыйнай кампаніі і кіраўнік бізнес-цэнтру ў Сумах Ягор Губенка пацвярджае: панічных настрояў у горадзе няма: чэргаў па запалкі і грэчку або чэргаў у банкаматы няма. Але людзі разумеюць пагрозу, акрамя «асабліва адбітых, якія лічаць, што ўсё цудоўна», што галоўнае – «вясной ім бульбу садзіць». У кожнага ёсць свой план дзеянняў, які залежыць ад магчымасцяў: хтосьці ўступае ў Тэрытарыяльную абарону, хтосьці перадусім думае, як перавезці сям’ю.

«Людзі падрыхтаваныя, людзі не панікуюць – гэта асноўны наратыў, які ёсць у нас у горадзе», – кажа ён пра Сумы.

Што да бізнесу, то за мінулыя месяц-два ў ягоным цэнтры не было такіх арандатараў, якія сказалі б, што зачыняюцца, бо магчымая вайна. Краіна жыве ў рэаліях вайны ўжо 8 гадоў, кажа ён, і інфармацыйныя нагоды «трыгераць, калі чытаеш, а потым за 5-10 хвілін, калі аналітычна падумаеш, дык глядзіш: нічога не змянілася». Людзі выязджаюць на працу ці адпачынак – і вяртаюцца.

У 2014 годзе было страшна, бо фактычна не было арміі і паліцыі, не было зброі, згадвае Губенка. Тады ён ініцыяваў «Аўтамайдан» у Сумах, потым займаўся валанцёрскай дзейнасцю. Тады людзям на фронт збіралі каскі і бронекамізэлькі, адзежу. Цяпер дапамога арміі ўжо не такая: збіраюць больш спецыялізаваныя рэчы, як то маскавальныя сеткі ці лічбавыя прылады або нечаканыя прысмакі-пачастункі.

Губенка знаходзіць пазітыўны бок у тым, што калі раней за мяжой хтосьці сумняваўся, ці не грамадзянская вайна ва Украіне, то давядзецца прызнаць, што «чорнае гэта чорнае, а не трошачкі шэрае і недзе белае».

Харкаў

Харкаў, у якім жыве 1,43 млн чалавек, таксама ў 30 км ад мяжы з Расеяй – блізу Белгародскай вобласці. Харкаўская праваабаронца Марыя Ясяноўская расказвае, што ў горадзе «калі не чытаць навінаў, усё выглядае як заўсёды». Хіба па горадзе стала ездзіць больш машынаў «хуткай дапамогі»: магчыма, нервы ў людзей не вытрымліваюць.

«Выглядае, нібы ўсё нармальна, усё як заўсёды, але вельмі моцна адчуваецца агульная напружанасць», – апісвае яна Харкаў.

У Харкаве таксама ёсць як тыя, хто запісваецца ў Тэрытарыяльную абарону і рыхтуецца да вайны, так і тыя, хто думае пра ад’езд, але куды менавіта ехаць – незразумела. Эмоцыі ідуць хвалямі ад спакою да панікі – і назад. Які настрой пераважае, сказаць цяжка: горад вялікі. Людзі не кажуць у азначэннях «будзе вайна» ці «не будзе вайны»: пытанне ў тым, ці зачэпіць баявымі дзеяннямі непасрэдна Харкаў.

Ці засталіся тыя, хто чакае, што «прыйдзе Пуцін і ўратуе»? Ясяноўская кажа, што публічных акцыяў ці выступаў з такімі словамі няма – хіба на кухнях такое хтосьці можа казаць. А ёсць акцыі на падтрымку Украіны, нядаўна быў буйны марш за еднасць Украіны.

Краматорск

Краматорск – цяперашні адміністратыўны цэнтр Данецкай вобласці. У горадзе жыве 150 тысяч чалавек, ад яго да «ДНР» цяпер 70 км. Але вясной 2014 годзе горад бралі байцы «ДНР», у сярэдзіне лета 2014-га іх выгналі Узброеныя сілы Украіны. Каардынатар Цэнтру грамадзянскага кантролю «Дій-Краматорськ» Андрэй Раманенка расказвае: цяпер там меркаванні не такія, як на лініі размежавання – хутчэй такія ж, як у Кіеве. Але жыхары Краматорска добра ведаюць, што такое «ДНР», бо адтуль у горад прыязджаюць, каб атрымаць пенсіі.

«Тут вельмі разнастайнае насельніцтва, – тлумачыць ён. – Нельга адмаўляць, што нехта ёсць, хто радуецца, што ўсё гэта адбываецца, і ўсе гэтыя гады чакаў вяртання гэтых «народных рэспублік». Ёсць тыя, хто вельмі хвалюецца і спрабуе з’язджаць, але я не магу сказаць, што горад спусцеў, што стала менш машынаў. Гэта не масавыя панічныя настроі. Але ёсць людзі, якія разумеюць пагрозу, хтосьці плануе, куды эвакуяваць сям’ю. У каго ёсць магчымасць, запісваюцца ў войска ці Тэрытарыяльную абарону».

З апошнім нечаканая праблема: Тэрытарыяльная абарона Данецкай вобласці запоўненая на 70 %, у сацсетках масава пішуць, што хацелі б запісацца, а не здолелі, бо там усё запоўнена, пераказвае Раманенка.

«І ёсць група людзей, якіх я б назваў большасцю: яны не заўважылі, што нешта змянілася, альбо спрабуюць рабіць выгляд, што нічога не змянілася», – кажа Раманенка пра Краматорск.

У Краматорску людзі на ўласныя вочы бачаць, што ўкраінская армія ўжо зусім не такая, якой была ў 2014 годзе. У 2014-15 гадах, калі пасля вызвалення вялікай часткі тэрыторыі фронт пачаў крыху адкатывацца назад, згадвае Раманенка, «тады настрой быў значна больш нервовы».

Марыупаль

Ад цэнтру Марыупаля да тэрыторыі, падкантрольнай «ДНР», менш за 20 км, а ад ускраіны гораду – усяго 10 км. Вясной 2014 года горад узялі байцы «ДНР», але ў пачатку лета ўкраінская армія выгнала іх. Цяпер там жыве звыш 430 тысяч чалавек. Галоўны рэдактар Марыупальскай тэлевізіі Уладзімір Селіванаў упэўнена кажа, што апошнія гады тры, дзякуючы працы вайскоўцаў і сілавікоў, гэта «самы бяспечны горад Украіны», сістэма бяспекі на вельмі высокім узроўні.

У горадзе людзі жывуць спакойна, усе працуюць і вучацца, «парадак поўны», кажа ён, і нават здзіўляецца пытанню пра настроі ў Марыупалі. За апошнія дні ён не заўважыў зменаў. І нават няма запыту на інфармацыю пра тое, дзе бамбасховішчы або як і куды ўцякаць з гораду. Людзей хвалюе праца транспарту або дыстанцыйнае навучанне ў школах праз каронавірус. Людзі звыклі да спакойнага жыцця, давяраюць гарадскім уладам.

«Я не бачыў, каб хтосьці панікаваў, быў раздражнёны, хваляваўся, сумняваўся, мяняў нейкія планы, – расказвае галоўны рэдактар Марыупальскай тэлевізіі. – Ёсць элемент згуртавання, падтрымкі адзін аднаго, але элементы хвалявання – я не сустракаў».

Журналіст робіць агаворку: можа, у яго такое кола стасункаў, але гэтае кола ў яго даволі шырокае і вельмі разнастайнае. І такіх, хто казаў бы «паглядзіце на мапу, там пад горадам такое», сустракаць не даводзіцца.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў